Падзяліцца:
Розгалас. Беражыце дзяцей, але пакідайце ім права на дзяцінства! Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
15 студзеня 2018
Розгалас. Беражыце дзяцей, але пакідайце ім права на дзяцінства! Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Памятаеце нядаўнюю гісторыю ў Светлагорску - у інтэрнэце яе ўжо назвалі "пабег з дзіцячага садку"? Гэта калі тры хлопчыкі 3-4 гадоў пакінулі садок, нейкім чынам забраліся ў дызель-цягнік і паехалі ў Жлобін. Праўда, праз паўгадзіны паездкі іх знайшлі, знялі з цягніка, а ўжо вечарам вярнулі бацькам. Як па мне, то гісторыя трагікамічная. Канечне, трэба разбірацца, як здарылася, што дзеці засталіся без нагляду, як яны здолелі на той цягнік залезці (сведкі кажуць - падсаджвалі адзін аднаго). Адказнасць за гэта ляжыць на дарослых і адказваць давядзецца. А з іншага боку… Зусім без нагляду дзеці не засталіся, грамадства ў нас у гэтым плане, на шчасце, неабыякавае – адказнае і ўважлівае. За хлопчыкамі, як стала вядома пасля, прыглядвалі іншыя пасажыры і кандуктары. Паведамілі пра іх хутка, знайшлі жывых-здаровых. Толькі што Жлобіну малыя так і не пабачылі, але нічога: вырастуць – даедуць. Калі будзе жаданне. Між тым, у інтэрнэце гісторыя атрымала нечаканы розгалас. На форумах некаторых выданняў былі нават каментарыі, нібыта вінаватая сённяшняя адукацыйная сістэма. Тут хочацца толькі ўсклікнуць: слухайце, тыя трохгадовыя дзеці больш разумныя, чым некаторыя дарослыя каментатары! Ды ледзь не ў кожнай другой сям'і ёсць гісторыя пра тое, як маленькае дзіця самастойна сыходзіла з садку або з кватэры або з дома. Прычым у любыя часы, пры розных сістэмах. Асабіста я такія гісторыі чуў шмат разоў – у тым ліку ад пажылых салідных людзей. Што цікава, часцей "пабег" учыняюць дзяўчынкі – прынамсі, па маіх назіраннях. І не таму, што не хапае выхавацеляў, каб за ўсімі ўгледзець. А проста таму, што для дзяцей гэта гульня. Ім цікава: а што там за свет за дзвярыма? Карацей, дзеці ёсць дзеці. Але на тое і дарослыя побач, каб гэтая гульня не выйшла за небяспечныя межы. Зрэшты, тут ёсць пра што спрачацца. Хто вызначае гэтыя межы? І калі натуральнае хваляванне за сваё дзіця пераходзіць у гіперапеку? Шкоды ад яе можа быць больш, чым карысці. Я ўжо неаднаразова спрачаўся са сваімі знаёмымі і калегамі, аднагодкамі і больш дарослымі людзьмі, у якіх ёсць дзеці школьнага ўзросту. Калі чую "мне трэба сына ў школу адвесці/забраць" або "у мяне дачка прастудзілася, буду з ёй дома сядзець", адразу ўдакладняю: а ў якім класе дзіця вучыцца? Часам адказваюць: у чацвёртым. Або ў пятым-шостым. Шчыра кажучы, для мяне гэта ўвогуле незразумела. Кажу ім: ну ўспомніце сябе! Нас з вамі што, да пятага класа бацькі за ручку ў школу вадзілі? Або мы неяк самі спраўляліся ўжо ў другім класе? І калі трэба было, адны дома з хворым горлам сядзелі? На гэтыя аргументы амаль заўсёды аднолькавы адказ: "слухай, ты не разумееш, зараз іншыя часы…" Што ж, маё школьнае дзяцінства выпала на канец 80-х і самы пачатак 90-х. Якія былі часы – самі памятаеце. Адна эпоха сыходзіла, іншая толькі нараджалася. Усё гэта адбівалася і на дзецях. Але, здаецца, мы рабілі ўсё тое ж, што і пакаленні да нас. Прагульвалі ўрокі? Шчыра кажучы, вельмі рэдка. Але добра памятаю, як у трэцім класе мы з сябрам вырашылі, што не жадаем ісці на выступленне маскоўскага лялечнага тэатра, і на шляху да канцэртнай пляцоўкі проста «згубіліся». А потым самастойна гулялі па Мінску, канечне, не вельмі далёка ад дому. На наступны дзень у школе нас чакаў «разбор палётаў» ад класнай настаўніцы, а дома мы так і не змаглі ўцямна адказаць на пытанні дарослых: ці спадабалася нам тое прадстаўленне? Лазілі па дахах? Ну, а як без гэтага. Зараз і ўявіць сабе цяжка, але ніякіх замкоў і іншых перашкод на нашым дзіцячым шляху не было. У маім выпадку гэта быў дах 17-ціпавярховага мінскага дома, які ў народзе трапна празвалі «кукурузай». З яго адкрываўся неверагодны від на горад. Напэўна, з пункту гледжання дарослых мы з сябрамі рабілі дрэнна. І я сённяшні наўрад ці б зразумеў такія паводзіны. Але мы ведалі, чаго нельга рабіць, ведалі, дзе тая самая «чырвоная лінія», за якую нельга заходзіць – і ўсе засталіся жывыя-здаровыя, ні з кім нічога не здарылася. Як у той песні: затое ў нас было дзяцінства. І свае «уцекачы» у нас былі – аднакласнік на два дні пакінуў дом і адправіўся на вёску да бабулі. Там яго бацькі і знайшлі. Кажаце, часы зараз іншыя? Але сёння ў кожнага малога ёсць мабільны тэлефон, і бацькі ў любы час могуць з ім звязацца. Мы ж маглі патэлефанаваць толькі з таксафонаў, і тое, калі дзве капейкі знойдуцца ў кішэні. Дзе мы і што з намі – даведацца было амаль немагчыма. Так, сёння ёсць наркаманы, педафілы, іншыя небяспечныя людзі. Але ці было больш бяспечна раней? Мы і марыць не маглі, напрыклад, пра турнікеты або ахову на ўваходзе, што ёсць сёння ў многіх установах. Цудоўна памятаю, як аднойчы па калідорах нашай школы хадзіў адзін з яе выпускнікоў – не зусім цвярозы, з нажом у руках, вырашыў папужаць дзяцей. І гэта была звычайная сярэдняя школа ў цэнтры Мінска, ніякіх вам рабочых ускраін. Дарэчы, таго госця хутка вывелі настаўнікі-мужчыны. А пра тое, што мне расказваў дзядуля, у гэтым блогу нават і прыгадваць не хачу. Як ён падчас вайны збягаў ад паліцаяў і збіраў патроны на полі літаральна праз дзень пасля жорсткіх баёў. А вы кажаце – часы зараз іншыя! У любы час хапае небяспечных з'яў, з якімі могуць сустрэцца дзеці – проста сёння і 100 гадоў таму гэтыя з'явы розныя. Але на тое і дарослыя побач, каб аберагчы. Каб выхаваць так, што дзіця само зразумее – чаго рабіць не трэба. Галоўнае, на мой погляд, каб пры гэтым дзецям пакідалі дзяцінства і не душылі ў абдымках.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: