Падзяліцца:
«Розгалас. А вам надакучылі крымінальныя навіны?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
8 студзеня 2019
«Розгалас. А вам надакучылі крымінальныя навіны?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) У першыя дні новага году вырашыў я падняць сабе настрой і прагуляцца да святочнай ёлкі каля мінскага Палаца спорту. Той самай, якую прызналі адной з самых прыгожых у Еўропе падчас сёлетніх святкаванняў. Ёлка сапраўды ўражвае – прычым у жыцці яшчэ больш, чым на фота або відэа. Настрой яшчэ больш узняўся, калі там жа, на святочным кірмашы, выпадкова сустрэў сваю аднакласніцу Алену, якую не бачыў добрых… Зрэшты, яна сказала, што такіх страшных лічбаў лепш не агучваць! Скажам так, вельмі шмат гадоў мінула з таго часу, як мы апошні раз бачыліся. Напэўна, у школе, пасля выпускных экзаменаў гэта і было. Вось гэта цуд на Раджаство, падумаў я, асабліва з улікам таго, што сёння аднакласніца не так часта бывае ў Беларусі. Пасля, ужо вечарам, прыгадваў я розныя цікавыя гісторыі са школьнага жыцця, вырашыў звыкла зайсці ў інтэрнэт - пачытаць, што пішуць, - як раптам зразумеў: зноў святочны настрой сапсаваўся! А ўсё з-за гэтых дурных навін! Як вам такая падборка загалоўкаў: «У Віцебскім раёне знайшлі целы дзвюх забітых жанчын», «У Гродне п'яны беспрацоўны зламаў нос індыйскаму студэнту», «Міліцыя шукае мужчыну, які абрабаваў запраўку ў Мінску», «У Ваўкавыску перад Новым годам забілі пенсіянера», «Праваахоўнікі шукаюць рабаўніка, які выкраў грошы ў прыхажанкі царквы», «Трагічная бойка на вуліцы Зыбіцкай пад Новы год»... і ўсё гэта толькі за першыя дні 2019-га! Не дзіўна, што нават самі карыстальнікі такіх інтэрнэт-выданняў пішуць у каментарыях: «нешта шмат крыміналу стала ў навінах». Некаторыя мае знаёмыя дык увогуле не жадаюць навіны чытаць – маўляў, навошта сабе псаваць настрой? Але ёсць і іншыя традыцыйныя каментарыі пад такімі невясёлымі паведамленнямі. «Раней інакш было – а зараз поўная бездухоўнасць». «Ва ўсім вінаваты алкаголь». «Журналістам няма больш пра што пісаць». Давайце разбірацца… Вінаваты алкаголь? Так, у многіх здарэннях без яго не абыходзіцца. Але ж, прабачце, ніхто гвалтам у людзей яго не залівае! Самі п'юць – самі і адказваць павінны. А любыя жорсткія забароны ў гэтай справе, як паказвае гісторыя (у тым ліку наша нядаўняя), ні да чаго добрага не прыводзяць. Забароненае толькі больш да сябе прыцягвае. Раней было інакш? Я не жыў раней – дакладна не ведаю, але са шматлікіх успамінаў знакамітых людзей і ўвогуле з урокаў гісторыі зрабіў для сябе выснову: часы заўсёды прыкладна аднолькавыя, толькі тэхналогіі і канкрэтныя людзі змяняюцца. Нагадайце мне, калі гэта ў гісторыі быў залаты век, каб не было ніякіх злачынстваў і ва ўсіх людзей былі толькі добрыя намеры? Вось і я не памятаю. Чаму ж здаецца, што менш было? Ну так, яшчэ і таму, што менш расказвалі пра гэта ў сродках масавай інфармацыі. Дык, можа, увогуле не расказваць? Увогуле забыцца на такую рубрыку, як крымінал? Магчыма, як звычайны чалавек я б і пагадзіўся з такой прапановай, але як журналіст разумею, што нічога не атрымаецца. Асабліва ў наш час інтэрнэт-тэхналогій, калі, што называецца, нічога не схаваеш. Ты не напішаш і не раскажаш – гэта зробяць іншыя, і горш за ўсё, калі не прафесійныя журналісты, а якія-небудзь блогеры. Да таго ж, многія псіхолагі тлумачаць: людзі падсвядома цікавяцца крымінальнымі навінамі. Такім чынам мозг назапашвае інфармацыю, каб запомніць усе сітуацыі, што патэнцыйна могуць пагражаць нашаму жыццю, і засцерагчыся ад іх у будучыні. Так што няма нічога дзіўнага ў тым, што крымінальныя навіны – сярод самых рэйтынгавых і праглядаемых. Іншая справа, што часам здаецца: некаторыя недзяржаўныя інтэрнэт-выданні спецыяльна выносяць такія навіны на самыя бачныя месцы, робяць на іх акцэнт гучнымі загалоўкамі, каб стварыць у чытачоў нейкія толькі ім патрэбныя псеўда-уражанні. І тут ужо не апраўдаешся адным толькі інтарэсам аўдыторыі – гэта той выпадак, калі інтарэс наўмысна падаграюць усімі, нават зусім несумленнымі, сродкамі. Дзеля эксперыменту я зайшоў на сайты некалькіх еўрапейскіх краін, каб праверыць, а што ў іх там з крыміналам робіцца. Можа, усе жывуць у міры і згодзе? Спачатку паглядзім на суседнюю з намі Літву. Вось толькі загалоўкі за мінулыя некалькі дзён: «Навагодняя ноч у Вільнюсе: выстралы з балкона і штурм інтэрната», «П'яны пагранічнік на Новы год пабіў жонку і цесця», «Вандалы пашкодзілі зімовую інсталяцыю на Лукішскай плошчы», «За нецвярозае кіраванне пакараны юрыст Дэпартамента паліцыі Літвы» і гэтак далей. Можа, крыху далей ад нас, у Германіі ўсё спакайней? Вось таксама зводкі за навагоднюю ноч і першыя дні 2019-га: у Гамбургу адбылася панажоўшчына ў кальяннай, у Дортмундзе паліцэйскіх закідалі бутэлькамі, у Эсэне і Ботропе аўтамабіліст ўчыніў паляванне на пешаходаў-замежнікаў, у Лейпцыгу адбыўся выбух у піцэрыі, у баварскім Амбергу бежанцы збілі прахожых, і гэтак далей і гэтак далей. Карацей, як у стужцы «Масква слязам не верыць»: «Што там у свеце? Стабільнасці няма». На фоне некаторых паведамленняў, у нас яшчэ, дзякуй богу, спакойна. Што да бездухоўнасці сучасных пакаленняў… Канечне, хацелася б, каб героямі навін былі не розныя злачынцы, а людзі, якія кожны дзень робяць гэты свет лепшым. Зрэшты, у нас, у Беларусі, на гэтым тыдні так і будзе. Мы будзем расказваць вам пра лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Гэта людзі самых розных прафесій, якія актыўна займаюцца дабрачыннасцю, спрыяюць захаванню духоўных каштоўнасцей і традыцый беларусаў, выхоўваюць таленавітую моладзь. Абавязкова паслухайце інтэрв'ю з імі па радыё, паглядзіце тэлерэпартажы. Лёс гэтых людзей – цудоўны прыклад таго, жыццё навокал напоўнена добрымі справамі і памкненнямі, якія застаюцца ў памяці нашчадкаў на доўгія гады.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: