- Галоўная
- /
- Навіны
- /
- Розгалас. Адключыце вашы тэлефоны, або Правілы этыкету ў лічбавую эпоху. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
- Розгалас. Адключыце вашы тэлефоны, або Правілы этыкету ў лічбавую эпоху. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
Днямі я паддаўся на агульную эйфарыю сярод маіх сяброў у сацыяльных сетках і вырашыў схадзіць-такі ў кіно на фільм «Багемская рапсодыя». Але зусім не пра мастацкія вартасці гэтай стужкі вырашыў сёння паразважаць – пра кіно вам больш і лепш раскажа мой калега-радыёблогер Аляксандр Шустар. Зачапіла мяне іншае.
Яшчэ да пачатку сеанса ўвагу да сябе прыцягнула жанчына з суседніх крэслаў, якая паказвала свайму мужу нейкае смешнае відэа з папугаем у смартфоне. Было гэта так гучна, што, здаецца, яна б заглушыла і гук кінаэкрана, калі б там пачалі штосьці дэманстраваць. Пасля, калі фільм быў у самым разгары, мужчына непадалёк ад мяне вырашыў даваць камусьці жыццёвыя парады па тэлефоне – на што звяртаць увагу, а пра што не турбавацца. Суцішыўся толькі, калі жонка стукнула нагой па ягоным крэсле. Але больш за ўсё мяне здзівіў іншы чалавек, якія ледзь не палову фільма правёў у сваім смартфоне. Я не падглядваў, канечне, проста сядзеў вышэй і не заўважыць было складана. Не, гэты чалавек нікому не перашкаджаў, святло экрана было на ніжэйшым узроўні, нулявая гучнасць… Але бянтэжыла сама карціна: кінаглядач сядзіць з апушчанай галавой і пракручвае стужку хутчэй за ўсё сацыяльнай сеткі ці нейкага сайта навін. А паралельна на вялізным экране – бушуюць эмоцыі або ідзе нейкая душашчыпальная сцэна. Навошта тады было грошы аддаваць за кіно, і грошы немалыя? Адзінае магчымае тлумачэнне, якое я прыдумаў – з кімсьці за кампанію прыйшоў. Але як па мне, то дастаткова дзіўны спосаб бавіць час.
Мы жывём у эпоху лічбавай перагружанасці, мы стаміліся ад пастаяннага ўварвання тэхналогій у наша жыццё, - кажуць спецыялісты. Нядаўна адна з вядомых брытанскіх інтэрнэт-кампаній, якая займаецца апытаннямі, правяла даследаванне ў ЗША і Вялікабрытаніі на тэму «якія самыя непрыемныя агульныя рысы сучаснай лічбавай эпохі». Кажучы прасцей, што вас раздражняе ў тэхналогіях і гаджэтах. Вынік аказаўся дастаткова нечаканы – больш за ўсё раздражняюць паводзіны людзей, якія гэтыя гаджэты выкарыстоўваюць!
Вось вам некаторыя прыклады з гэтага спісу, і ўпэўнены, многія адразу пазнаюць сітуацыі, што бачылі не раз. Што ж раздражняе апытаных?
- немагчымасць заняць месца ў кафэ з-за людзей, якія сядзяць з ноутбукамі за столікамі. Сапраўды, бачыў такое не раз: возьме кубачак кавы і сядзіць гадзінамі ўткнуўшыся ў свой ноутбук.
- «тэлефонныя зомбі». Гэта людзі, якія перыядычна натыкаюцца на вас (або на ліхтарныя слупы), таму што глядзяць у смартфон, а не навокал сябе. - людзі, якія прайграюць музыку або відэа на сваіх тэлефонах на поўнай гучнасці ў грамадскіх месцах.
- часта называлі і тых, хто любіць гучныя і працяглыя размовы па тэлефоне ў тых жа грамадскіх месцах. Такое можна было б хоць неяк зразумець у 1990-ыя, калі мабільныя тэлефоны толькі прыходзілі ў наша жыццё і некаторыя іх уладальнікі любілі пахваліцца і прыцягнуць да сябе ўвагу. Але сёння навошта нам ведаць гэтыя інтымныя падрабязнасці чужога жыцця?
- людзі, якія пастаянна фатаграфуюць свае стравы і напоі ў барах і кафэ. Часам такія мудрагелістыя позы прымаюць, каб гэтая тарталетка або кавалак мяса атрымаліся на фота прыгожымі!.. Мне заўсёды цікава, ці атрымліваюць яны такую ж асалоду непасрэдна ад працэсу ежы, бо для гэтага ж і прыйшлі.
- таксама многіх раздражняе неабходнасць спаборнічаць са смартфонам за ўвагу людзей падчас асабістых сустрэч і размоў. Ну гэта калі сабраліся, напрыклад, на дзень нараджэння або Новы год і праз гадзіну-дзве ўжо кожны вывучае, што там цікавага ў сацсетках адбылося за такі працяглы час адсутнасці.
Што ж атрымліваецца – многія з нас яшчэ ў школе вывучалі ў спецыяльных кніжках правілы этыкету. Як правільна вітацца, у якой руцэ нож трымаць, а ў якой відэлец, каму і дзе руку падаваць, пасля каго ў ліфт заходзіць і гэтак далей. А зараз, напэўна, трэба спецыяльныя кнігі па лічбавым этыкеце выпускаць, каб з дзяцінства навучаць! Хтосьці скажа – кнігі ў лічбавую эпоху ўжо не чытаюць… Значыць, «забіваць» у смартфоны гэтую інфармацыю, каб не паспеў уключыць, а табе ўжо напісалі: праверце гук, паглядзіце, ці няма вакол вас людзей, не здымайце суседзяў без іх дазволу і што-небудзь у такім духу.
Зрэшты, некаторыя правілы паводзін ёсць ужо сёння. Пачытайце і падумайце: ці выконваеце іх вы?
- у некаторых сітуацыях лепш тэкст, чым званок. Асабліва калі вы едзеце ў грамадскім транспарце, а пытанні трэба вырашыць дастаткова асабістыя. Да таго ж, перапіска захаваецца, і можна вярнуцца да яе пасля, калі з'явяцца нейкія пытанні.
- умейце своечасова адкласці смартфон. Асабліва, калі прыйшлі на дзелавую, сяброўскую або рамантычную сустрэчу.
- не фатаграфуйце занадта шмат – навошта вам дзясяткі фота аднаго і таго ж? У кінатэатры лепш глядзець фільм, а на канцэрце слухаць музыку.
- і будзьце асцярожнымі. Канечне, у вас у смартфоне можа быць вельмі цікавая інфармацыя, але калі вы за рулём або пераходзіце вуліцу, ад вашай няўважлівасці могуць пацярпець іншыя.
Адзін з аўтараў даследавання, якое я ўзгадваў раней, гаворыць: чым больш лічбавым становіцца наш свет, тым больш людзей усведамляюць: рэальныя адносіны адбываюцца ў свеце аналагавым, так бы мовіць, у аўтаномным рэжыме – не онлайн.
Але я пакуль у гэтым не ўпэўнены.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: