
Нядаўна расказалі гісторыю. На адным з факультэтаў адной вну сярод студэнтаў першых курсаў правялі апытанне: якая ў іх асацыяцыя са словам “Тураў”? Горад – быў аднагалосны адказ. Аднак, у Беларусі Тураў – гэта не толькі старажытны горад. Гэта яшчэ і, без перабольшання, вялікі кінарэжысёр. Віктар Тураў. 25-га кастрычніка, яму споўнілася б 80 гадоў.
Гісторыю пра студэнтаў я расказаў не для таго, каб кагосьці прысароміць. Прызнаюся, да нядаўняга часу сам нешмат мог расказаць пра Віктара Турава. Але давялося браць інтэрв’ю ў дачкі Турава Алены – таксама рэжысёра і сцэнарыста. Падрыхтоўка да гэтай размовы стала для мяне своеасаблівым адкрыццём Віктара Турава. І сёння хачу падзяліцца з вамі некаторымі назіраннямі.
Турава многія называюць геніем, вялікім. Прыгадваюць званні – народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Яго першая поўнаметражная стужка “Праз могілкі” рашэннем ЮНЕСКА ўнесена ў спіс 100 найлепшых фільмаў свету. А імя самога рэжысёра – у топ-50 найлепшых за ўсю гісторыю кінематографа. Але гэта хутчэй – звесткі для энцыклапедый. А Віктар Тураў быў жывым чалавекам, са сваімі праблемамі і страсцямі, са сваімі подзвігамі і дасягненнямі.
Адзін з першых і самых вядомых яго фільмаў – “Я родам з дзяцінства”. Фільм пра вайну і яе наступствы. Сёння, калі ў свеце кажуць пра новую “халодную вайну”, калі Беларусь спрабуе быць міратворцам, заклікаючы народы – жыць у міры і згодзе, вельмі актуальна гучаць словы з гэтай стужкі, знятай у сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя. У адным з эпізодаў настаўніца гаворыць вучню, які ўпарта не жадае вучыць нямецкую мову: “Нельга ненавідзець народ. Народ, які даў свету Бетховена, Шылера, Гётэ, Гейнэ...”.
А цяпер уявіце, як даліся гэтыя словы самому Віктару Тураву, на вачах якога фашысты схапілі яго бацьку і расстралялі? Які маленькім – разам з маці і сястрой – трапіў у канцлагер і там ледзь не загінуў, пасля таго, як сцягнуў газіроўку ў кагосьці з немцаў-ахоўнікаў. Аднак усё гэта не абудзіла ў ім нянавісці. Фільмы Турава – гэта славутая беларуская талерантнасць. Што, праўда, не ўсім падабалася. І некаторыя пазнейшыя яго ваенныя стужкі таксама крытыкавалі – маўляў, не зразумела адразу, хто тут вораг, а хто свой?
Вядомы прынцып: скажы мне, хто твой сябра, і я скажу, хто ты. Адным з самых блізкіх сяброў Віктара Турава быў Уладзімір Высоцкі. І вось паказальны факт: пасля смерці Высоцкага рэжысёр цэлых 15 гадоў не даваў ніводнага інтэрв’ю пра іх адносіны! Сам сабе забараніў. Калі ўбачыў, як невядома адкуль лезуць на свет фальшывыя сябры і прыхільнікі Уладзіміра Сямёнавіча, якія шчодра дзеляцца з прэсай “падрабязнасцямі” яго жыцця. Гэта вам яшчэ адзін штрых да партрэту героя - «каким он парнем был», Віктар Тураў.
Між тым, па вялікім рахунку менавіта Тураў адкрыў Высоцкага для кіно, у ролі танкіста Валодзі ў тым самым фільме “Я родам з дзяцінства”. Сам Высоцкі казаў: “Прафесійна ў кіно я пачаў працаваць на “Беларусьфільме”. Храналагічна – гэта недакладнасць, але па-сутнасці – так і ёсць.
У той жа карціне ўпершыню з вялікага экрана прагучалі і песні Уладзіміра Высоцкага, у прыватнасці, “На брацкіх могілках”, “Штрафныя батальёны”. І гэта сведчанне пэўнай смеласці рэжысёра Віктара Турава. У той час песні Высоцкага гучалі толькі на нейкіх самаробных магнітафонных запісах.
Зрэшты, гэта асобная вялікая тэма – прыезды Высоцкага разам з Марынай Владзі на беларускую зямлю, у Слонім і Ружаны, на Навагрудчыну, здымкі і размовы, падчас якіх нараджаліся новыя песні. Пашукайце ў інтэрнэце інтэрв’ю з успамінамі Віктара Турава пра сяброўства з Уладзімірам Высоцкім, там шмат цікавых, вясёлых і сумных гісторый.
А фільм “Я родам з дзяцінства” – гэта яшчэ і прыклад новых цікавых прыёмаў у кінематографе. Дагэтуль многія рэжысёры лічаць модным выкарыстоўваць так званыя «доўгія планы». Гэта калі камера здымае адзін план, не перарываючыся, без усялякага мантажу, і доўжыцца ён дзве-тры-чатыры хвіліны. Дзесяць. Нядаўна ў Еўропе выйшаў у свет паўтарагадзінны фільм, які ўвесь зняты адным планам. Віктар Тураў ужыў такі «доўгі план» 50 гадоў таму! Калі і блізка не было спецыяльных тэхнічных прыстасаванняў, як, напрыклад, краны для кінакамер. Кажуць, у Турава камера проста ехала па рэйках, і наколькі іх змаглі пракласці, столькі і доўжыўся гэты план. А дубляў магло быць толькі тры – больш не было кінастужкі. Яна тады была дарагая, запісвалі на яе толькі раз, а потым змывалі – гэта вам не сённяшнія лічбавыя тэхналогіі.
Паглядзіце абавязкова гэты эпізод, ён у пачатку фільма. Камера як быццам плыве праз горад, за гэты час у кадры змяняюцца пейзажы і дэкарацыі, праходзяць дзясяткі людзей, кожны з якіх заняты сваёй справай... чатыры хвіліны без адзінага перапынку. Тытанічная праца рэжысёра, акцёраў і, канечне, усёй здымачнай групы! Не дзіва, што і сёння за такія здымкі бяруцца толькі майстры кінематографа. Адна памылка аднаго чалавека – і ўсё трэба пачынаць зноў.
Так што Віктар Тураў яшчэ і вельмі сучасны рэжысёр. Прыкра толькі, што на многіх сайтах, дзе прыводзяць прыклады такіх сцэн у сусветным кінематографе, я не знайшоў імені нашага славутага земляка. Хоць ён ужыў гэты прыём раней за многіх сваіх калег. Дакладна ён быў сярод першых. З іншага боку, мы з вамі цяпер гэта ведаем – а значыць, можам ганарыцца. А галоўнае – Тураў рабіў гэта не дзеля таго, каб здзівіць гледача нечаканым прыёмам. У яго ўсё абсалютна натуральна, проста адзін са спосабаў данесці свае думкі і эмоцыі.
Шмат можна расказваць пра Віктара Турава. Напрыклад, пра тое, як рукі сваёй апошняй жонкі ён прыехаў прасіць... у яе тагачаснага мужа. Вось так адкрыта, па-мужчынску, у твар, а не за спінай. Гэтак жа адкрыта выказваўся па многіх спрэчных тэмах, у тым ліку, калі працаваў першым сакратаром Саюза кінематаграфістаў. Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук неяк сказаў: Тураў быў як той Дон Кіхот – імкнуўся штосьці глабальна зрушыць у лепшы бок у нашым няпростым кінематографе. А вось ацэнка аднаго з блізкіх сяброў Уладзіміра Высоцкага: «Віктар Тураў... сам увесь родам з дзяцінства... ён здымае фільмы дарослымі, але ў той жа час дзіцячымі яшчэ вачыма».
Юбілей Віктара Турава, які адзначаецца ў гэтыя дні – лепшая нагода пераглядзець (а для тых, хто ніколі не бачыў – убачыць) фільмы славутага рэжысёра. Магчымасці ёсць. На радзіме Турава, у Магілёве ў гэтыя дні праходзіць традыцыйная «Тураўская восень» - стужкі дэманструюць на вялікім экране ў адным з мясцовых кінатэатраў.
Фільмы рэжысёра – часты госць у эфіры каналаў Белтэлерадыёкампаніі. Нарэшце, сёння ёсць інтэрнэт – у тым самым ют'юбе нескладана знайсці самыя вядомыя тураўскія работы (што прыемна, у некаторых з іх – дзясяткі тысяч праглядаў). Наша ўвага да фільмаў Віктара Турава і будзе лепшай данінай павагі майстру, якога няма з намі ўжо 20 гадоў.
Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.