
Прызнайцеся, а вы – лічбавы наркаман? Вы не можаце ўявіць сваё жыццё без лічбавых тэхналогій, шмат часу бавіце ў інтэрнэце, а калі раптам забываеце дома смартфон, вам здаецца, што жыццё спынілася? Або наадварот – не разумееце, што гэта за глабальнае сеціва і навошта людзі ўвогуле туды заходзяць?.
Асабіста я задумаўся пра гэта па дзвюх прычынах. Па-першае, нядаўна стаў выпадковым сведкам размовы двух мужчын, узростам «за 50». Адзін з іх горача пытаўся ў суразмоўцы: «Навошта мне гэты інтэрнэт, калі за яго трэба плаціць? Вось жа кажуць «бясплатны вай-фай» або, напрыклад, «я ў інтэрнэце гадзінамі бясплатна размаўляю». Ну а як гэта бясплатна, адкажы мне?! Калі тэхніка фурычыць, як можа быць бясплатна – гэта ж чагосьці каштуе! Я ведаю, што такое 500 рублёў, а што такое 500 мегабайт?» І далей у такім духу. Можна было б, канечне, паразважаць на тэму «няведанне не вызваляе ад адказнасці», маўляў, хочаш-не хочаш, а гадоў праз 10-15 без інтэрнэту, магчыма, ужо і ў магазін па хлеб не сходзіш, але…
Але тут якраз узгадаю другую прычыну, па якой я задумаўся, ці не занадта вялікую ролю адыгрываюць новыя тэхналогіі ў нашым жыцці. Выпадкова мне трапілася на вочы кніга псіхолага Адама Альтэра пад назвай «Непераадольныя: развіццё тэхналогій, якія выклікаюць залежнасць». Яна пра тое, наколькі безабаронны звычайны чалавек перад сучаснымі тэхналагічнымі кампаніямі. Гэтыя кампаніі адмыслова карыстаюцца апошнімі навуковымі адкрыццямі, каб ствараць прадукты, што выклікаюць залежнасць. Найбольш трапна назваць гэта «лічбавай наркаманіяй».
Калі яшчэ гадоў 50-60 таму людзі маглі трапіць у залежнасць ад цыгарэт, алкаголю і наркотыкаў, то ў лічбавую эпоху куды больш «кручкоў»: Instagram, Facebook, інтэрнэт-крамы, спецыялізаваныя сайты і гэтак далей. Доступ да іх незвычайна хуткі і лёгкі, таму і залежнасць фарміруецца імкліва. Так, адзін з інжынераў Instagram, Грэг Хохмут, прызнаецца: з цягам часу чалавек прывыкае пастаянна націскаць на кнопкі і хадзіць па спасылках, і сам не заўважае, як у яго фарміруецца залежнасць. Тое ж адбываецца з карыстальнікамі Facebook і іншых сацыяльных сетак.
Важная думка кнігі: самі па сабе ІТ-тэхналогіі не добрыя і не дрэнныя. Дакладней так – яны могуць быць і добрымі, і дрэннымі – у залежнасці ад таго, хто імі карыстаецца. Калі гэта патэнцыйны наркаман – справа можа завяршыцца дрэнна. Праблема яшчэ ў тым, што сучасны свет складана ўявіць без інтэрнэту і камп'ютара. Калі ты алкаголік, то можаш хаця б абыходзіць бокам старых сяброў і патэнцыйна небяспечныя месцы, накшталт бараў. Але што рабіць чалавеку, які змагаецца з інтэрнэт-залежнасцю ў свеце, дзе немагчыма адмовіцца ад інтэрнэту?
Як піша Альтэр, гарачае захапленне чым-небудзь не абавязкова павінна быць нездаровым. Гэта можа быць запал да складання музыкі, малявання карцін або іншых хобі. Чалавек гэта робіць без прымусу, для свайго задавальнення, але такая справа знаходзіцца ў гармоніі з іншымі аспектамі яго жыцця. З лічбавымі тэхналогіямі ўсё складаней. Сярэднія даныя па ЗША паказваюць: кожны месяц каля 100 гадзін ідзе на праверку электроннай пошты, чытанне SMS і іншых тэкставых паведамленняў, артыкулаў у інтэрнэце, праверку банкаўскіх рахункаў і гэтак далей. У сярэднім на ўсё гэта амерыканец марнуе каля 11 гадоў свайго жыцця. У выніку інтэрнэт-залежнасць робіць людзей менш эфектыўнымі ў працы і скарачае зносіны з іншымі.
Залежнасць выклікае і магчымасць зваротнай сувязі ў сацсетках. Так, Facebook быў першым, хто ўвёў спецыяльную кнопку «Мне падабаецца». Хутка гэта зрабілі Twitter, Instagram, YouTube, Одноклассники і іншыя. Карыстальнікі гуляюць у своеасаблівыя азартныя гульні кожны раз, калі дзеляцца фатаграфіямі, спасылкамі або абнаўляюць статус: адразу бачная рэакцыя ў выглядзе лайкаў. Або яе адсутнасць, што можа прывесці чалавека да псіхалагічнага дыскамфорту. Імкненне атрымаць зваротную сувязь стала яшчэ адным наркотыкам сучаснасці.
Аўтар вылучае ідэю: мы занадта зачараваныя тэхналогіямі і лічым за лепшае не заўважаць іх пабочныя эфекты. У якасці параўнання прыводзіцца гісторыя з сапраўднымі наркотыкамі. Калі амаль 150 гадоў таму брытанскі навуковец Роберт Крысцісан адкрыў уласцівасці расліны кокі (з якой пазней стварылі какаін), ён наўрад ці задумваўся пра наступствы. Да яе звярталіся нават сусветнавядомыя вучоныя: хто страўнік лячыў, а хто – прыступы хранічнай дэпрэсіі. І толькі пасля сталі зразумелыя страшныя асаблівасці наркотыка. Сёння падобным чынам нас зачароўваюць тэхналогіі. І гэта ўжо выклікае з'яўленне новых залежнасцей, якіх не было ў 20-м стагоддзі.
Альтэр працягвае аналогію: залежныя паводзіны выклікаюць тую ж рэакцыю мозгу, што і злоўжыванне наркотыкамі – у абодвух выпадках вызваляецца рэчыва пад назвай дафамін. Яно нараджае ў мозгу пачуццё задавальнення. Праблема ў тым, што неўзабаве мозг вырабляе ўсё менш і менш дафаміна. Значыць, каб атрымаць задавальненне ранейшай інтэнсіўнасці, трэба павялічваць «дозу» – у нашым выпадку, напрыклад, праводзіць усё больш часу за камп'ютарнымі гульнямі. Прычым даследчык прыводзіць выснову медыкаў: залежнасць можа ўзнікнуць у любога чалавека, для гэтага не патрэбна нейкай генетычнай схільнасці, дастаткова проста, каб чалавек знаходзіўся ў адпаведных умовах.
Канечне, у адным «Радыёблогу» усю кнігу Адама Альтэра не перакажаш, калі вас таксама хвалюцць гэтыя праблемы, лепш прачытайце яе самі. Заадно адкажаце сабе на пытанне: ці не сталі вы лічбавым наркаманам?
Адна з высноў кнігі: устрыманне ад тэхналогій немагчыма, але ёсць і іншыя альтэрнатывы. Галоўнае – усвядоміць, у чым небяспека, і абмяжоўваць сябе, не адключацца ад рэальнасці, не закідваць працоўныя абавязкі і рэальныя чалавечыя адносіны па-за межамі сацсетак. Тады лічбавыя тэхналогіі будуць служыць нам на карысць.
Асабіста я перакананы, што пакуль магу ў патрэбны момант сказаць новым тэхналогіям «стоп!» і пераключыцца на рэальнае жыццё. Як прыклад: свядома выбіраю цікавыя мне кнігі выключна на паперы, хоць сёння іх можна лёгка знайсці у інтэрнэце і чытаць там бясплатна. Але адна думка не дае супакою: а што, калі я памыляюся, і лічбавыя тэхналогіі ўжо ўзялі мяне ў палон?