Падзяліцца:
"Розгалас. Чаму я не чытаю кнігі." Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
9 Ліпеня 2018
"Розгалас. Чаму я не чытаю кнігі." Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Я перастаў чытаць кнігі. Мастацкую літаратуру. Напісаў гэта - і сам адразу не паверыў. Але не, усё праўда - апошняй на сёння кнігай, якую асвоіў ад коркі да коркі, былі ўспаміны аднаго з расійскіх тэлежурналістаў, і было гэта ў мінулым годзе. А што з мастацкай літаратуры трымаў у руках апошнім часам, так адразу нават і не ўзгадаю. Каб вы правільна зразумелі - гэта не мая свядомая пазіцыя. Гэта проста канстатацыя факту. Факту для мяне вельмі сумнага, бо я з малых гадоў быў з кнігай на "ты". Памятаю, як спачатку мяне вучыла чытаць маці, пасля, калі ўжо мог самастойна складваць літары ў словы, пэўныя кнігі даваў бацька. Былі там і Том Сойер з Гекльберы Фінам, і палескія рабінзоны Янкі Маўра, і Міколка-паравоз. Асаблівую асалоду атрымліваў ад знаёмства з дзядулінай хатняй бібліятэкай. Там мяне чакалі Аляксандр Дзюма, Жуль Верн, Марк Твен. Былі часы, калі я любіў біцца аб заклад: бярыце любую кнігу Конан Дойла аб прыгодах Шэрлака Холмса і доктара Ватсана, адкрывайце яе на любой старонцы, пачынайце чытаць - і я вам тут жа скажу, як называецца гэтае апавяданне. І я рэдка памыляўся! Добра памятаю адчуванне тых часоў: глядзіш на кніжныя паліцы, і за кожнай гэтай вокладкай сіняга, жоўтага або чырвонага колеру з залацістымі літарамі мяне чакае асобны сусвет, у які можна пагружацца на цэлыя гадзіны (калі не на дні). Карацей, амаль што кніжны маньяк! За чытаннем новай кнігі мяне можна было ўбачыць часцей, чым з сябрамі на футбольным полі. А што цяпер? Калі і чытаю, то ў асноўным штосьці па прафесійнай дзейнасці і ў асноўным у інтэрнэце. Гады два таму падпісаўся на канал у адным з мэсэнджэраў, дзе пішуць агляды самых цікавых літаратурных навінак. Тое, што мяне "зачапіла", рэгулярна капіраваў сабе ў нататкі. З тым, каб аднойчы паехаць у кніжны і набыць сабе гэтыя "мастацкія далікатэсы". Усяго занатаваў каля дваццаці пазіцый. Як вы думаеце, колькі з іх рэальна з'явілася на маёй паліцы? Правільна, ніводнай. Ну добра, з'явіліся іншыя. З тых, што зараз пад рукой (дома або на працы): мемуары рэжысёра Андрэя Канчалоўскага, савецкага журналіста Аляксандра Бовіна, успаміны нашага былога калегі па "Радыёфакце" Анатоля Палонскага, збор матэрыялаў пра Ігната Дамейку, кніга палітолага Юрыя Шаўцова. Штосьці прачытаў напалову, штосьці ўрыўкамі, але ўсвядомлена і цалкам - ніводнай. Апошні раман пра дэтэктыва Фандорына… Смешна казаць, раней на гэтую кнігу мне хапала некалькіх дзён. Цяпер яна ляжыць некранутай ужо трэці месяц. Асабліва ж няёмка мне перад калегам, старшым таварышам-"радыёблогерам", вядомым пісьменнікам, паэтам, публіцыстам Навумам Гальпяровічам. Кніга «На трапяткім агні» з яго дароўным подпісам ляжыць на самым бачным месцы - але рукі не даходзяць. Пры тым, што ў мінулы раз яго кнігу-падарунак я праглынуў менш чым за тыдзень, а некаторыя сюжэты з яе (асабліва пікантныя) памятаю дагэтуль. Праўда, было гэта больш чым дзесяць гадоў таму. Дарэчы, вельмі спадзяюся, што Навум Якаўлевіч працягне гэтую тэму ў адным са сваіх "Радыёблогаў" і адкажа на пытанні, на якія няма адказаў у мяне. А галоўнае з іх - што ж і калі пайшло не так? Чаму кнігі перасталі чытаць? Удакладню - чытаць масава і не ўрыўкамі (канечне, Джоан Роўлінг і яе "Гары Потэра" гэта не датычыцца). Раней за так званымі падпіснымі выданнямі ў чэргах стаялі, кнігі мільённымі тыражамі выходзілі. А цяпер зойдзеш у кнігарню – сотні яскравых вокладак, выбар на любы густ, але выбраць цяжка. З нядаўна пачутай навіны: жыхар Екацерынбурга Аляксей Сальнікаў атрымаў расійскую прэмію «Нацыянальны бестселер» за раман, агульны тыраж якога складае 20 тысяч экзэмпляраў. Сусветную славу пісьменніку прадракаюць, называюць яго твор феноменам і – зноў жа паўтару – 20 тысяч тыраж. Вось вам і бестселер! Разумею, што тлумачэнняў можа быць шмат. Тысячы артыкулаў пра гэта напісана, шмат круглых сталоў і міжнародных канферэнцый ладзіцца, свой погляд на праблему ў пісьменнікаў, выдаўцоў, у саміх чытачоў. Але, ведаеце, гэта ўсё - «пра іх». А мяне найперш цікавіць пра мяне – чаму я перастаў столькі чытаць? Што ж такое здарылася? Самы відавочны адказ нават мне самому падаецца банальным: проста не хапае часу. Жаданне ёсць – а магчымасці часта няма. Дакладна ведаю, што так у многіх: праца, пастаянныя вандроўкі, больш яскравыя захапленні і цікавыя відовішчы (тое ж кіно). І так, інтэрнэт. Магчыма, нават ён на першым месцы ў спісе таго, што з'ядае наш свабодны час. І як жа параўнаць гэтыя рэчы: там вам проста кніга і кніга, сядзіш-чытаеш, а тут… І чытаць можна, і глядзець, і слухаць, і самому пісаць, і з іншымі камунікаваць. А колькі спецыяльных «штучак» прыдумана, каб яшчэ больш нас завабіць у сусветнае павуцінне! Вось так і сыходзіць каштоўны час... Зрэшты, не ўсё так дрэнна і час заўсёды можна знайсці – ведаю гэта па сабе. Але ён будзе абмежаваны, і ў гэтым ёсць плюс – значыць, чым далей, тым усё больш чытаць мы будзем толькі самае вартае, самае каштоўнае, тое, што прайшло выпрабаванне часам, тое, што застанецца. Кніга пустая, нецікавая, нудота, якая не «чапляе», адназначна застанецца без нашай увагі. Асабіста я вырашыў перарваць паўзу, якая зацягнулася, у адносінах з мастацкай літаратурай з кнігі Навума Гальпяровіча. Буду чытаць і чакаць ад яго працягу тэмы ў «Радыёблогу». А на завяршэнне прыгадаю цытату аднаго з самых вядомых італьянскіх пісьменнікаў (а таксама вучонага, філосафа, публіцыста і журналіста) Умберта Эка. Ён казаў: «Прыемна дапускаць, што бібліятэка не абавязкова павінна складацца з кніг, якія мы чыталі або калі-небудзь прачытаем. Гэта кнігі, якія мы можам прачытаць. Або маглі б прачытаць. Нават калі ніколі іх не адкрыем».
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: