Падзяліцца:
«Розгалас. Чаму мы так любім серыялы?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
28 мая 2019
«Розгалас. Чаму мы так любім серыялы?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Самы час прызнацца: я не глядзеў «Гульню тронаў», ніводнай серыі; часам, здаецца, быў на крок ад таго, каб уключыць першую серыю і з галавой акунуцца ў гэты асобны свет. Прычым найбольш інтрыгавалі прызнанні некаторых знаёмых: вось і мы, маўляў, думалі – ну што там такога, што ўсе глядзяць? А потым самі ўключалі і больш не маглі адарвацца. Найлепшая рэклама, пагадзіцеся! Але – не зацікавіла, і ўсё. Між тым, апошні, восьмы сезон «тронаў» нарабіў такі розгалас, што дагэтуль на форумах, у сацыяльных сетках, у нашых «Радыёблогах» (прывітанне Аляксандру Шустару) ды і ў рэальным жыцці працягваюцца шматлікія абмеркаванні яго фанатаў. Але мы сёння не будзем да іх далучацца. Я б задаўся іншым пытаннем – чаму серыялы настолькі папулярныя? Удумайцеся ў такую лічбу: за мінулы год у адных толькі ЗША выйшла амаль 500 серыялаў. Гэта каля 10 фільмаў кожны тыдзень! А яшчэ ж і іншыя краіны актыўна займаюцца іх вытворчасцю. Вось і ўявіце, колькі серыяльнай прадукцыі ствараецца на аднаго ўмоўнага гледача – можна разгубіцца. Але ж і танным «мылам» усю гэтую прадукцыю не назавеш – у многіх амерыканскіх серыялах усё часцей здымаюцца зоркі першай велічыні. Карацей, ёсць шалёны попыт – ёсць і прапанова. Але чаму ж попыт ёсць? На адным з сайтаў знайшоў такое тлумачэнне: «любяць серыялы ў асноўным няўдачнікі, яны як быццам праецыруюць свае няспраўджаныя жаданні на герояў гэтых фільмаў». Гэта напісаў, між іншым, псіхолаг. Цікава, ці чуў гэты «спецыяліст», што сярод аматараў серыялаў (той жа «Гульні тронаў») шмат вядомых сусветных палітыкаў, бізнесменаў, журналістаў і проста людзей, якіх язык не павернецца назваць няўдачнікамі. Часам я толькі дзіўлюся – дзе яны гадзіны ў сутках дадатковыя знаходзяць, каб яшчэ і серыялы глядзець?! Ёсць яшчэ некалькі папулярных тлумачэнняў. Час зараз такі, усе сядзяць у сваіх інтэрнэтах, адзін аднаго не бачаць, серыялы з раніцы да вечару глядзяць і гэтак далей. А яшчэ – гэта ўсё з Захаду і з Лацінскай Амерыкі да нас прыйшло – раней такога не было. Давайце разбірацца. І лепш за ўсё – на ўласным вопыце. Першы замежны серыял, які я ўбачыў… не, не «Рабыня Ізаура»! Гэта быў легендарны (як пасля аказалася) амерыканскі серыял «Далас» – гісторыя пра багатую сям'ю з Тэхаса. Паказвалі яго па адной з праграм савецкага яшчэ тэлебачання ў рамках так званых «тыдняў амерыканскага ТБ». Праўда, у эфір выйшла ўсяго пяць эпізодаў, як успамінаюць гледачы, і на гэтым «тыдні» завяршыліся. Ну а потым пачалася эра бразільскіх і мексіканскіх серыялаў на нашых постсавецкіх экранах. І заўважце – усё гэта было ў часы, калі ніякага інтэрнэту і сацсетак не было – а цікавасць да такой прадукцыі была! «Рабыня Ізаура» (дзякуючы ёй многія сталі называць свае дачы «фазэндамі»), «Багатыя таксама плачуць», «Проста Марыя» і канечне – рэкардсмен, 2157 серый, славутая «Санта-Барбара». Глядзелі яе не толькі дарослыя, але і мы, дзеці. Маім улюбёным героем быў Мэйсан Кэпвел. Гэткі абаяльны цынік і эгаіст. Я нават запісваў некаторыя цытаты гэтага персанажа ў свой падлеткавы дзённік. Памятаю, чарговая серыя завяршылася на тым, што ён нібыта памёр, і я наступны дзень хадзіў сумаваў. Але пасля бабуля мяне супакоіла: можаш далей глядзець, Мэйсан жывы! Канечне, з часам цікавасць прайшла. Да «Санта-Барбары», але не да серыялаў у цэлым. У старшых класах мы з аднакласнікамі хутчэй беглі дамоў, каб уключыць ужо іншае, французскае «мыла» – «Элен і рабяты». Мы ў думках ужо рыхтаваліся да студэнцкага жыцця – а тут якраз пра жыццё студэнтаў! Ну і што, што французскіх? Ну і што, што за студэнцкай партай іх ніколі не паказваюць – усё роўна цікава! Пакрысе з'яўляліся новыя серыялы: «Камісар Рэкс», «Круты Уокер», «Горац». Пачалі выходзіць фільмы расійскай вытворчасці – праўда, амаль усе або пра бандытаў, або пра міліцыянераў. Тут дарэчы будзе прыгадаць другі папулярны тэзіс – з Захаду (або з Бразіліі) усё да нас прыйшло. Ды што вы кажаце?! А што тады рабіць з такімі славутымі і цудоўнымі савецкімі фільмамі, як «Ціхі Дон», «Адъютант его Превосходительства», «17 імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга»? Гэта ж серыялы ў чыстым выглядзе! А для нас, дзяцей 1980-х гадоў, галоўным савецкім серыялам была «Госця з будучыні». Усяго адзін «сезон», як сказалі б зараз, але гэты серыял мы гатовы былі пераглядаць кожнае лета. І пэўны час (хай і непрацяглы) я быў закаханы ў Алісу Селязнёву, як і многія савецкія хлопчыкі. Так што ў розныя часы і ў розных краінах серыялы былі папулярныя. Проста зараз іх папулярнасць вырасла да завоблачных вышынь. Чаму? Думаю, найбольш верагодная такая версія: многім у жыцці вельмі не хапае вострых эмоцый. Барацьба дабра са злом, неверагоднае каханне, фантастычныя ўзлёты і падзенні, закручаныя дэтэктыўныя гісторыі і шмат яшчэ такога, што ў жыцці звычайнага чалавека сустракаецца вельмі рэдка (і дзякуй Богу!). Затое кіно гэтага можа прапанаваць з лішкам, на любы густ. А калі яшчэ таленавіта знята, а калі яшчэ героі амаль як ты, толькі ў такіх сітуацыях, у якія ты сам ніколі не трапіш, а калі яшчэ выходзіць з пастаяннай перыядычнасцю – хочаш не хочаш, а ўцягваешся і пачынаеш сачыць за жыццём гэтых усё больш блізкіх для цябе людзей. І не важна, жывуць яны ў далёкай Бразіліі, Амерыцы або ў суседнім пад'ездзе. Шкада толькі, што пакуль так і не з'явілася паўнацэннага беларускага серыялу. Такога, каб мы адлічвалі дні да пачатку новага сезона. І гадамі сачылі за жыццём любімых герояў. Вельмі хочацца, каб гэта адбылося хутчэй!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: