Падзяліцца:
Розгалас. Гарачае лета 1998-га. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
12 чэрвеня 2017
Розгалас. Гарачае лета 1998-га. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Памятаеце самыя адказныя свае экзамены? Такія, калі сэрца б'ецца, у галаве – туман і здаецца, што зараз вырашаецца лёс усяго твайго жыцця? Розныя бываюць выпрабаванні, але я, калі чую слова «экзамен», адразу прыгадваю ўступныя іспыты ў ВНУ. Канечне, першыя экзамены былі ў школе, але там усе настаўнікі знаёмыя, напал страсцей не той. І пасля – ужо ў студэнцкія гады – рознае бывала, але зноў жа, не параўнаць з іспытамі ва ўніверсітэт. Быць альбо не быць – выбар тады здаваўся такім, і ніякіх іншых варыянтаў. Чаму я прыгадаў пра экзамены? Проста сёння ў Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэсціраванне, першы тэст па беларускай. Канечне, тэсты – гэта крыху іншая гісторыя, гэта не экзамены ў мой час. Для таго іх і ўводзілі, каб зрабіць працэс паступлення больш дасканалым і празрыстым, каб забыць пра паняцце «блат». Але гэта – асобная вялікая тэма, не будзем паглыбляцца. У любым выпадку, што тэсты, што экзамены – справа вельмі адказная. І вось цяпер, калі прайшло дастаткова часу пасля майго «нервовага лета 1998-га», я задумваюся – а ці варта было тады ТАК хвалявацца? Шмат у жыцці розных экзаменаў бывае, дык што – гэта самы важны з іх? Адназначнага адказу ў мяне няма. Сярод маіх сяброў ёсць тыя, хто здаваў уступныя іспыты ў адзін год са мной. Лёс склаўся па-рознаму. Часам матыў быў адзін – абы не забралі ў армію! Значыць, абавязкова трэба станавіцца студэнтам. Куды ж паступаць? А туды, куды дазваляюць веды. Скажам, дрэнна з матэматыкай і фізікай, затое сачыненні пісаць любіш, чытаеш шмат, Іран ад Ірака можаш адрозніць – значыць, дарога табе ў педагагічны ўніверсітэт, на географа. Пра тое, што павінна душа ляжаць да прафесіі, што менавіта гэта галоўнае пры выбары ВНУ – неяк не задумваліся. Зрэшты, хто пра гэта асабліва задумваецца ў такім узросце? Вынік – за амаль што 20 гадоў ніводнага дня работы па прафесіі. Ледзь не дзясятак розных месцаў працы зменена. Адзін з сяброў неяк прызнаўся ў роспачы: ды лепш бы я замест універсітэта ў тую армію пайшоў, якой так баяўся! Была б салідная прафесія, якой можна ганарыцца. А так, амаль 40 гадоў пражыў і няма ні адукацыі, ні вопыту ў тых сферах, да якіх душа ляжыць. І чым далей, тым больш цяжка нават задумвацца пра тое, каб пачаць усё з нуля. Вось і адкажыце цяпер: ці варта так хвалявацца, калі сядзіш перад экзаменатарамі, якія вырашаюць твой далейшы лёс? Важны гэта іспыт або не? Хтосьці зрабіў няправільны выбар пры паступленні. А іншым, здаецца, увогуле не трэба было звязвацца з вышэйшай адукацыяй. Адна мая знаёмая працуе ў агенцтве, што займаецца інтэрнэт-маркетынгам. Сярод яе абавязкаў – размова з прэтэндэнтамі на розныя вакансіі ў кампаніі. Дык вось, уражанні ад многіх студэнтаў, якія прыходзяць на сумоўе, у яе проста жахлівыя. Часам цытуе некаторыя рэзюмэ, што адпраўляюць кандыдаты – паверце, гэта лепш за анекдоты! Не проста неадукаваныя, а ўвогуле, здаецца, не разумеюць, на якім яны свеце знаходзяцца. Але ж усе як адзін адразу цікавяцца, якую зарплату яны будуць атрымліваць. І тут у іх адно пажаданне – чым больш, тым лепш. А калі разумеюць, што дзеля гэтага трэба шмат выкладвацца і пастаянна вучыцца – губляюць усялякі інтарэс да справы. Хтосьці ўсклікнуў бы: «Моладзь у нас не тая пайшла! Што за пакаленне?! Вось мы ў свой час...» і гэтак далей. Але не. Асабіста я ведаю іншыя гісторыі. Амбіцыйных хлопцаў і дзяўчат, якія ледзь не ў школе ведаюць, чаго хочуць і да чаго будуць імкнуцца. Прызнаюся, асабіста я часцей сустракаю такіх сярод дзяўчат. Часам заняты на дзвюх або трох працах, што называецца, без выхадных і прахадных, пастаянна на новых курсах і семінарах – так яны заваёўваюць сваё месца пад сонцам. Пакуль іх аднагодкі гуляюць у інтэрнэце, п'юць кактэйлі, сядзяць у клубах або ляжаць дома - «у пошуках сябе». Я гляджу на гэты натуральны адбор з задавальненнем – бо разумею, хто ў выніку будзе пераможцам. Якраз пасля школы многія з нас і робяць гэты вельмі важны выбар – куды ісці далей па жыцці і чым займацца. Тэсціраванне – як адзін з першых крокаў – можа стаць добрай падказкай. А яшчэ лепш, каб побач былі дарослыя людзі, найперш бацькі, якія дапамогуць вызначыцца. Кажуць, многія дырэктары школ на пытанне «Што для вас самае галоўнае ў вашай рабоце?» адказваюць: каб усе нашы вучні паступілі ва ўніверсітэты. Хоць, відавочна, правільны адказ іншы: каб яны знайшлі сваё месца ў жыцці, каб займаліся любімай справай і ад таго былі шчаслівымі. З вышэйшай адукацыяй ці без яе. І абсалютна без розніцы, з якімі ацэнкамі ў атэстаце. Дарэчы, мне пры паступленні ў БДУ не хапіла аднаго бала, каб навучацца бясплатна. Бацькам давялося плаціць немалую па тых часах суму, каб я стаў дыпламаваным журналістам (праўда, да пятага курса яе ўдалося знізіць да нуля). Але галоўнае – я яшчэ ні разу не пашкадаваў пра свой выбар. Гэтага ж пажадаю і сённяшнім абітурыентам!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: