Падзяліцца:
«Розгалас. Адмова ад тэхналогій – новы сімвал статусу і багацця?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
14 Мая 2019
«Розгалас. Адмова ад тэхналогій – новы сімвал статусу і багацця?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Нядаўна я зрабіў нечаканае назіранне. Нечаканае для сябе – многім з вас, я ўпэўнены, гэта падасца абсалютнай банальшчынай. Так здарылася, што мне давялося некалькі разоў скарыстацца грамадскім транспартам, пакуль машына была ў рамонце. Еду я, значыць, у тралейбусе, гляджу па баках – а ўсе іншыя пасажыры сядзяць, уткнуўшыся ў свае смартфоны. Літаральна – усе! Я ж спецыяльна гэта праверыў, добра што месцы былі запоўнены толькі напалову. Пол, узрост, матэрыяльнае становішча (аб чым, хоць і з вялікай нацяжкай, але можна меркаваць па знешнім выглядзе) – нічога не мае значэння. Смартфон усіх зрабіў роўнымі. Хіба што толькі мадэлі смартфонаў у пасажыраў адрозніваліся. «Вось адкрыццё зрабіў» – скажуць тыя, хто карыстаецца тралейбусам, аўтобусам або метро штодня. Ды не адкрыццё! Проста таму, што я шмат гадоў або на аўтамабілі або пешшу перамяшчаюся, удалося паглядзець як быццам збоку на ўсю гэтую сітуацыю. І на сябе ў тым ліку – я ж таксама пастаянна ў смартфоне, толькі ў іншых месцах. Дык вось, калі глядзеў, пачуцці былі розныя: і смешна, і дзіўна, і дзіка… Дзясяткі розных людзей у адзін час і ў адным месцы едуць у адным напрамку, але пры гэтым кожны з іх – абсалютна ў сваім свеце. Памятаеце, раней лічылася: менавіта ў транспарце можна зразумець, як людзі адносяцца да той ці іншай падзеі, чалавека, фільма. Здаецца, толькі наступіш выпадкова камусьці на нагу ў аўтобусе – а праз некалькі хвілін ужо спрачаюцца, чаму нашы зноў не закінулі шайбу або хто вінаваты ў развале СССР. Можна забыць пра гэта. Цяпер усе спрэчкі – у фэйсбуках і на форумах. Затое ў салоне аўтобуса цішыня. Хаця, не – бывае і не цішыня. Калі хтосьці глядзіць, напрыклад, смешны відэаролік на смартфоне, але без навушнікаў. Якраз калі я ехаў у тралейбусе, адна жанчына заскочыла ў салон у апошнія секунды перад закрыццём дзвярэй, але, здаецца, так і не адарвала вачэй ад нейкага гучнага відэа. Карацей, славутая лічбавізацыя прыходзіць у наша жыццё імклівым крокам. Добра гэта ці дрэнна? Напэўна, ніхто адназначна не адкажа. Зноў жа, розныя людзі па-рознаму адносяцца да праяў такой лічбавізацыі – хтосьці горача вітае, кагосьці яны раздражняюць. Праўда, практыка паказвае: нават тыя, каго раздражняюць, хуценька асвойваюць і смартфоны, і электронныя плацяжы, і шмат чаго яшчэ. Здаецца, можна было б сказаць: вось якія мы прасунутыя і суперсучасныя! Як хутка асвойваем новыя тэхналогіі. Але тут як паглядзець… Ёсць і нечаканыя ацэнкі. Як вам такая выснова: спажыванне лічбавых паслуг – гэта прыкмета беднасці?! Гэта выснова аднаго з нядаўніх артыкулаў у выданні New York Times. Газета нагадвае: пачынаючы з буму персанальных камп'ютараў у 1980-ыя гады, наяўнасць у вас тэхналогій была прыкметай улады і багацця. Не дзіўна: першы Apple Mac, выпушчаны ў 1984-ым годзе, каштаваў на сённяшнія грошы 6 тысяч долараў. Пасля былі пэйджары, якія ўсім паказвалі: вы вельмі важны і заняты чалавек. Пасля было яшчэ шмат чаго, але сёння ўсё змяняецца. Сёння сімвалам статусу становіцца адмова ад тэхналогій: жыццё без тэлефона на працягу дня, выхад з сацыяльных сетак, адсутнасць адказаў на электронныя лісты. А галоўнае – зносіны з жывымі людзьмі, як кажуць, у «рэале», а не ў віртуальнай прасторы. Часам гэта каштуе грошай. Калі зусім спрасціць тое, пра што піша New York Times, то гэта выглядае так. Вы бедны, калі ўрач кансультуе вас па інтэрнэту, а не на асабістым прыёме (бо прыём каштуе грошай, і не малых, калі спецыялісты высокага класа). Вы бедны, калі вашы дзеці навучаюцца онлайн, а не ў «жывых» выкладчыкаў (бо апошнім трэба добра заплаціць, калі жадаеце персанальнага падыходу да кожнага дзіцяці). У багатых свае кухары, яны ніколі не закажуць піцу онлайн. І гэтак далей. Карацей, пакуль бедныя на апошнія грошы купляюць у крэдыт айфон, багатыя ўвогуле адмаўляюцца ад смартфонаў. Але тут ёсць адна праблема, пра якую выданне таксама піша на прыкладзе амерыканскага грамадства. Хтосьці і хацеў бы адмовіцца ад залішняй лічбавізацыі – толькі як? Многія ўрокі ў дзяржаўных школах заснаваны на праграмах для ноўтбукаў у фармаце сам-насам, без выкладчыка – і куды дзявацца бацькам вучня? Работнікі некаторых кампаній з радасцю адключылі б свае смартфоны – але яны павінны пастаянна быць на сувязі, іх проста пакараюць за тое, што былі «не ў доступе». І пакуль толькі ідуць размовы пра спецыяльны закон аб «праве на адключэнне». Канечне, некаторыя высновы гэтага артыкула спрэчныя. Напрыклад, калі чалавек не жадае пераплачваць за прадукты ў прыгожым гіпермаркеце ў цэнтры горада, а заказвае дастаўку прадуктаў онлайн за меншыя грошы – ён што, бедны? Або проста беражлівы і адэкватны чалавек? Ці вось такая бескампрамісная выснова: «жыццё, праведзенае перад экранам смартфона, цяпер ёсць прыкметай вашай непаспяховасці ў жыцці». Але, пагадзіцеся, задумацца ёсць над чым. Магчыма, кола замкнулася, і мы вельмі павольна вяртаемся да таго, што ўжо было? Да раскошы чалавечых адносін – у рэальным жыцці, а не на экране. Або наадварот – наперадзе нас чакае суцэльнае панаванне інтэрнэту і жыццё ў свеце, які можна было б назваць – следам за іспанскім сацыёлагам Мануэлем Кастэльсам – «рэальнай віртуальнасцю»? У свеце, дзе чалавек можа размаўляць з сябрам, які за тысячы кіламетраў ад яго, але не заўважае іншага чалавека, які сядзіць на суседнім месцы ў тралейбусе. І галоўнае – ці можна неяк сумясціць выгоды лічбавізацыі з плюсамі тых адносін, што былі ў нас раней, у даінтэрнэтную эпоху? Насамрэч прагнозаў – тысячы, а дакладных адказаў няма ні ў каго. А вам які варыянт падабаецца больш?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: