Падзяліцца:
Розгалас. Дзе нарадзіўся, там і ... жыві? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
28 Лютага 2018
Розгалас. Дзе нарадзіўся, там і ... жыві? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Днямі я браў інтэрв'ю ў галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па фрыстайле Мікалая Казекі. Думаю, не будзе перабольшваннем назваць яго легендарнай асобай: больш за 30 гадоў Мікалай Іванавіч выхоўвае айчынных – як іх любяць называць – лыжных акрабатаў. Вынікі такога выхавання фенаменальныя: не было яшчэ ніводнай зімовай Алімпіяды, каб беларускія фрыстайлісты не прывозілі медаль. Прычым, пачынаючы з Ванкувера-2010, медалі гэтыя толькі вышэйшай пробы. Не сталі выключэннем і Гульні ў Пхёнчхане, дзе сваё золата здабыла Ганна Гуськова. Карацей, такія спартыўныя спецыялісты звычайна нарасхват. Не дзіўна, што за тры дзесяцігоддзі работы Мікалаю Казеку не раз прапаноўвалі пераехаць за мяжу, але ён заўсёды адказваў у духу: лепш чым дома, нідзе не будзе - а ўсіх грошай не заробіш. У цяперашнім інтэрв'ю я спытаў у трэнера: якія былі самыя цікавыя прапановы? Хто пераманьваў? Аказалася, напярэдадні мінулай зімовай Алімпіяды ў Сочы Казеку прапаноўвалі за добрыя грошы трэніраваць расійскую каманду. Але ён зноў быў непахісны. Матывы такія: у Беларусі - родная каманда і від спорту, якія ствараліся літаральна з нуля. Гэта як роднае дзіця. Па вялікім рахунку, а што яшчэ мог адказаць чалавек, які чытае "Гамлета" у перакладзе на беларускую мову і бацькам якога быў літаратурны крытык, галоўны рэдактар выдавецтва "Беларусь" Янка Казека? Чалавек, які памятае, дзе яго карані. Раздумваючы над гэтым, я прыгадаў радкі з пісьменніка Сяргея Даўлатава: "Я ніколі нікому не прадаваўся! - А вас калі-небудзь куплялі?". Растлумачу, што маю на ўвазе. Лёгка казаць «мне не патрэбныя іншыя краіны», калі цябе там не вельмі і чакаюць. Іншая справа, калі ты класны спецыяліст, ведаеш мовы, маеш спакуслівыя прапановы з чатырма або пяццю нулямі, але ўсё роўна застаешся, каб працаваць на карысць сваёй Радзімы. Рабіць лепш тут, на сваім месцы, а не ехаць туды, дзе, магчыма, лепш. Карацей, па вядомай формуле «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Гэта дарагога вартае. Зрэшты, інтэрнэт-каментатары ўжо заўважылі: Мікалай Казека заслугоўвае павагі за тое, што ён адзін з нямногіх трэнераў, хто не пагнаўся за доўгім рублём на захад або на ўсход. Але, ведаеце, не хацелася б, каб гэты Радыёблог успрынялі як папрок тым, хто вырашыў шукаць лепшую долю за мяжой. Беларусь – краіна з адкрытымі межамі ды і ўвогуле 21-ае стагоддзе на двары, бар'ераў у свеце становіцца ўсё менш, кожны сам вырашае, дзе і як жыць. Як, дарэчы, і нясе адказнасць за сваё рашэнне – у тым выпадку, калі акажацца, што выбар зроблены няправільна. Сёння ўжо зразумела, што можна жыць у іншай краіне і пры гэтым працаваць на карысць Беларусі, а можна – і цалкам наадварот. Пра тых, што «наадварот», казаць не буду – самі можаце іх вакол убачыць. А сярод першых я б прыгадаў нашага славутага земляка Францыска Скарыну. Дзе ён толькі ні жыў – у Кракаве і Кёнігсбергу, Вене і Падуі, Вільне і Празе, але ж заўсёды памятаў пра сваю Радзіму (у тым ліку і малую), напісаўшы ў прадмове да Псалтыра «я, Францішак Скарынін сын з Полацка». Ды і той самы Псалтыр убачыў свет у Празе, але ж ад гэтага ён не перастае быць знакавай з'явай для беларускага кнігадрукавання. Можна прывесці ў прыклад і некаторых нашых сучаснікаў. Знакаміты тэнесіст Максім Мірны сёння фактычна жыве на дзве краіны, Беларусь і ЗША (у яго свой дом у Фларыдзе). Але ж пры гэтым ён застаецца на 100 працэнтаў беларускім спартсменам і сваімі перамогамі на міжнародных турнірах праслаўляе менавіта Беларусь. Або наш зямляк, ураджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі. Сёння ён жыве ў Маскве і фармальна яго трэба называць расійскім касманаўтам. Але гэтаксама мы можам лічыць яго і беларускім касманаўтам, калі з сабой на арбіту Алег бярэ беларускі сцяг і фатаграфуе з космасу беларускія гарады. Дарэчы, на адной з сустрэч з беларускім Прэзідэнтам касманаўт прызнаўся, што пасля адстаўкі збіраецца вярнуцца жыць на радзіму. А яшчэ апошнім часам сярод заможных беларусаў, якія ў тым ліку жывуць за мяжой, становіцца трэндам падтрымліваць, уладкоўваць сваю малую радзіму – тыя беларускія вёсачкі і гарадкі, адкуль яны, што называецца, выйшлі ў вялікае жыццё. І гэта таксама дзейнасць на карысць Беларусі. Такіх людзей становіцца ўсё больш, і ў Год малой радзімы, аб'яўлены сёлета, мы будзем расказваць вам пра іх часцей.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: