
Адно з пытанняў, якое я задаю кожнаму свайму госцю ў тэлевізійным праекце “Суразмоўцы”, гучыць так : “Што вы зараз чытаеце?” Адказы самыя розныя, і абсалютная большасць суразмоўцаў называе разнастайных аўтараў і кнігі – ад класікі да сучасных выданняў. І гэта вельмі цікава чуць, бо ў многім тое, што чытае чалавек, можа больш расказаць пра яго асобу, чым цэлыя вялікія расповяды і даследаванні.
Жыццё з кнігай… Для многіх з нас гэта не забава, не запаўненне часу, калі няма чым больш заняцца, гэта патрэба акунуцца ў чароўны свет вобразаў і ідэй, роздум над сутнасцю быцця, шкала маральных каштоўнасцяў, якая заклікана фарміраваць або ўдасканальваць асобу.
У гады майго дзяцінства і юнацтва адной з галоўных прыкмет вартасці асобы была наяўнасць у яго хатняй бібліятэкі. І мець дома кніжную паліцу ці хоць сціплую этажэрку імкнуліся не толькі людзі, звязаныя з інтэлектуальнай працай, а і тыя, хто, магчыма, меў іншыя прафесіі і заняткі, і нават тыя, чый сямейны дабрабыт быў досыць сціплы.
Сёння часам у шыкоўных кватэрах, абстаўленых супермоднай мэбляй, цяжка адшукаць хаця б адну мастацкую кнігу. І справа нават не ў тым, чытаюць ці не чытаюць кнігі гаспадары, размова ідзе пра тое, што самы дасканалы і каштоўны скарб чалавецтва страчвае сваю павагу і значнасць сярод людзей.
Кнігі палілі на вогнішчах як самую страшную атруту, за іх аўтары, выдаўцы і распаўсюджвальнікі неслі суровае пакаранне, а сёння на сметніках можна знайсці каштоўныя і непаўторныя ў сваёй значнасці томікі, выкінутыя іх гаспадарамі, якія ж, пэўна, і трымалі іх дома толькі “дзеля мэблі”.
Для мяне чалавек, які не чытаў ці не чытае мастацкую літаратуру, варты жалю і шкадавання. Бо ўслед за класікам я магу сказаць, што кнігам я абавязаны ўсім, што маю ў душы, чым жыву, у што веру. Яны былі для мяне галоўнымі настаўнікамі і дарадцамі, прывілі тыя маральныя каштоўнасці, якімі даражу.
Безумоўна, сённяшняе вірлівае, напоўненае імклівымі падзеямі і шматлікімі клопатамі жыццё з неверагодным аб’ёмам розных тэхналагічных прылад, мабільнай і камп’ютэрнай сістэмамі, пакідае менш часу для ўдумлівага чытання, асалоды суперыжывання з любімымі літаратурнымі героямі.
Ды ўсё ж страта гэтага духоўнага і інтэлектуальнага занятку нясе куды большую небяспеку для асобы, чым самыя небяспечныя вірусы. І вынікі гэтай бездухоўнасці і неадукаванасці мы, на жаль, бачым усё часцей.
Таму тыя захады і высілкі многіх энтузіястаў, аматараў чытання, выклікаюць безумоўную павагу і падтрымку.
Усё часцей мы чуем пра розныя кніжныя фэсты і праекты, сустрэчы з папулярнымі аўтарамі, кірмашы і выставы.
Дарэчы, адно з такіх мерапрыемстваў адкрываецца заўтра ў на адной з пляцовак сталіцы, дзе пройдуць майстар-класы для мастакоў, блогераў, крытыкаў, чытанні з удзелам вядомых беларускіх артыстаў, літаратурныя інтэлектуальныя гульні і г.д.
Чым больш такіх сустрэч, чым больш зацікаўленых асоб гэтым будзе займацца, тым хутчэй у грамадстве вернецца ўвага да чытання, да высокай духоўнасці.
Як сказала адна з аўтараў і куратараў аднаго з такіх праектаў, чытанне ці збіранне кніг не самыя кепскія звычкі.
І з гэтым можна толькі пагадзіцца.