
Масквіч Аляксей Шапавалаў беларускіх каранёў не мае, але мова беларуская стала для яго не толькі прадметам вывучэння ў магістратуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а сапраўдным захапленнем і патрэбай размаўляць, чытаць і пісаць на ёй. І тут, Мінску, куды ён прыехаў у міжнародную летнюю школу беларусістыкі пры нашым лінгвістычным універсітэце, сустрэў аднадумцаў нават з далёкай Японіі.
Юсукі Сумі, які наведвае Беларусь ужо не першы год, нават просіць сяброў і выкладчыкаў называць сябе Юзікам.
Выкладчыкі школы з радасцю і захапленнем адгукаюцца пра сваіх навучэнцаў, якія не толькі размаўляюць па-беларуску, а спяваюць песні, выконваюць сцэнкі, ведаюць беларускія абрады.
Дарэчы, менавіта ў гэтыя дні ў далёкай Іспаніі аспірантка Анхела Эспіноса абараняе дысертацыю па беларускай літаратуры. У нас даўно ўжо лічаць яе сваёй: у Мінску выйшла кніжка яе беларускамоўных вершаў, яна часта выступае на старонках нашага айчыннага друку з літаратуразнаўчымі артыкуламі і эсэ.
Памятаю, як пры запісе адной тэлевізійнай перадачы на канале “Беларусь-3” з госцем нашай краіны амерыканцам Куртам Вулхайзерам аператар са здзіўленнем казаў таму: “Вы так добра гаворыце па-беларуску, што я нават падумаў, што вы родам аднекуль з Гродзеншчыны”.
Беларускае слова некалі ўслаўляў у далёкім Парыжы класік сусветнай літаратуры, польскі паэт, ураджэнец нашай зямлі Адам Міцкевіч. На адной з лецый для французскіх студэнтаў ён выказаўся так: “Гэта самая багатая і чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана…”
Што ж, часам нават вельмі цікава і карысна пачуць пра нашу мову з вуснаў людзей, для якіх яна не з’яўляецца роднай, але якія адчулі і прынялі яе прыгажосць і адметнасць.
Якраз у гэтыя летнія дні ў Мінску можна сустрэцца і з тымі беларусамі, якія па волі лёсу жывуць у самых розных краінах.
Аляксандр Сапега нарадзіўся і вырас у Бабруйску. Але жыццёвы лёс занёс яго ў далёкую Швейцарыю. Менавіта там ён глыбей і больш чулліва спазнаў усё хараство і прыгажосць роднай гаворкі. І там, у Швейцарыі, з дапамогай пасольства нашай краіны, ён стварыў і арганізаваў беларускую дыяспару, у якую цяпер уваходзіць каля пяцідзесяці чалавек. На рахунку гэтай грамадскай арганізацыі нямала цікавых спраў, такіх, як перанос праху Магдалены Радзівіл, помнік Тадэвушу Касцюшку, памятны знак пісьменніку Яну Баршчэўскаму.
А вось Оля Галанава з Іркуцку нарадзілася ў Сібіры ў сям’і былых перасяленцаў з Беларусі. Памяць продкаў захавала для сучаснікаў старадаўнія народныя песні, паданні, казкі, што дапамагло дзяўчыне звярнуцца да мовы сваёй гістарычнай радзімы, адчуць сябе беларускай.
Разам з сябрамі з клуба “Крывічы” яны збіраюць у сібірскіх вёсках, дзе жывуць нашчадкі перасяленцаў, багаты матэрыял, адраджаюць старажытныя звычаі, народныя мелодыі.
У гэтыя дні Оля разам з кіраўніком клуба Алегам Рудаковым гасцююць у Мінску, наладзілі цікавы выступ у музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Мова – душа народа. І каб спазнаць глыбей гэтую душу, едуць да нас тыя, хто зацікавіўся беларускім словам, хто ад продкаў у спадчыну атрымаў бясцэнны дар – мову.
І нясуць гэтае слова далей, каб у свеце ясней разумелі адметнасць і глыбіню народных традыцый, прыгажосць і мілагучнасць нашай гаворкі.
А значыць, і нам самім, напэўна, варта больш уважліва зірнуць на ўласную гісторыю, на глыбіню і прыгажосць нашай песні і нашага слова, роднай літаратуры і мастацтва. Гэта ўзбагачае і спрыяе пачуццю высокага патрыятызму і годнасці.