
Калі мне было гадоў дзесяць, мы з маім былым школьным сябрам вырашылі правесці невялікі эксперымент і праверыць: як адрэагуюць прахожыя на вуліцы, калі ўбачаць, што адзін хлопчык збівае другога проста ў іх на вачах. Шчыра скажу, абсалютна не памятаю, навошта нам гэта было патрэбна і галоўнае - адкуль увогуле ўзялася такая ідэя. Наўрад ці па тэлевізары ўбачылі, бо ў канцы 1980-х на тэлебачанні дакладна не было такой колькасці перадач пра злачынствы, пакаранні, следчыя эксперыменты і гэтак далей. Але сутнасць не ў гэтым, давайце лічыць, што проста багатая падлеткавая фантазія нам падказала.
Мы грунтоўна падрыхтаваліся, як нам тады падалося. У мяне дома знайшлі гуаш чырвонага колеру, каб была падобная да крыві - бо калі б'юць, бывае ж і кроў. А якраз была зіма, шмат снегу (зімы былі - не тое, што зараз), так што чырвоная фарба добра была б заўважная на белым снезе, вырашылі мы.
Месцам дзеяння выбралі пляцоўку побач з пажарнай часцю, практычна ў нашым двары. Праходнасць там была дастаткова добрая - а нам жа патрэбныя былі гледачы, пажадана шмат, каб была выбарка, кажучы сацыялагічнай мовай - колькі людзей міма прайшло, хто спыніўся, хто на дапамогу прыйшоў.
Не ведаю, дзе і што пайшло не так, але наш эксперымент праваліўся. Здаецца, і сябар "біў" мяне, як мае быць, і я вельмі тэатральна падаў у снег, спрабуючы пры гэтым непрыкметна дастаць з кішэні маленькі слоік з фарбай - і пырснуць ёй на снег. Для спецэфектаў! Але ўсе мінакі, якія ішлі міма нас, так міма і прайшлі. Здаецца, толькі адна бабулька на некалькі секунд затрымалася, прыгледзелася да нас, але так і не зацікавілася. Напэўна, з боку ўвесь наш эксперымент выглядаў даволі камічна. Дзесьці праз гадзіну змерзлыя і незадаволеныя мы вярталіся дамоў. Добра яшчэ смартфонаў у той час не было, а то абавязкова б папрасілі каго трэцяга зняць відэа і потым выклалі б у Youtube.
Чаму я прыгадаў тую даўнюю нашу дзіцячую гульню? Таму што прачытаў пра гульні цяперашніх дзяцей, і стала страшнавата. Маю на ўвазе нядаўнюю гісторыю ў Крычаве. Падлетак у масцы героя аднаго з галівудскіх трылераў і з бензапілой у руках хадзіў па вуліцах горада. Прычым зняў гэта на відэа і размясціў на старонцы ў сацыяльных сетках. Якія былі наступствы такіх прагулак па Крычаве з бензапілой, тут меркаванні разыходзяцца. Адны кажуць, што падлетак моцна напужаў нейкую дзяўчыну, выскачыўшы перад ёй позна вечарам, іншыя - што фэйкавы кінагерой нікому не пагражаў, а проста хадзіў у такім нетыповым для беларускага горада касцюме.
Што ж гэта было насамрэч, неўзабаве расказалі мясцовыя праваахоўнікі. Аказваецца, старонку ў сацсетцы пад імем серыйнага маньяка з трылера "Піла" завялі адразу тры жыхары Крычава, усім ім па 18 гадоў, - піша выданне "СБ. Беларусь сегодня". Адзін скакаў у масцы і з бензапілой, другі - здымаў на мабільны тэлефон, трэці - дапамагаў ім. Цяпер хлопцы божацца: здымалі яны толькі ў бязлюдных месцах і толькі позна вечарам. І ўвогуле хутка выклалі відэа на старонцы, у якім просяць прабачэння, калі кагосьці напужалі, і настойліва раяць іншым: не трэба так рабіць, не трэба паўтараць іх памылак. Напэўна, у міліцыі ім добра патлумачылі, чаму такія жарты не смешныя. Зрэшты, дзеянням маладых людзей яшчэ дадуць прававую ацэнку.
Сваю ацэнку такой "гульні" далі і каментатары на інтэрнэт-форумах. Але... не ўсе. І гэта моцна здзівіла мяне. Хапала здзіўленых каментарыяў з агульным сэнсам "ну і што такога яны зрабілі?". Ну так, калі ў самым дрэнным сэнсе думаць - то, на шчасце, яны нічога не зрабілі. Але ж справа не ў тым. Я, калі прачытаў гэтую навіну, адразу прыгадаў выпадак у сталічным гандлёвым цэнтры "Еўропа". Памятаеце, што казалі пасля таго здарэння некаторыя сведкі? "Мы адразу і не падумалі нічога дрэннага - магчыма, гэта гульня такая або хтосьці рэкламны ролік здымае". Чым завяршылася тая "гульня" з бензапілой, нагадваць не буду.
Але нават калі б гэта рабілі і без злога намеру, так бы мовіць, для забавы. Што калі ў чалавека слабое сэрца акажацца? І ён не вытрымае такіх жартаў. Хто будзе адказваць за наступствы? І як тым падлеткам потым з гэтым жыць?
Канечне, пэўная рацыя ёсць і ў такіх каментарыях: што з дзяцей узяць? А на Youtube безліч ролікаў з бензапілой, у некаторых - мільёны праглядаў. Вось і самі крычаўскія падлеткі прызналіся: мэтай іх дзеянняў было - збіраць "лайкі" і такім чынам атрымліваць папулярнасць у інтэрнэце.
У такім разе, на мой погляд, павінны, проста абавязаны сказаць сваё слова дарослыя. Растлумачыць, што можна рабіць, а што - не. Асабліва ў наш час, калі ўсё больш сціраецца мяжа паміж рэальнасцю і гульнёй.