Падзяліцца:
«Роздум. Звяраючы думкі і памкненні...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
6 сакавіка 2018
«Роздум. Звяраючы думкі і памкненні...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Я не ведаю, як у каго, але ў мяне заўсёды выклікае невыказнае пачуццё глыбокай удзячнасці і высокай адказнасці, калі падчас творчых сустрэч падыходзіць чытач кнігі, на вокладцы якой стаіць маё імя, і просіць даць аўтограф. Такія незабыўныя моманты давялося адчуць і падчас нядаўняй міжнароднай выставы-кірмашу, якая прайшла ў нашай сталіцы. Па дзіўнаму супадзенню адзін з дзён гэтай выставы супаў з Міжнародным днём пісьменніка, так што на сімпозіўме «Літаратар і час», які праходзіў у праграме кірмашу, было пра што пагаварыць. Вядомы публіцыст, намеснік галоўнага рэдактара расійскага часопіса «Наш современник» Аляксандр Казінцаў выказаў думку, што ў Мінску нараджаецца садружнасць пісьменнікаў, якія імкнуцца прапагандаваць традыцыйныя ідэалы культуры : гуманізм, паразуменне людзей і народаў, імкненне да прыгажосці. Сапраўды, гэтыя спрадвечныя ідэалы заўсёды служылі асновай існавання людской супольнасці, ядналі народы і стваралі высокія перспектывы існавання грамадства. На жаль, сёння яны нярэдка падвяргаюцца рэвізіі або нават проста адмаўленню. І тут роля літаратуры, месца пісьменніка, набываюць яшчэ больш важкае і адказнае месца. Як зазначыў на сімпозіўме пісьменнік з Італіі Матэа Нучы, веліч літаратуры якраз у тым, каб не спрашчаць інфармацыю, якая сёння абрыньваецца на чалавека праз усе сучасныя сродкі дастаўкі, а паказваць складаныя бакі жыцця ў прыгажосці вырашэння праблем. Сапраўды, сённяшнія імклівыя рытмы часу ў многім мяняюць адносіны людзей да традыцыйных форм атрымання асалоды чытання. Часам чытачы аддаюць большую ўвагу блогам у сацыяльных сетках, чым мастацкім літаратурным творам. Імкліва расце папулярнасць так званай “лёгкай” літаратуры: коміксаў, дэтэктываў, “жаночых” раманаў. Таксама не раз мне задавалі пытанне на выставе, ці выцесніць электронная кніга папяровую. Пытанне гэтае няпростае, але адказ на яго трэба шукаць штодня і не толькі пісьменнікам. Клапоцячыся пра лёс краіны, дзяржава мусіць клапаціцца і пра культуру ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, і, безумоўна, пра літаратуру. І тое, што ў нас Міністэрства інфармацыі падтрымлівае айчынныя выдавецтвы, сацыяльна значную літаратуру – таксама адзін з чыннікаў увагі да прыгожага пісьменства, да ролі кнігі ў жыцці чалавека. А калі гаварыць пра лёс папяровай кнігі, то хацеў бы заўважыць, што ў адрозненне ад электроннай — гэта яшчэ і твор мастацтва, бо многія сусветна вядомыя мастакі не толькі не грэбавалі кніжнымі ілюстрацыямі, але нават рабілі кніжную графіку адным з асноўных відаў сваёй творчай дзейнасці. І сёння майстэрства дызайнераў і мастакоў робяць кнігу часам сапраўдным шэдэўрам. За мінулы год у нашай краіне выдадзена каля дзесяці тысяч назваў кніг. Гэта важкі крок у напрамку развіцця айчыннага прыгожага пісьменства, пачатак якому пакладзены пяцьсот гадоў таму нашым земляком Францыскам Скарынам. Важна толькі цяпер, каб мудрае і шчырае слова пісьменніка часцей знаходзіла дарогу да душ чытачоў, каб яно служыла справе высокага гуманізму і прагрэсу.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: