
Брытанскае міністэрства адукацыі рыхтуе рэкамендацыі па ўвядзенні ў школах новай дысцыпліны - лічбавай граматнасці. Вучням будуць тлумачыць, напрыклад, што такое IP-адрас, як любы можа стварыць фэйкавы акаунт і якім чынам кампаніі размяшчаюць мэтавую рэкламу, назіраючы за паводзінамі людзей у сеціве. Профільны брытанскі міністр так патлумачыў, навошта ўсё гэта патрэбна: размова ідзе пра матывацыю - чаму людзі паводзяць сябе па-рознаму, калі знаходзяцца за экранам камп'ютара, і чаму кампаніі хочуць атрымаць вашы асабістыя даныя для сваёй выгады.
У нас пра гэта пакуль мала задумваюцца (і дарэмна, на мой погляд), а ў іншых краінах, асабліва еўрапейскіх, пытанне бяспекі даных становіцца для многіх адным з найважнейшых. Людзі жадаюць ведаць: якія кампаніі і навошта збіраюць звесткі пра іх паводзіны ў інтэрнэце. Напэўна, вы самі ўжо не раз сутыкаліся з такой сітуацыяй: шукалі у сетцы, скажам, новы веласіпед або нават проста паразмаўлялі пра гэта са сваім сябрам – і раптам у інтэрнэце вас усюды пачынае праследаваць рэклама веласіпедаў! Але, паверце, гэта проста дзіцячы сад у параўнанні з тым, што можна зрабіць, маючы на руках даныя пра паводзіны інтэрнэт-карыстальнікаў.
Упершыню на гэтую тэму сталі шмат разважаць у лістападзе 2016-га. Толькі што завяршыліся выбары ў ЗША, перамогу нечакана для многіх атрымаў Дональд Трамп і раптам адна брытанская кампанія – Cambridge Analytica – заявіла: а гэта нашых рук справа! Мы, маўляў, зрабілі рэвалюцыю ў працэсе інтэрнэт-камунікацыі на аснове вялікіх даных. Аказалася, што паслугамі кампаніі карысталіся і лідары брытанскага Брэкзіта – а яны ж таксама нечакана перамаглі на рэферэндуме.
Як працуюць метады Cambridge Analytica расказалі журналісты швейцарскага часопіса Das Magazin. Расказалі на прыкладзе амерыканскіх выбараў. Калі вы чалавек з высокай трывожнасцю, вам у Фэйсбуку будуць паказваць рэкламныя банеры з рукой рабаўніка, які разбівае шкло ў вашым доме. І подпіс: кожны павінен мець права абараніць сябе, і кандыдат Трамп абароніць ваша права на зброю. Возьмем іншую сітуацыю: вы цярпець не можаце зброю, затое вам па душы дабрачыннасць. Тады вам пакажуць на Фэйсбуку расследаванне, як фонд Хілары Клінтан праваліў дабрачынную дапамогу пацярпелым ад землетрасення на Гаіці.
Калі ўявіць, што тое ж самае напісалі б на вялізных перадвыбарных білбордах, якія бачаць усе, то хтосьці падняў бы іх на смех, хтосьці стаў бы крытыкаваць, і задума не спрацавала б. Але ў тым жа і фокус: гэта бачыце толькі вы на сваім смартфоне. А ваш калега па працы за суседнім сталом, напрыклад, убачыць у сваім тэлефоне іншую палітычную рэкламу, спецыяльна наладжаную пад яго, з улікам яго тэмпераменту, палітычных пераваг і гэтак далей.
Як жа ведаць, у каго які тэмперамент? Тут Cambridge Analytica не вынаходзіла веласіпед: у кампаніі проста скарысталіся мадэллю псіхатыпаў людзей, вядомай ужо больш чым паўстагоддзя. Пра яе напісаны тысячы артыкулаў - гэта пяць якасцей, па якіх можна ацаніць любога чалавека.
І зноў пытанне – дык а як зразумець, хто які псіхатып у інтэрнэце? Вось тут і была рэвалюцыя, той самы «веласіпед», які прыдумала кампанія. Дакладней, яна проста скарысталася распрацоўкай аднаго вучонага са Стэнфардскага ўніверсітэта Міхаіла Касінскага (або Міхала Казінскага). Пасля апісаных падзей імя гэтага маладога чалавека з польскімі каранямі стала вядома амаль па ўсім свеце, прынамсі, сярод зацікаўленых.
Спецыяліст па вялікіх даных Міхаіл прыдумаў, як вылічыць псіхатып чалавека па яго паводзінах у інтэрнэце (у нашым выпадку – у сацсетцы Фэйсбук). Прычым ніякіх тайных перапісак – толькі адкрытая інфармацыя! Што вы «лайкаеце», на якіх старонках больш «завісаеце», на якія групы падпісаны, што шукаеце – карацей, які «лічбавы след» пакідаеце пасля сябе ў сеціве. У самым вядомым сваім навуковым артыкуле Міхаіл Касінскі сцвярджае: па вашай актыўнасці ў сацыяльных сетках можна амаль дакладна прадказаць вашу арыентацыю і нацыянальнасць, узрост і пол, веравызнанне і палітычныя погляды, а таксама – ці ўжываеце вы наркотыкі і нават калі развяліся вашы бацькі. Яшчэ раз – я зараз не нейкае фантастычнае апавяданне вам цытую, а расказваю пра рэальную тэхналагічную схему, якая кожны дзень прыносіць вялікія грошы вялікім сусветным кампаніям.
Касінскаму прыпісваюць і вядомую формулу: 200 «лайкаў» у сацыяльнай сетцы – і мы ведаем пра цябе больш, чым твае сябры, 300 «лайкаў» - і мы ведаем пра цябе больш, чым твая мама, 500 «лайкаў» - і мы ведаем пра цябе больш, чым ты сам. Гэта таксама не прыгожы афарызм, а выснова шматлікіх эксперыментаў: праграма, для якой чалавек – проста набор «лайкаў», складае яго партрэт лепш, чым яго сябры і блізкія.
Сціплы дацэнт Стэнфарда, які адмовіўся працаваць у Фэйсбук і сцвярджае, што ніколі не працаваў з Cambridge Analytica (якія скарысталіся яго напрацоўкамі), Міхаіл Касінскі ў адным з інтэрв'ю падзяліўся: мы не заўважым, як штучны інтэлект захопіць наш свет. І страшна, паводле яго ацэнкі, тое, што ніхто да канца не разумее, як працуюць алгарытмы вялікіх даных.
Выснова эксперта: не трэба пачынаць чарговую вайну за прыватнасць, гэта вайна прайграная. Ніякай прыватнасці больш няма. Лепш падумаць, што добрага для людзей можна атрымаць з гэтай сітуацыі. Напрыклад, разумныя алгарытмы, якія ведаюць пра нас усё, маглі б дапамагаць у выстройванні кар'еры, у псіхалагічнай дапамозе, нарэшце, маглі б падказваць, які фільм нам паглядзець, каб ён абавязкова спадабаўся. Зрэшты, ніхто не дасць гарантыі, што тэхналогію не скарыстаюць і супраць людзей.
А вяртаючыся да таго, з чаго пачыналі: я ўпэўнены, што ўрокі лічбавай або медыяграматнасці трэба ўводзіць не толькі ў брытанскіх, але і ў нашых школах. Штосьці падобнае ўжо ствараецца ў суседніх Расіі і Украіне, праўда, пакуль на аматарскім узроўні – гэта асобныя школы, асобныя дырэктары і настаўнікі. Але, думаю, ніхто не будзе спрачацца: сёння да жыцця ў інфармацыйнай эры трэба рыхтавацца ўжо з самага маленства.