Падзяліцца:
Розгалас. Дзе працаваць, каб не працаваць... Радыёблог Максіма Угляніцы
5 Верасня 2016
Розгалас. Дзе працаваць, каб не працаваць... Радыёблог Максіма Угляніцы Мiжнародная арганiзацыя працы нядаўна парадавала. Яна прапануе перайсці на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Матывы самыя высакародныя - экалогiя ад такога рашэння палепшыцца, здароўе работнiкаў - паправiцца, а колькасць працоўных месцаў павялiчыцца! На сайце ААН, спецыяльна для скептыкаў, удакладняюць: "гэта не жарты, а вельмi папулярная тэма, якую часта абмяркоўваюць у бiзнес-колах". Канечне, якiя тут жарты! Мне здаецца, некаторыя з радасцю прачыталi гэтую навiну. Прыгадайце, бывала з вамi такое? - вырашыш днём у магазiн зайсці, каб хуценька чаго купiць, без чаргi - а магазiн поўны людзей! І не падобна, каб усе яны былi маладыя мамы, або пенсiянеры, або людзi творчых прафесiй, са свабодным графiкам - як мы, журналiсты, напрыклад. А хто з аўтамабiлiстаў не трапляў у жудасную пробку ў якi-небудзь «ауторак, 16.00»? Здаецца ж, не «пятнiца, вечар» - адкуль яны ўсе на дарогах?! I вось стаiш у гэтым заторы або ў той чарзе ў магазіне i думаеш: «дзе ж гэта людзі так працуюць, што ў разгар дня ў іх столькi свабоднага часу»?! Зрэшты, калi ёсць грошы на бензiн i магазiн за гэтых людзей можна не хвалявацца. А вось іншая катэгорыя - тыя, хто пастаянна жалiцца: няма дзе працаваць. Жанчыны кажуць, што такiх больш - сярод нас, мужчын. Пакуль мы жалімся – яны, жанчыны, на трох працах занятыя. Магчыма, не будзем спрачацца. Дык вось, часта пагаворыш з такім чалавекам і аказваецца - праца ёсць. Але… Гэтага рабіць не ўмею, а таго не жадаю. І наогул – хачу атрымліваць колькі там долараў, і кропка. Заўважце – не зарабляць, «атрымліваць». І заўсёды ў такіх людзей гатовыя апраўданні – чаму іншыя могуць, а яны – не. Ну тут, прабачце, хто на што вучыўся! Магчыма, пайшоў у свой час ва ўніверсітэт абы на якую прафесію – тады цяпер палюбі гэтую прафесію. А не падабаецца – перавучвайся! Магчымасцей для гэтага зараз хапае. Зрэшты, нават калі зоркі сышліся, знайшоў сабе занятак і працуе – яшчэ не факт, што ўсё атрымаецца. Нядаўна ў сацыяльных сетках дастаткова вялiкi #розгалас атрымаў запiс адной карыстальнiцы Фэйсбука з Расii. Можна сказаць, крык душы. Асноўны пасыл - апошнiм часам людзей трэба ўпрошваць працаваць за грошы. Яшчэ раз - за грошы! Упрошваць! Як пiша жанчына пра такiх работнiкаў, - «калi раней трэба было трымаць руку на пульсе, то зараз неабходна сачыць, цi ёсць пульс? Цi б'ецца сэрца ўвогуле?» Гэты запіс у інтэрнеце ўжо сабраў некалькi тысяч лайкаў, а сярод каментарыяў пад iм ёсць і такiя: "паехаць куды-небудзь на бязлюдны востраў, далей ад гэтага пакалення Б - бездапаможных iнфанцiлаў». Хтосьці скажа - гэта далёкiя ад нас рэалii? Ды не. Вось вам запіс з беларускага фэйсбука, ад уладальніка кафэ ў Мінску: «штосьці катастрафічна дзіўнае адбываецца з персаналам. УСЕ жаляцца, што няма людзей/працы/грошай, але працаваць не жадаюць!!» Ёсць у мяне і свае гісторыі. Сустрэўся неяк на веладарожцы са сваім былым калегам. Былым – бо ён цяпер бліжэй да бізнесу, чым да журналістыкі. Слова за слова, сталі абмяркоўваць працу. Кажа – не магу сваіх маладых падначаленых прымусіць працаваць! Нічога ім не патрэбна. І грошы – ужо не матыў! Кажуць, хапае таго, што ёсць, а напружвацца не жадаем. Або запісваў я інтэрв'ю з мецэнатам, які па Беларусі зАмкі аднаўляе. І экскурсіі цікавыя ладзіць. Гаворыць, - сустрэў аднойчы у вёсцы мужчыну. Той пачаў – «грошай мала, праца не падабаецца». Дык вазьмі – кажа – і арганізуй у сябе аграсядзібу, месца ў цябе шыкоўнае, я дапамагу… Які быў адказ? Правільна - «ооо, дык гэта ж працаваць трэба»! І такіх гісторый, паверце, - вагон і маленькая цялежка! Падобна на тое, што для некаторых беларусаў залатая мара – як у аднаго з герояў савецкага фільма «Свадьба в Маліновке»… Хтосьці прыгадае вельмі папулярную апошнім часам у інтэрнеце карцінку «Працаваць трэба не шмат – а галавой». Раскажыце гэта хірургам, якія па 10 гадзін за аперацыйным сталом праводзяць! Або шахцёрам... Або тым жа праграмістам, якія часам гадзінамі не ўстаюць з-за камп'ютара. Ды і ўвогуле – усім тым сусветна вядомым поп-зоркам, кінаакцёрам, медыкам і адвакатам. У іх вельмі высокія зарплаты – але за іх яны гатовы не проста працаваць - «пахаць». Ці кожны з нас гатовы «пахаць»?! І як тут не пагадзіцца з тым, што ў Беларусі насамрэч створаны ўсе ўмовы для годнага заробку. Але для гэтага трэба варушыцца. Толькі лянівы можа не зарабіць. Звярніце ўвагу – не атрымаць, а зарабіць! Не «получка», а зарплата. Пры тым, што розным катэгорыям абяздоленых, інвалідаў наша дзяржава заўсёды дапаможа, размова пра тых, хто можа, але не жадае. А ўвогуле ёсць такое назіранне сапраўды паспяховых людзей – яно працуе і ў Беларусі, і ў любой іншай краіне. Знайдзіце занятак, ад якога вы атрымліваеце сапраўдную асалоду, тое пра што кажуць «вось гэта – маё!». Укладвайце ў яго ўсю сваю душу – і тады грошы абавязкова прыйдуць. Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: