Падзяліцца:
Розгалас. «Беспілотная» рэвалюцыя. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
29 Мая 2017
Розгалас. «Беспілотная» рэвалюцыя. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Вядомая кампанія Uber усё больш сур'ёзна прыходзіць у Беларусь. Напярэдадні ў Мінску прайшлі сустрэчы з топ-мэнэджарамі кампаніі, урад абяцае падтрымку, перш за ўсё прававую. Галоўная навіна – у Парку высокіх тэхналогій адкрыецца адмысловы цэнтр навукова-тэхнічных распрацовак. Адна з тэм для сумеснай работы з нашымі праграмістамі – развіццё беспілотнага транспарту. Дзейнасць кампаній у гэтай сферы - добры прыклад таго, як проста на нашых вачах адбываецца тэхналагічная рэвалюцыя. Натуральна, як пры любой рэвалюцыі, ёсць пакрыўджаныя – яны жадаюць, каб усё заставалася нязменным. У свой час розгалас атрымалі кампаніі пратэсту традыцыйных кампаній-перавозчыкаў і звычайных таксістаў супраць работы Uber у многіх еўрапейскіх і амерыканскіх гарадах. Аднак пакуль адны пратэставалі, іншыя крок за крокам укаранялі новы сэрвіс. І вось вынік: сёння ён працуе амаль у васьмі дзясятках краін. Толькі за 5 месяцаў гэтага года карыстальнікі адпаведнага мабільнага дадатку здзейснілі амаль 5 млрд паездак. Свой уклад у гэтую прыгожую лічбу зрабілі і беларусы. Ведаю, што многія мае знаёмыя перыядычна заказваюць таксі з яго дапамогай. Сапраўды, зручна – заказ робіш праз смартфон, праз яго ж можна і расплаціцца, ёсць розныя бонусы, якія робяць паездкі таннейшымі, чым у канкурэнтаў. Вадзіцелям можна выстаўляць ацэнкі, складаць такім чынам рэйтынг. Але гэтыя новаўвядзенні яшчэ дастаткова лёгка ўкладваюцца ў галаве. А вось наступны крок рэвалюцыі – беспілотны транспарт – пакуль выклікае шмат пытанняў. Прычым пытанне «Ці будзе гэта ўвогуле?» ужо не мае сэнсу. Будзе. Пытанне ў тым, калі і ў якім выглядзе. Пакуль у большасці краін рух беспілотных аўтамабіляў ніяк не рэгулюецца заканадаўча. Але гэта не перашкаджае многім кампаніям актыўна праводзіць распрацоўкі і выпрабаванні. Сярод іх не толькі Uber, але і Apple, Tesla, Volkswagen, Ford, BMW і іншыя. У гэтым годзе адпаведныя навіны прыходзяць ледзь не кожны тыдзень. Улады Паўднёвай Карэі выдалі дазвол на тэсціраванне самакіравальных аўтамабіляў на дарогах агульнага карыстання (карт-бланш атрымалі карпарацыі Hyundai і Samsung). Выпрабаванні «беспілотнікаў» адобраны на тэрыторыі штата Каліфорнія. Кампанія Bosch і "бацька" "Мэрсэдэс-Бенц" Daimler абяцаюць стварыць уласныя самакіравальныя машыны ўжо менш чым праз тры гады. Карацей, вы зразумелі, якая транспартная будучыня нас чакае. Што яшчэ выклікае пытанні? Напрыклад, такі юрыдычны аспект – а хто будзе адказваць, калі беспілотнае аўто стане вінаватым у аварыі з чалавечымі ахвярамі? Ці больш складаная задача - як і каго будзе ратаваць разумная машына, калі сутыкненне непазбежнае? У інтэрнэце нават стварылі ўжо спецыяльныя праграмы, кожны з нас можа адчуць сябе беспілотным аўто ў такой сітуацыі. Чымсьці нагадвае ўсім знаёмыя электронныя білеты па правілах дарожнага руху. Напрыклад, канкрэтная сітуацыя: