
25-цігоддзе Канстытуцыі Беларусі, якое адзначалі напярэдадні, нечакана выклікала ў маёй памяці эпізод са школьных гадоў. Выпускны клас, прадмет «Чалавек і грамадства», ідзе ўрок і настаўнік (яго звалі Георгій Аляксандравіч) дыктуе ўсяму класу пад запіс: «па Канстытуцыі, беларускі парламент складаецца з дзвюх палат – ніжняй, Палаты прадстаўнікоў, і верхняй, сената. Запісалі?..»
Мы, канечне, запісалі, але мяне нешта кальнула: які яшчэ сенат?! Ужо ў тыя школьныя гады я шмат чытаў навіны, цікавіўся палітыкай – і ні пра які сенат у Беларусі не чуў. Таму адразу пасля ўроку прыйшоў дамоў і палез у Канстытуцыю, правяраць. Ну канечне – не сенат, а Савет Рэспублікі!
Перад наступным урокам падзяліўся сваім адкрыццём з сябрам, і мы вырашылі: возьмем і скажам настаўніку ўсё як ёсць. І Канстытуцыю з сабой захапілі – каб тут жа паказаць: вось жа, чорным па беламу. Але прызнаюся: сам я пабаяўся выступаць. А сябар не пабаяўся. Усё так і сказаў: «вы нам дыктавалі адно... а тут жа зусім іншае... вось самі паглядзіце...»
Чаму я прыгадаў гэты эпізод? Сёння мы ўсё больш чуем пра фэйкі – непраўдзівую інфармацыю, якую часцей за ўсё распаўсюджваюць у інтэрнэце, але не толькі там. Дык вось, тое, што казаў нам школьны настаўнік, – і ёсць фэйк. Дакладней, яго разнавіднасць – частковая праўда. Бо прызнаем шчыра: верхнюю палату парламента можна назваць сенатам, гэтае слова вядомае яшчэ з часоў Старажытнага Рыма. Але ж гэта неафіцыйна! У Канстытуцыі Беларусі такога запісу няма. І ніводны экзаменатар (а я здаваў «Чалавек і грамадства» пры паступленні) ніколі б не залічыў такі адказ, калі б я, не задумваючыся, паўтарыў яго следам за сваім настаўнікам.
Вы скажаце – ну якія дробязі, падумаеш, проста памыліўся чалавек! Пра памылку скажу крыху пазней. Канечне, калі параўноўваць з фэйкамі, што распаўсюджваюцца ў адносінах да цэлых краін і часам выклікаюць вялікія ўзрушэнні, мой прыклад – дробязь. Але памятаеце, што казаў Шэрлак Холмс: няма нічога больш важнага, чым дробязі. Усё пачынаецца з дробязяў. З гэтым, дарэчы, звязаны яшчэ адзін момант.
Апошнім часам з'яўляецца ўсё больш ініцыятыў па барацьбе з фэйкамі – і на ўзроўні асобных кампаній, і на ўзроўні цэлых краін. На жаль, узорных пакуль няма. Вось сацыяльная сетка Facebook прыкладна паўтара года таму вырашыла пазначаць фэйкавыя навіны спецыяльным чырвоным сцяжком – каб менш чыталі і распаўсюджвалі. Ну і які атрымаўся эфект? Адваротны. Такія навіны сталі чытаць і распаўсюджваць яшчэ актыўней, і Facebook хутка адмовіўся ад новаўвядзення. Прычым за распаўсюджваннем фэйкаў былі заўважаны і звычайныя людзі з сярэдняй адукацыяй і прафесары некаторых сусветных універсітэтаў. Фактычна кожны з нас аднойчы несвядома можа прыкласці руку да распаўсюджвання нейкага чарговага глупства.
Чаму так адбываецца? Многія проста лянуюцца правяраць тое, што бачаць і чытаюць у інтэрнэце. Асабліва не разумею тых, хто тыражуе карцінкі з быццам бы цытатамі розных гістарычных асоб і іншых знакамітых людзей. Часам нават з першага погляду зразумела, што гэта поўная бздура – ну не мог гэты чалавек такога сказаць! І не казаў – дастаткова некалькіх хвілін, праведзеных з розумам у інтэрнэце, каб гэта праверыць. Але зноў і зноў заўважаю такія карцінкі нават у сваіх сяброў. І вось так спачатку вераць у дробязі – а потым у вялікую хлусню.
Ёсць прычыны больш складаныя, звязаныя з псіхалогіяй. Спецыялісты называюць гэта «кагнітыўным скажэннем»: наш мозг схільны шукаць такую інфармацыю, якая адпавядае нашым поглядам, нашай «карціне свету». Іншымі словамі, мы чытаем такія навіны ў інтэрнэце, якія ўмацоўваюць веру ў тое, у што і так ужо верым. Проста так прасцей псіхалагічна – інакш можна і галаву зламаць. І вось на гэтым цудоўна гуляюць маніпулятары, якія ствараюць фэйкі. У выніку ў розную лухту вераць не нейкія цемрашалы, а цудоўныя, адукаваныя людзі.
Што ж з гэтым рабіць? – задумаліся многія краіны. У Беларусі адпаведныя моманты прапісаны ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, якая апублікавана напярэдадні. Пазіцыя Прэзідэнта: у барацьбе з фэйкамі не трэба нічога забараняць – трэба хутка і максімальна поўна даносіць да людзей праўдзівую інфармацыю. А праўда заўсёды пераможа. Дарэчы, у сацсеткі Facebook вельмі падобны падыход: сёння яны ўжо не маркіруюць фэйкавыя навіны, а проста побач з імі паказваюць спасылкі на тыя ж тэмы, толькі з іншых, правераных крыніц. А карыстальнік можа сам параўнаць і вырашыць, у што ён больш верыць.
Галоўнае, каб у яго ўвогуле было такое жаданне. І вось тут вернемся да майго школьнага настаўніка. Навошта ён казаў нам няпраўду? Юрыст з чырвоным дыпломам, ён наўрад ці мог памыліцца. Думаю, такім чынам ён свядома спрабаваў нас, школьнікаў, навучыць думаць. Сумнявацца. Не верыць слепа ва ўсё, што чуем. Згодны, метад дастаткова радыкальны – але сёння, праз шмат гадоў, я ўдзячны яму за гэта. Яго навука не раз спатрэбілася ў жыцці. А зараз яна проста неацэнная. Не быць дурнем, які распаўсюджвае розную інтэрнэт-лухту, правяраць падазроную інфармацыю, слухаць і глядзець традыцыйныя СМІ – бо яны адказваюць за сказанае слова (у тым ліку па законе) і правяраюць усё, што ідзе ў эфір. Зазірнуць у друкаваныя крыніцы – бо што напісана пяром… Самі памятаеце. Здаецца, простыя правілы, але ці многія іх выконваюць?
Карацей кажучы, фэйкі – гэта калі вас спрабуюць трымаць за дурня. Што з гэтым рабіць, канечне, кожны вырашае сам.