Падзяліцца:
Розгалас. Дзе лепш жыць? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
28 кастрычніка 2016
Розгалас. Дзе лепш жыць? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Дзе лепш жыць – у горадзе або далей ад усялякіх гарадоў? Задаюся гэтым пытаннем, разам з вамі, невыпадкова – 31 кастрычніка па рашэнні Генасамблеі ААН адзначаецца Сусветны дзень гарадоў. Задача – акцэнтаваць увагу на праблемах сусветнай урбанізацыі. Дата маладая – ёй ўсяго тры гады. Затое самой праблеме ўрбанізацыі – не адзін дзясятак гадоў. Зараз прыкладна кожны другі жыхар планеты – гараджанін. Да 2050-га года ў гарадах будзе жыць больш за 60% насельніцтва. Ёсць і такая цікавая лічба – кожны дзень сусветныя гарады папаўняюцца прыкладна на 180 тысяч чалавек. Зразумела, растуць і праблемы – перш за ўсё на рынку працы і жылля, у сферах экалогіі і аховы здароўя. Дарэчы, у Беларусі працэсы ўрбанізацыі ідуць вельмі актыўна. Амаль тры чвэрці нашага насельніцтва – гараджане. Гэта самы высокі паказчык на постсавецкай прасторы. Мы на адным узроўні з Чэхіяй і Швейцарыяй. І вось пры такіх паказчыках дагэтуль захоўваецца стэрэатып: беларусы – нацыя вясковая. Маўляў, менавіта там, на вёсцы – карані нашай ментальнасці. Наколькі гэты стэрэатып дарэчны? Так, найбольш актыўна беларусы сталі пераязджаць у гарады адносна нядаўна – у савецкія часы. Тады быў усплёск урбанізацыі. Далёка не для ўсіх гэта была радасная падзея – перш за ўсё размова пра людзей сталага ўзросту. Памятаеце культавы ўжо фільм Ігара Дабралюбава «Белыя Росы»? Яго называюць своеасаблівым мастацкім дакументам урбанізацыі і адыходу ў мінулае вясковай Беларусі. У фільме горад літаральна наступае на вёску, не надта ўлічваючы жаданні яе карэнных жыхароў – таго ж Фядоса. У фінале, калі ўсе пераехалі ў горад, ён нават просіць у сонца лепшай долі для сваіх дзяцей. А яшчэ адзін герой фільма – у выкананні Мікалая Карачанцава – дастаткова жартаўліва ставіцца да свайго новага статусу: «Скоро городским буду. С балкона людям на макушки поплёвывать». Такім чынам, большасць беларусаў сапраўды паходзяць з вёскі. А што, жыхары іншых краін – не? Ды абсалютна тая ж карціна! У пачатку 19-га стагоддзя гараджанамі былі толькі 2% насельніцтва планеты. Так, многія гарадскія беларусы сёння ў душы застаюцца вяскоўцамі, больш за тое – кажуць пра гэта адкрыта і ганарацца гэтым. І што, яны нейкія іншыя беларусы? Канечне ж, не. На двары 21-е стагоддзе, і ўспрыманне свету змянілася. Калі раней для вясковага жыхара сусвет абмяжоўваўся ягонай і суседнімі вёскамі (проста ён ніколі ў жыцці далей за іх не выязджаў), то цяпер дастаткова зайсці ў інтэрнэт і можна быць на сувязі з любым кутком планеты. Ды і фізічна ніхто не перашкаджае пабываць дзе заўгодна – межы адкрытыя, было б жаданне і магчымасць. Аднак, вось яшчэ адна цікавая прыкмета часу – так званы дауншыфцінг. У перакладзе з англійскай гэта спалучэнне слоў «перамяшчацца ўніз». Дауншыфцерамі называюць людзей, якія добраахвотна адмаўляюцца ад бліскучай кар'еры, добрага заробку і іншых выгод гарадскога жыхара, карацей, кідаюць усё – і едуць жыць куды-небудзь на прыроду, востраў у моры або на той жа хутар, у вёску. Ёсць такія людзі і ў Беларусі. Некаторыя нават вядуць свае блогі ў інтэрнэце – апісваюць, так бы мовіць, «тяготы и лишения» вясковага жыцця. Хоць, шчыра кажучы, якія ж гэта ўцёкі ад цывілізацыі? Калі тая цывілізацыя заўсёды побач з табой, на экране смартфона? Прынамсі, пакуль ёсць устойлівы сігнал і электрычнасць для зарадкі. Чаму пакідаюць гарады? Кажуць, стамляюцца ад шалёнага гарадскога рытму. Ад навязлівага цыкла «дом-праца-дом», які, здаецца, хтосьці паставіў на паўтор. Ад пастаяннай пагоні за лепшай машынай, кватэрай, большым заробкам і гэтак далей. Псіхолагі кажуць яшчэ пра так званы «сіндром адтэрмінаванага шчасця» - якое хутка настане, вось яшчэ крыху, а яно ўсё не настае. Адным словам, выгараюць людзі. Затое далей ад гарадоў, кажуць яны, зусім іншае жыццё. Свежае паветра, свае прадукты (хаця б часткова), новыя эмоцыі. Няма тых пастаянных патокаў інфармацыі, ад якіх нікуды не дзецца ў горадзе. Аднак, калі капнуць глыбей, то аказваецца, што многія хоць і жывуць не ў горадзе, але ж і зусім недалёка ад яго. І машына заўсёды побач, калі што – каб хутка даехаць да цывілізацыі, ад якой збеглі. А тут яшчэ і псіхолагі (тыя ж або іншыя) дадаюць: часцей за ўсё дауншыфцеры – сапраўдныя эгаісты. Яны часта не толькі працу кідаюць, але і сем'і. Ды і з працай пытанне – магчыма, людзі проста з самага пачатку не сваёй справай займаліся? Ім банальна нецікава. І адпачываць не ўмеюць. Вось і выгараюць. У такім разе змена горада на вёску – гэта таблетка непрацяглага дзеяння. Так, многія мае знаёмыя толькі і чакаюць вечару пятніцы, каб хутчэй – на прыроду! Асабліва ў цёплы час года. На дачу, у вёску, у свае «маёнткі» - абы не ў горадзе заставацца. Але ж у панядзелак – зноў на працу. Ды і многія з нас у дзяцінстве былі сапраўднымі дауншыфцерамі – калі на летніх канікулах ехалі жыць на тыя ж дачы або ў вёскі да бабуль. Месяцамі там прападалі. Атрымлівалі асалоду ад свабоды! Але ж 1-га верасня – зноў у школу. Прызнаюся, асабіста я вяртаўся ў горад з радасцю. Усё ж такі пастаяннае жыццё «на свежым паветры» крыху надакучвала. А ў горадзе былі сябры, знакавыя месцы і тая самая цывілізацыя, без якой складана абыходзіцца, як толькі пачынае халадаць. Я гэта да чаго? Як кажуць, што не трэба блытаць турызм з эміграцыяй, так і не трэба блытаць часовы адпачынак за горадам з пастаянным жыццём там. Гэта праблемы і нязручнасці, якія многія нават не ўяўляюць. Таму і вяртаюцца назад, у горад. Зрэшты, гэта той выпадак, калі кожны выбірае сам. Магчыма, калі-небудзь людзі настолькі перанасыцяцца пладамі цывілізацыі, што масава збягуць куды-небудзь у глуш. Але галоўнае, каб былі шчаслівыя, дзе б ні знаходзіліся – у аддаленым хутары або на 15-тым паверсе ў сталічным шматпавярховіку... Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: