Падзяліцца:
«Розгалас. Эра міласэрнасці або эпоха «усенасілля»?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
19 Лістапада 2019
«Розгалас. Эра міласэрнасці або эпоха «усенасілля»?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) «Эра міласэрнасці» – так называецца вядомы раман савецкіх пісьменнікаў братоў Вайнераў. Але яшчэ больш вядомы фільм, зняты па матывах гэтай кнігі – «Место встречи изменить нельзя». Як на мой густ, то – адзін з найлепшых савецкіх серыялаў. Памятаеце дыялог Жэглова і Шарапава на кухні з іх суседам па камуналцы Міхал Міхалычам у выкананні Зіновія Гердта? (аудыё) «Па маім глыбокім перакананні, злачыннасць у нас перамогуць не карныя органы, а натуральны ход нашага жыцця. Чалавекалюбства, міласэрнасць...» – Міласэрнасць – папоўскае слова... Не, Міхал Міхалыч, з бандамі пакончым мы, гэта значыць карныя органы! – Памыляецеся, маладыя людзі. Міласэрнасць – дабрыня і мудрасць. Гэта тая форма існавання, пра якую я мару, да якой усе мы імкнёмся, у рэшце рэшт. Можа быць, хто ведае, зараз у беднасці, галечы, нястачы, зараджаецца эпоха… Нават не эпоха – эра. Міласэрнасці. Менавіта – эра міласэрнасці!» Дзеянне рамана адбываецца ў 1945-ым годзе, кнігу браты Вайнеры напісалі ў 1975-ым, экранізавалі яе яшчэ пазней. Але з якога моманту ні адлічвай, трэба шчыра прызнаць – пакуль што эра міласэрнасці ў гісторыі чалавецтва не наступіла. І нават першых прыкмет не відаць. Больш за тое, нам прапануюць іншае паняцце замест міласэрнасці – «усенасілле», або ўсеагульнае, татальнае насілле (omniviolence). Аўтар гэтага паняцця палітолаг Дэніэл Д'юдні. Ён меў на ўвазе не тое, што ўсе будуць супраць усіх, тут крыху іншае значэнне. Усенасілле – гэта калі злачынствы (у тым ліку тэрарызм), дзякуючы новым тэхналогіям, выходзяць на новы ўзровень. Злачынцы змогуць атакаваць каго заўгодна і дзе заўгодна ў катастрафічных маштабах. Такія змрочныя (хоць пакуль і тэарэтычныя) прагнозы робяць эксперты. Напрыклад, даследчык глабальных катастрафічных рызык і аўтар некалькіх кніг Філ Торэс у нядаўнім артыкуле прыводзіць такі гіпатэтычны прыклад. Маленькі квадракоптэр (дрон) дыяметрам усяго некалькі сантыметраў можа пераносіць кумулятыўны снарад вагой 1-2 грамы. Здаецца, дробязь, але такі снарад без праблем можа зрабіць дзірку ў чалавечай галаве. Няма ніякіх праблем замовіць беспілотнікі ў якога-небудзь кітайскага вытворцы, а пасля запраграміраваць у іх тысячы фатаграфій магчымых мішэняў. І вось уявіце сітуацыю. Мільёны маленькіх квадракоптэраў са снарадамі змесцяцца ў адным паўпрычэпе. Літаральна некалькі грузавікоў з дронамі – і можна атакаваць умоўны Нью-Ёрк 10-цю мільёнамі беспілотнікаў. Такі сабе «рой дронаў». Амаль што рой пчол, толькі замест насякомых у ім – смяротныя машыны. Прычым высокая эфектыўнасць не патрэбная, дастаткова каб свае цэлі знайшлі 5% коптэраў – і падлічыце самі катастрафічную колькасць чалавечых ахвяр. Самае жудаснае, што калі для мільёна ствалоў патрэбны мільён салдат, то з новымі тэхналогіямі ўсё прасцей: дастаткова ўсяго некалькіх чалавек і спецыяльна напісанай праграмы, якія запусцяць і пасля будуць кіраваць дронамі. Канечне, усё гэта добра гучыць у тэорыі. А на практыцы… Першае, што прыходзіць у галаву – наўрад ці хтосьці зможа проста так набыць мільёны квадракоптэраў, няхай нават у розных вытворцаў, каб ім не зацікавіліся спецыяльныя службы. А калі і набудзе, то далей таксама не ўсё так проста, як здаецца. Але з іншага боку – прыгадайце нядаўнюю атаку беспілотнікаў на аб'екты саудаўскай нафтавай кампаніі. Відавочна, ніхто не быў да гэтага гатовы. А якія наступствы аказаліся – нават цэны на нафту часова змяніліся! Так што недарэмна Філ Торэс у сваім артыкуле заўважае: мы маем справу з чымсьці абсалютна беспрэцэдэнтным і жахлівым. У распараджэнні тэрарыстаў і іншых злачынцаў будучыні акажуцца не толькі інтэрнэт і беспілотнікі, але таксама сінтэтычная біялогія, нанатэхналогіі і сістэмы штучнага інтэлекту. Свет не гатовы да такога ўсенасілля. Развіццё таго ж «інтэрнэту рэчаў», калі мільярды розных прылад падключаны адна да адной з дапамогай бесправадных тэхналогій, з кожным днём толькі павялічвае колькасць уразлівасцей. Падключаныя да агульнай сеткі прылады будуць усюды вакол нас — ад халадзільніка і аўтамабіля да глабальных энергетычных сетак, а паломка любога з кампанентаў будзе пагражаць сур'ёзнай аварыяй. Амерыканскі спецыяліст па лічбавай бяспецы Брус Шнайер у кнізе «Клікні тут, каб забіць усіх» прыводзіць толькі тры гіпатэтычныя негатыўныя сцэнарыі: кібератакі на электрычныя сеткі ва Украіне; забойства з дапамогай узламанага хакерамі беспілотнага аўтамабіля; біяпрынтэр, які пачаў тыражыраваць смяротна небяспечны вірус. Ну і хто асмеліцца сказаць: такога ніколі-ніколі не здарыцца?! Філосафы ідуць яшчэ далей і разважаюць, што цяпер будзе са знакамітым «грамадскім дагаворам», які сфармуляваў у свой час англійскі філосаф Томас Гобс. Сэнс просты: людзі адмаўляюцца ад пэўных свабод, а дзяржава ўзамен на гэта гарантуе ім бяспеку. Але ці змогуць дзяржавы гарантаваць бяспеку людзей у сітуацыі, калі хто заўгодна можа атакаваць каго заўгодна з дапамогай новых тэхналогій? Напэўна, не змогуць. І што тады рабіць? Ёсць прапановы распрацаваць усеагульныя сістэмы назірання, каб злачынцаў можна было выяўляць яшчэ на этапе падрыхтоўкі актаў насілля. Ёсць увогуле дзіўныя ідэі – перадаць кіраванне дзяржавамі звышразумным машынам на базе штучнага інтэлекту. Але нават у простых судах у ЗША, дзе часам практыкуюць прыняцце рашэнняў не людзьмі, а алгарытмамі, гэта не заўсёды спрацоўвае. А што казаць пра маштабы цэлых краін! Зрэшты, усё можа быць больш празаічна. Філ Торэс у сваім артыкуле задаецца пытаннем: а што, калі нейкая кліматычная катастрофа (мегазасуха, моцная паводка, пад'ём узроўню мора, успышка хвароб) верне нас, чалавецтва, у часы палявання і збіральніцтва? Тады нас будуць цікавіць камяні і палкі, а не штучны інтэлект і дроны. Увогуле наша цывілізацыя – эксперымент, кажуць вучоныя. Чым і калі ён завершыцца, ніхто не ведае. Але якраз гэта і дае надзею на лепшае. На тое, што ўсё з чалавецтвам будзе добра. І, магчыма, эра міласэрнасці, пра якую марылі пісьменнікі мінулага стагоддзя, нарэшце настане.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: