Падзяліцца:
«Розгалас. Давайце будзем эгаістамі – на карысць іншым!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
8 кастрычніка 2019
«Розгалас. Давайце будзем эгаістамі – на карысць іншым!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Памятаеце дзіцячую гульню «Музычнае крэсла»? Насамрэч у яе розныя назвы, а часам і ўвогуле ніяк не называюць, але сутнасць вельмі простая: расстаўляюцца ў кола крэслы (напрыклад, пяць), а ўдзельнікаў гульні на аднаго больш (напрыклад, шэсць). Гучыць вясёлая музыка, усе бегаюць вакол крэслаў, часам нават узяўшыся за рукі, пакуль раптам музыка не спыняецца. І тут трэба не стаяць, раскрыўшы рот, а імгненна прызямліцца на бліжэйшае крэсла. Або не бліжэйшае, а на тое, што засталося свабодным. Часам, распіхваючы локцямі тых, з кім толькі што за рукі трымаўся. Бо галоўнае – не апынуцца тым самым «лузерам», які застаўся без крэсла. Ды што я вам расказваю – самі цудоўна ведаеце гэтую гульню! Хтосьці, магчыма, і дарослым у яе гуляў, напрыклад, на вяселлі – толькі там ужо бываюць розныя варыяцыі. Але сэнс той жа – адваяваць сабе месца пад сонцам. Прыгадаў я гэтую забаву не выпадкова. Штосьці падобнае часам назіраю ў адным з вядомых рэстаранаў хуткага харчавання. Так, ежа там не самая здаровая, і лепш у такія месцы хадзіць радзей. Але часам здараецца, што асабліва няма часу на гатаванне, а тут такі добры варыянт: і выбар страў не малы, і цэны дастаткова прымальныя. Не дзіўна, што бістро карыстаецца попытам і там нават бываюць свае «часы пік». Найперш у абедзенны час. Якраз у такія моманты і можна назіраць карціну: людзі з падносамі, поўнымі ежы, ходзяць паміж столікамі і шукаюць свабоднае крэсла. Гэта ж не рэстаран, дзе сеў, замовіў і чакай, калі табе прынясуць – тут самаабслугоўванне. А што, усе месцы занятыя? Ды не – ёсць умоўна свабодныя. Гэта тыя, дзе замест людзей – свядома пакінутае паліто або нейкія пакецікі або яшчэ што. Карацей, тлусты намёк: «сюды не садзіся, я заняў!» Атрымліваецца варыянт «ні сабе, ні людзям»: пакуль чалавек выбірае сабе ежу, потым яшчэ на касе разлічваецца, занятае ім месца стаіць пустое. Але і іншыя скарыстацца ім не могуць – там жа «занята». Так і ходзяць, небаракі, са сваімі падносамі, не ведаючы куды прыткнуцца, пакуль іншыя могуць быць задаволены: месца пад сонцам яны ўжо забраніравалі, усё добра, можна не спяшацца! Думаю, усім зразумела: калі зрабіць наадварот, праблема адразу вырашаецца. Пакуль адны выбіраюць, іншыя ядуць. Паелі – пайшлі, першыя прыходзяць на месца другіх, а на іх месца – новыя людзі. Канвеер, усе задаволены, ніхто не губляе час. Але ж ёсць нюанс: для гэтага трэба падумаць пра іншых, не толькі пра свае інтарэсы. З гэтым бываюць праблемы. Думаеце, адно бытавое назіранне прымусіла мяне гэты радыёблог напісаць? Ды не адно! Многія ні ў якія бістро не ходзяць, у чым фокус не зразумеюць. Так я вам іншыя прыклады прывяду, больш зразумелыя. З аўтамабільнага жыцця. Хто тут вадзіцелі, уявіце сабе карціну: дарога з дзвюх палос. З адной можна паварочваць толькі налева, з другой – налева і направа. На светлафоры гарыць чырвоны сігнал і зялёная стрэлка – тым, хто направа. Але ж абавязкова знойдзецца той, хто стане ў гэтую паласу і каму трэба паварочваць налева. І будзе стаяць, пакуль зялёнае святло не загарыцца. А за ім будуць стаяць усе, каму направа і хто мог бы праехаць. Літаральна напярэдадні зноў назіраў гэтую сітуацыю. Такія людзі парушаюць правілы? Правілы дарожнага руху? Канечне, не – усё законна. Але я б сказаў, што яны парушаюць правілы суіснавання з іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху (хоць такія нідзе і не прапісаны). Бо зноў-такі мэты эгаістычныя: хутчэй заняць месца першага на светлафоры, не стаяць у чарзе за ўсімі. Пра тое, што гэта замінае іншым, такія людзі не думаюць. А вам даводзілася трапіць у затор з-за аварыі або таму, што адна паласа закрытая? Калі дарога рэзка звужаецца. На роўным месцы можа з'явіцца велічэзная пробка – зноў жа таму, што ніхто не жадае іншага прапусціць. А навошта? Мне ж больш патрэбна, чым яму! Між тым, у некаторых еўрапейскіх краінах у такіх сітуацыях даўно дзейнічае негалоснае правіла: прапусціў наперад адну машыну з суседняй паласы – праехаў сам. Прапусціў адну – праехаў сам. Амаль што канвеер, затор у імгненне знікае, усе задаволеныя едуць далей у цудоўным настроі. Заўважце: правіла нідзе не прапісана, але ўсе разумеюць, што так будзе лепш, што гэта зэканоміць час кожнага канкрэтнага аўтааматара, і таму выконваюць яго. Гэта такі правільны эгаізм. Я прапусціў цябе – у наступны раз ты прапусціш мяне. Мне ад гэтага будзе лепш? Лепш. Я загадзя паказаў паварот, папярэдзіў таго, хто едзе за мной – значыць, не пачую ў свой адрас пару пяшчотных слоў, усе раз'едуцца ў цудоўным настроі. Мне будзе лепш? Адназначна. Я не заняў сабе месца ў бістро, калі яно не патрэбнае мне – значыць, у патрэбны час яно будзе свабодным. І такія прыклады можна працягваць і працягваць, з самых розных сфер нашага жыцця. Вось і атрымліваецца: найлепшы эгаізм – думаць пра іншых. Проста таму што гэта эканоміць час, нервы, грошы ўсім. І кожны ў выніку атрымлівае выгаду. Але працуе правіла толькі, калі выконваюць яго ўсе. Паспрабуем?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: