Падзяліцца:
Розгалас. Фантастыка, якая на нашых вачах становіцца рэальнасцю. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
13 сакавіка 2018
Розгалас. Фантастыка, якая на нашых вачах становіцца рэальнасцю. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Памятаю, як падлеткам яшчэ, у апошніх класах школы, я трапіў у Маскву; гэта было маё першае паўнацэннае наведванне расійскай сталіцы – бо ў папярэдні раз я апынуўся там у зусім юным узросце і мала што запомніў. Дык вось, адным з самых вялікіх уражанняў ад той паездкі, як ні дзіўна, стала не маскоўская архітэктура ці Арбат, а… пэйджар. Невялікае прыстасаванне чорнага колеру для прыёму паведамленняў – ну вы самі памятаеце, што гэта такое, калі ён у вас быў! А пэйджары ў свой час насілі многія. Менавіта ў Маскве я ўпершыню ўбачыў тое, пра што раней толькі чуў. Пэйджар быў у звычайнага рабочага на будоўлі, міма якой мы праходзілі разам з татам, гуляючы па горадзе. Чамусьці мяне гэта так уразіла, што я тут жа зразумеў: хачу сабе такі ж апарат. Сваё жаданне я пасля неаднаразова агучваў. Нават не так, не жаданне – мару. Бо на той момант мне гэта здавалася абсалютнай фантастыкай: ну дзе я, школьнік, і дзе пэйджар? Магчыма, калі-небудзь… Праз шмат гадоў… Цікава, што бацька на гэта мне адказваў, усміхаючыся: супакойся, будзе ў цябе пэйджар. Верылася цяжка. Першы ў сваім жыцці пэйджар (і апошні) я набыў гады праз тры пасля гэтага, ужо ва ўніверсітэце. Мара ажыццявілася! І нават было крыху смешна, што зусім нядаўна гэта здавалася такой фантастыкай. Зрэшты, яшчэ праз некаторы час стала зразумела: жаданая тэхнічная навінка – дастаткова бязглуздая рэч. Табе паведамленне адпраўляюць, але як ты можаш адрэагаваць? Хіба што знайсці бліжэйшы таксафон, каб патэлефанаваць і адказаць, напрыклад, што з табой усё ў парадку. Або надыктаваць адказ на іншы пэйджар. Пра мабільныя тэлефоны тады мы таксама маглі толькі марыць. Але гэтая мара ажыццявілася яшчэ хутчэй – на апошнім курсе універсітэта. Сваю гісторыю з пэйджарам я прыгадваю часам, калі чую пра нейкія тэхнічныя навінкі, навуковыя распрацоўкі, што ўжо заўважныя на гарызонце, але яшчэ могуць здавацца фантастыкай. Так здарылася і днямі, калі наткнуўся ў інтэрнэце на свежы агляд: спіс 10-ці найбольш прарыўных тэхналогій-2018. Вось ужо 17 гадоў такі топ складае часопіс Масачусетскага тэхналагічнага інстытута (гэта адна з самых прэстыжных тэхнічных навучальных устаноў у свеце). Аўтары агляду самі адказваюць на пытанне: што ж лічыць «прарывам», калі некаторыя адкрыцці яшчэ нават шырока не вядомыя? А гэта тое, што моцна паўплывае на наша жыццё. Сярод прарываў гэтага года: новая тэхніка штучнага інтэлекту, якая дае машынам штосьці падобнае на чалавечую фантазію; «сенсарны горад» у Канадзе (адзін з раёнаў Таронта літаральна нашпігуюць датчыкамі, якія будуць збіраць інфармацыю пра ўзровень шуму, забруджвання, актыўнасць людзей, машын і яшчэ шмат пра што); металічныя 3D-прынтары – з іх дапамогай можна будзе, напрыклад, надрукаваць запасную частку для вашага аўтамабіля, якая патрабуе замены, і не трэба дзеля гэтага трымаць вялікія запасы дэталяў. Заўважце, гэта ўсё не тэарэтычныя распрацоўкі, а тое, што ўжо стала рэальнасцю. Але мяне зацікавілі некалькі іншых адкрыццяў, пра якія раскажу крыху больш. Сярод іх – навушнікі для імгненнага перакладу, якія раней можна было ўбачыць толькі ў фантастычных фільмах. Іх нядаўна стварыла кампанія Google. Праўда, для іх работы патрэбны спецыяльны смартфон. Па задуме, адзін чалавек носіць навушнікі, а другі - тэлефон. Уладальнік навушніка гаворыць на сваёй мове (напрыклад, англійскай) і дадатак перакладае размову, прагаворваючы яе ўслых па тэлефоне, напрыклад, па-беларуску. Іншы чалавек адказвае ў тэлефон, і гэты адказ транслюецца праз навушнік яго візаві. Шчыра кажучы, пакуль водгукі людзей, якія карыстаюцца такімі навушнікамі, не вельмі станоўчыя: у рэальнасці ўсё атрымліваецца не так гладка, як было задумана. Але ж і першыя лятальныя апараты былі мала падобныя на сённяшнія самалёты. Пройдзе час – і тэхналогія стане больш дасканалай. Затое толькі ўявіце, якія перспектывы гэта адкрывае! У будучым можа знікнуць адна з перашкод для свабодных зносін людзей ва ўсім свеце – розныя мовы. Фактычна мы будзем размаўляць на адной мове, і пры гэтым кожны – на сваёй роднай. Мімаволі прыгадваецца знакаміты біблейскі сюжэт пра Вавілонскую вежу. Скажаце, фантастыка? А я ўпэўнены – рэальная перспектыва, пытанне толькі ў часе. Яшчэ адзін прарыў у часопісе назвалі «генетычнае прадказанне». Ён неадназначны. Аказваецца, самыя распаўсюджаныя хваробы і многія віды паводзін і рысы, у тым ліку інтэлект чалавека, - гэта «работа» не аднаго або некалькіх генаў, многія з іх дзейнічаюць разам. Выкарыстоўваючы даныя буйных генетычных даследаванняў, навукоўцы ствараюць тое, што яны называюць «палігеннымі ацэнкамі рызыкі». Калі зусім спрошчана, аднойчы можа здарыцца, што дзеці ўжо пры нараджэнні будуць атрымаліваць адмысловыя ДНК-карткі. У гэтых справаздачах урачы напішуць прагнозы адносна іх шанцаў на сардэчны прыступ або рак, на тое, што яны стануць курцамі і нават якім будзе сярэдні паказчык іх інтэлектуальнага ўзроўню. Дарэчы, падобныя даследаванні вядуць і беларускія вучоныя, у нашай краіне ўжо тысячы людзей зрабілі сабе так званыя «генетычныя пашпарты». У чым жа неадназначнасць адкрыцця? А ўявіце, што дзіцяці дакладна спрагназуюць узровень IQ. І добра калі ў прагнозе запішуць «будучы геній», а калі наадварот? Як скарыстаюцца такой інфармацыяй яго бацькі або настаўнікі ў школе? Тут недалёка і да генетычнай дыскрымінацыі. Але з іншага боку – якія неверагодныя магчымасці могуць з'явіцца ў медыцыны: лячыць будуць не захворванне, а канкрэтнага чалавека. Шмат яшчэ цікавых рэчаў і адкрыццяў у гэтым аглядзе – знайдзіце ў інтэрнэце і пачытайце самі. Штосьці з апісанага можа падацца фантастыкай, я і сам часам так думаю… Але пасля прыгадваю сваю гісторыю з пэйджарам. Ці мог я тады падумаць, што яшчэ праз некалькі дзесяцігоддзяў у нас будзе магчымасць у любую хвіліну размаўляць з чалавекам на іншым канцы зямлі, і пры гэтым не толькі чуць яго, але ў бачыць у сваім смартфоне? Так што не, не фантастыка – гэта блізкая рэальнасць. І мне падаецца, што жыць ад гэтага толькі цікавей. Зрэшты, ёсць у найноўшых тэхналогій і вялікія мінусы – але пра гэта пагаворым у адным з бліжэйшых «Радыёблогаў».
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: