Сёння часам можна пачуць “ну колькі можна ўжо ўспамінаць тую вайну? Столькі ж год прайшло!” Але як мне, чалавеку ўжо сталага веку, былому пасляваеннаму хлапчуку, не ўспамінаць, што мама, перажыўшы блакаду Ленінграда, мела галоўны клопат, каб у хаце было што на стале і ўпотай, па звычцы, дзяліла кавалак хлеба папалам, каб захаваць на ўсякі выпадак. А бацька адной здаровай, не страчанай на вайне рукой, пілаваў двуручнай пілой дровы і цярпеў боль, калі доўгі час праз гады з цела выходзілі асколкі.
А бабуля па вечарах, пераглядваючы старыя фотаздымкі, выцірала слёзы,узгадваючы забітых на фронце сыноў. Пяцёра маіх родных дзядзькоў не вярнуліся з вайны і ляжаць у брацкіх магілах у Расіі, Украіне, Аўстрыі.
Мы дзецьмі гулялі ў вайнушку, таму што яна жыла ў размовах і ўспамінах бацькоў, у фільмах і кнігах, у песнях бязногіх інвалідаў на гарадскім рынку...
Адзін з першых маіх журналісцкіх матэрыялаў быў нарыс пра зямлячку Зінаіду Тусналобаву-Марчанка. Гэта пазней яна была ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза, а ў час нашай сустрэчы ў невялікім дамку на беразе Дзвіны я ўбачыў жанчыну без рук і ног, якая ўвішна ўстаўляла ў кульцяпкі рук запалкі, каб прыкурыць чарговую папіроску, а то і пер’евую ручку (іншых тады не было), каб адказаць на чарговы ліст, якіх яна атрымлівала нямала.
У 1941 годзе беларуска Зіна, юнацкія гады якой прайшлі ў далёкім Кузбасе, закончыўшы курсы медсёстраў, дабраахвотна пайшла на фронт змагацца з гітлераўцамі. У першых двух баях вынесла з поля бою 40 параненых салдат і афіцэраў, а за восем месяцаў крывапралітных баёў выратавала ад гібелі 128 байцоў. У лютым 1943 года была цяжка паранена сама. Амаль год медыкі змагаліся за яе жыццё. Перажыла ампутацыю рук і ног. Са шпіталя звярнулася да суайчыннікаў:
“Хай гэты ліст дойдзе да сэрца кожнага з вас. Гэта піша чалавек, якога фашысты пазбавілі ўсяго – шчасця, здароўя, маладосці…“ А выступаючы на заводзе побач са шпіталем, яна дадала да тэксту зварота словы: “Таварышы, я вас вельмі прашу: калі можна, зрабіце за мяне хаця б па адной заклёпцы для танка.“
І рабочыя гэтага завода выпусцілі дадаткова пяць танкаў з надпісам “За Зіну Тусналобаву!“
Яна выступала па радыё і на старонках газет, прасіла адпомсціць за родны Полацк, за шматпакутную беларускую зямлю, за сваю знявечаную маладосць.
Дзякуючы вялікаму каханню мужа, таксама былога франтавіка, яна не прапала, нарадзіла, стала маці і бабуляй, А колькі былых салдатак і салдат, выжыўшы, так і не спазналі шчасця нармальнага жыцця, колькі скалечаных лёсаў пакінула рэха вайны...
Што ж, раны часта ўсё ж загойваюцца і ўспамінаць пра іх балюча і непамысна. Ды неяк вусцішна робіцца, калі чытаеш і чуеш, бачыш па тэлебачанні выбухі і стрэлы, адарваныя рукі і ногі, плач і енк дзяцей і мацярок.
У самых розных кутках планеты ідуць войны, жорсткія і бесчалавечныя. І нехта ўжо не бачыць у гэтым нічога незвычайнага. Больш за тое, ёсць у некаторых імкненне апраўдаць і зразумець тое, што маім бацькам, ды і нашаму пакаленню разуменню не паддаецца.
Бо не можна апраўдаць забойцаў і жыруючых на бедах людзей садыстаў.
Вайна – гэта гора і зло. Гэта трагедыя і журба. І летні дзень 22 чэрвеня для маіх землякоў будзе заўсёды днём жалобы і смутку...