
Прэзентацыя гэтай кнігі, якая адбылася днямі ў сталічным Доме дружбы, стала не толькі падзеяй культурнага жыцця горада, а таксама важкім міжнародным мерапрыемствам, якое аб’яднала дыпламатаў і дзеячаў культуры Беларусі і Кыргызстана.
Бо прысвечана яна была 90-годдзю славутага класіка савецкай і кіргізскай літаратуры Чынгіза Айтматава і дваццаціпяцігоддзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кыргызскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь.
І не толькі таму, што народны пісьменнік Кіргізіі быў слынным дыпламатам, першым паслом сваёй незалежнай суверэннай краіны ў краінах Бенілюкса, перш за ўсё ён быў выдатным пісьменнікам, творы якога любілі і цанілі ва ўсіх савецкіх рэспубліках і за мяжой.
Нездарма Герой Сацыялістычнай Працы насіў таксама і высокае званне народнага пісьменніка Казахстана, быў галоўным рэдактарам савецкага часопіса “Иностранная литература”, лаўрэатам Ленінскай прэміі, яго творы на рускай і кіргізскай мовах перакладаліся на самыя розныя мовы свету.
Выдатны раман класіка “Буранный полустанок” (бел. “Буранны паўстанак”) на беларускую мову пераклаў пісьменнік Міхась Стральцоў.
І вось гэтая кніга з цудоўнымі ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча пабачыла свет у выдавецтве “Народная асвета”. Гэта ўжо другое выданне рамана, якое прыйшло да чытача з савецкіх часоў.
І гэта сапраўды падзея, бо выдатныя творы не старэюць, а мудрасць і шчырасць сапраўдных майстроў пяра актуальныя ў любыя часы.
І галоўны герой твора “Буранны паўстанак” Едыгей – увасабленне сапраўднага гуманізму, сумленнасці і шчырасці.
І далёкі, закінуты ў бяскрайнім стэпе паўстанак становіцца блізкім і знаёмым усім чытачам твора як цэнтр сусвету, як крыніца сапраўдных чалавечых каштоўнасцей.
Пра гэта гаварылі падчас прэзентацыі дыпламаты, дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі, дзеячы культуры.
Сапраўды, здавалася б, наколькі розныя краявіды, у якіх адбываецца дзеянне рамана, у параўнанні з нашымі, розныя мовы, розныя звычаі і традыцыі, а думкі, памкненні, трывогі і клопаты блізкія, сугучныя.
Узяць, да прыкладу, легенду пра манкуртаў, якая з’яўляецца адным з ключавых эпізодаў рамана.
“Манкурт не ведаў, хто ён, якога роду-племені, не ведаў свайго імя, не памятаў дзяцінства, бацькі і маці. Ён быў каштоўны тым, што не меў памяці, таму варты быў ён дзесяці звычайных нявольнікаў.”
Пасля гэтага ўрыўка з рамана слова “манкурт” стала азначаць для ўсіх людзей таго, хто забыўся на родную мову, уласную гісторыю і культуру. Такія манкурты, на жаль, ёсць і сёння сярод нас, у любога народа, любой краіне.
Што ж, праходзіць час, і мы разумеем, што Айтматаў працягвае жыць у нашых сэрцах, вучыць нас паважаць глыбокія пачуцці звычайных людзей, вучыць несці ў сабе праўду і справядлівасць.
І мы па-беларуску можам мець асалоду жывіцца гаючым словам пісьменніка, адчуваць душы людзей, якія вераць у дабрыню, у светлыя пачуцці, якія спавядаюць высокую любоў і вернасць.
Гэта нам патрэбна зараз, калі свет скаланаюць войны і жорсткія супрацьстаянні, калі падымаюць галовы прыхільнікі нялюдскіх ідэй, сеючы варажнечу паміж народамі.
Айтматаў не толькі творчасцю, усім сваім жыццём змагаўся за мір, за высокія гуманістычныя ідэалы. І сёння са старонак яго твораў гучыць запавет змагацца за злом, любіць Радзіму, беражліва захоўваць наш агульны дом – планету Зямля.
І гэтым ён дарагі нам, у якой краіне, на якой частцы зямнога шара мы б ні жылі.