у аўтамабіля раптам адмовілі тармазы. Наперадзе чалавек ідзе па пешаходным пераходзе. Па правым баку – бетонная агароджа шырынёй у дарожную паласу. Варыянты дзеянняў – або збіваць пешахода, або рэзка зварочваць у агароджу, з рызыкай забіць двух пасажыраў у машыне. А як вам такі варыянт: забіць пасажыра або ўрэзацца ў натоўп? У камп'ютарнай гульні гэта можа выглядаць несур'ёзна, а хто будзе рабіць пакутлівы маральны выбар у рэальным жыцці? Яшчэ пытанне: хто гарантуе абарону праграмнага забеспячэння беспілотных аўто ад хакераў? Гэта ж толькі спачатку прапануецца пакінуць у такіх машынах рулявую калонку, каб чалавек – у выпадку чаго – мог узяць кіраванне на сябе. А ў аўтамабілях 4-5-га ўзроўню кіраванне будзе цалкам аўтаномным. Уявіце, што доступ да гэтага «софту» атрымаюць патэнцыйныя тэрарысты! Карацей, пытанняў пакуль шмат. Канечне, у многіх краінах ужо задумваюцца над правіламі для беспілотных машын. Сярод варыянтаў такіх правіл ад міністэрства транспарту Германіі: лепш пашкодзіць маёмасць, чым нанесці шкоду чалавеку; людзей нельга класіфікаваць па памеры, узросце і любых іншых параметрах; у выпадку аварыі адказнасць нясе вытворца. Зрэшты, эксперты кажуць і пра іншыя, часам невідавочныя на першы погляд, наступствы «аўтамабільнай рэвалюцыі». Так, пераход на электрычны і аўтаномны транспарт паўплывае на цэны на нафту. Знікнуць цяперашнія запраўкі, а значыць – менш стане імпульсных пакупак напояў і цыгарэт. Можа знізіцца ўзровень смяротнасці на дарогах (бо 90% аварый здараецца па віне вадзіцеля). Меншая колькасць аварый адаб'ецца на страхоўшчыках, бальніцах, юрыстах і загрузцы дарог. Дастаўка тавараў стане больш таннай. Знізіцца попыт на паркоўкі, а значыць, патаннее нерухомая маёмасць. Аўтамабілі стануць сапраўднымі дата-цэнтрамі, а іх вытворцы - дата-кампаніямі, такімі як Google і Facebook. Беспілотныя аўто змогуць ствараць агульны калектыўны розум, абменьваючыся карыснымі данымі паміж сабой. І гэта яшчэ не ўсё. Літаральна днямі нямецкі стартап Lilium пратэсціраваў электрычны аэрамабіль з вертыкальным узлётам і пасадкай. Пакуль без людзей, але абяцаюць, што ён будзе змяшчаць да 5 пасажыраў. Тым часам славацкі стартап Aeromobil паказаў свае лятаючыя аўто на выставе ў Манака. Іх ужо можна замовіць амаль за $ 1,5 млн, але давядзецца пачакаць да 2020 года. Кажуць, у тым жа напрамку працуюць Airbus, Uber і яшчэ нейкі сакрэтны стартап. Няўжо ж праз некалькі гадоў лятаючыя машыны стануць рэальнасцю? Далей не буду і казаць, бо пакуль гэта ўсё цяжкавата «пераварыць». Нездарма самі спецыялісты кажуць: большасць людзей не гатовыя нават да беспілотных аўто, таму пераход да аўтаномнасці будзе паступовым. Спачатку машыны будуць пераймаць толькі асобныя функцыі - тармазіць, паркавацца, перастройвацца. У любым выпадку, свет змяняецца хутчэй, чым многія чакалі. І добра, што Беларусь можа быць у авангардзе гэтых змен. Так, цалкам рэальна, што наша краіна ў будучым стане адной з першых у свеце, дзе запусцяць беспілотныя аўтамабілі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: