Падзяліцца:
«Розгалас. Беларускай дыпламатыі – 100. Ці ўсё ж такі больш?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
22 студзеня 2019
«Розгалас. Беларускай дыпламатыі – 100. Ці ўсё ж такі больш?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Іх называюць «голасам краіны» за мяжой. Менавіта гэтыя людзі прыйдуць на дапамогу, калі ў іншай дзяржаве з вамі здарыцца непрыемная сітуацыя. Яны ж дапамагаюць прадаваць за межамі Беларусі тое, што выпускаюць многія нашы прадпрыемствы і кампаніі. Думаю, вы ўжо зразумелі, каго я маю на ўвазе. Канечне, дыпламатаў. Сёння ў іх свята – беларускай дыпламатычнай службе 100 гадоў! Зрэшты, гэтая лічба выклікае розныя меркаванні. Вось і ў інтэрнэце апошнімі днямі можна прачытаць: маўляў, а чаму менавіта 100 гадоў, а да гэтага не было ў нас дыпламатаў? Канкрэтная дата тлумачыцца лёгка: менавіта 22 студзеня 1919 года ў газеце «Звязда» надрукавалі першую публічную аб'яву пра пачатак дзейнасці Камісарыяту па замежных справах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, а месцам яго дзейнасці вызначылі Мінск. Адкуль жа яшчэ адлічваць гісторыю знешнепалітычнаму ведамству Беларусі? Менавіта ў БССР аформіліся сучасныя беларускія дзяржаўныя інстытуты. Але важна іншае: ніхто і не робіць выгляд, што да 1919 года нічога не было. Што не было дыпламатаў, якія працавалі на карысць Беларусі. Некаторыя знакавыя прозвішчы ўзгадаў цяперашні міністр замежных спраў Уладзімір Макей падчас урачыстага прыёму ў Вялікім тэатры. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў: вядома, вытокі беларускай дыпламатыі сыходзяць ў значна больш далёкае мінулае. Знешнія кантакты беларускія землі мелі ўжо ў часы Полацкага княства. Асобнай увагi заслугоўвае эпоха Вялікага княства Літоўскага. Многія нашы суайчыннікі знаходзіліся на дыпламатычнай службе такіх дзяржаў, як Рэч Паспалітая і Расійская імперыя. Напрыклад, вядомымі дыпламатамі былі прадстаўнікі роду Агінскіх. Андрэй Агінскі, стараста Ашмянскі, маршал сейма быў кадравым дыпламатам – служыў пасланнікам Рэчы Паспалітай у Берліне і Пецярбургу. Прадоўжыў традыцыю і яго сын – Міхал Клеафас Агінскі. Большасці з нас ён вядомы як кампазітар, аўтар славутага паланэзу «Развітанне з Радзімай». Але ж Міхал Клеафас быў яшчэ і палітыкам, працаваў паслом у Галандыі (дарэчы, на той момант яму не было і 30-ці гадоў), пасля выконваў дыпламатычную місію ў Брытаніі. Вядомы даследчык Адам Мальдзіс прыгадвае, што ў Лондане Міхала Клеафаса Агінскага прымалі на самым высокім узроўні. Ён прысутнічаў на пасяджэннях парламента, сустракаўся з брытанскім прэм'ер-міністрам, абмяркоўваў з ім пашырэнне гандлёвых кантактаў (як бачым, гэта заўсёды актуальная тэма для дыпламатаў). А першым міністрам замежных спраў Рэчы Паспалітай лічыцца Іаахім Храптовіч – яшчэ адзін буйны грамадскі і палітычны дзеяч. Ён, дарэчы, зрабіў вялікі ўклад і ў развіццё культуры: у сваім маёнтку Шчорсы на Навагрудчыне пабудаваў палац, які стаў буйным асветніцкім цэнтрам і дзе захоўвалася вядомая бібліятэка Храптовічаў. Сярод знакавых імён узгадваюць таксама беларускага лінгвіста і ўсходазнаўцу Іосіфа Гашкевiча – першага дыпламатычнага прадстаўніка Расійскай імперыі ў Японіі. Асобная вялікая старонка ў гісторыі беларускай дыпламатыі – савецкія часы. Нагадаем, БССР увайшла ў гісторыю як адна з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. А сярод адметных асоб таго часу прыгадаем славутага «Містара Не», кіраўніка савецкай дыпламатыі, беларуса Андрэя Грамыку і першага міністра замежных спраў БССР Кузьму Кісялёва. Дарэчы, 10 гадоў таму «Расійская газета» апублікавала цікавыя ўспаміны Яўгена Куніцына. У 1960-ым ён быў памочнікам капітана карабля «Балтыка», які дастаўляў дэлегацыі СССР, Украіны, Беларусі і некаторых іншых дзяржаў у Нью-Йорк для ўдзелу ў чарговай сесіі Генасамблеі ААН. Дык вось, аднойчы на палубе ён пачуў, як Андрэй Грамыка і Кузьма Кісялёў размаўляюць паміж сабою на не зусім зразумелай яму мове. Пасля ўдакладніў – аказалася, што яны размаўлялі на роднай мове, па-беларуску. Менавіта Кісялёў запомніўся тым, што на самай першай канферэнцыі Аб'яднаных Нацыяй у 1945-ым годзе яшчэ ў Сан-Францыска абурыўся: чаму на таблічцы напісаны няправільны пераклад назвы нашай краіны – «White Russia»? Гэтак жа тады, дарэчы, пісалі і амерыканскія газеты. Можна лічыць, што гэта ён пачаў змаганне на міжнароднай арэне за правільнае напісанне і вымаўленне назвы Беларусі. А яшчэ ў інтэрв'ю газеце «Звязда» дзеці Кузьмы Кісялёва расказвалі, што менавіта дзякуючы іх бацьку (дарэчы, па адукацыі ўрачу) у БССР з'явілася свая спецыялізаваная анкалагічная клініка ў Бараўлянах. З высокай трыбуны ААН ён – па ўласнай ініцыятыве – заявіў, што такая бальніца будзе ды яшчэ і запрасіў генеральнага сакратара арганізацыі асабіста паглядзець на будаўніцтва. І пасля таго, як генсек ААН Даг Хамаршэльд прыляцеў у Мінск, анкалагічны цэнтр ужо не мог не з'явіцца. Пасля гэтых і іншых гісторый проста смешна чытаць у інтэрнэце развагі асобных псеўда-гісторыкаў: маўляў, у савецкія часы беларускія дыпламаты не былі самастойныя. А яшчэ пасля гэтых гісторый разумееш: у беларускай дыпламатыі глыбокія карані і традыцыі. Менавіта гэтая пераемнасць дапамагае ўжо сённяшнім дыпламатычным работнікам выстройваць знешнюю палітыку Беларусі – на прынцыпах узаемапавагі, адкрытасці і прыстойнасці. Напярэдадні гэта чарговы раз пацвердзіў і Прэзідэнт, прымаючы даверчыя граматы ад паслоў замежных дзяржаў. За Беларуссю ўжо замацаваўся статус аднаго з ініцыятараў і актыўных удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. А таксама – перамоўнай пляцоўкі для розных канфліктуючых бакоў. Менавіта Мінск гатовы стаць месцам новага маштабнага дыялогу па пытаннях бяспекі. Гэта выклік ужо для новага пакалення нашых дыпламатаў. Аднак гісторыя сведчыць: яны паспяхова вырашалі і не такія задачы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: