Падзяліцца:
Розгалас. Гэты вар'яцкі… бяспечны свет. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
29 Сакавіка 2018
Розгалас. Гэты вар'яцкі… бяспечны свет. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Ці згодныя вы з такім сцвярджэннем: апошнім часам наш свет становіцца ўсё больш небяспечным? Думаю, многія пагодзяцца. Сапраўды, ледзь не кожны дзень у навінах – аварыі, тэракты, катастрофы, стыхійныя бедствы, страшныя здарэнні… Надзвычайны розгалас, у тым ліку ў беларускім грамадстве, атрымала трагічная гісторыя ў расійскім Кемераве. Людзі абмяркоўваюць гэта на працы, дома, у інтэрнэце, і вердыкт адзіны: жудасна нават уявіць сабе такое. Мне ўвогуле здаецца, што жыхары Беларусі больш абвострана, эмацыйна ўспрымаюць такія падзеі яшчэ і таму, што ў нас яны рэдкія. І дзякуй богу, што так! Між іншым, неяк злавіў сябе на думцы: у апошнія гады, калі знаходжуся ў пэўных грамадскіх месцах, дзе шмат людзей, час ад часу ўключаецца павышаная падазронасць. Пачынаеш да асобных людзей прыглядацца, увогуле – больш глядзець вакол сябе. Асабліва гэта спрацоўвае, калі бываю за мяжой, найперш у еўрапейскіх краінах. Гуляеш сабе па гандлёвым цэнтры або турыстычныя славутасці аглядаеш, а ў галаве міжволі круціцца думка: «А калі раптам…?» Вы спытаеце, што «раптам»? Ды ўсё, што заўгодна. Тэрарыст на грузавіку. Рэлігійны фанатык. Або любы іншы «герой» стужак навін у эфіры або ў інтэрнэце. Разумею, што любы непрабівальны аптыміст або фаталіст, які жыве па прынцыпе «што наканавана – тое і адбудзецца», проста пасмяецца з маіх разважанняў. Зрэшты, як справядліва заўважаў сусветна вядомы брытанскі вучоны Стывен Хокінг, нават тыя, хто лічыць, што ўсё наканавана, глядзяць па баках, пераходзячы дарогу. Так што быць пільным – гэта хутчэй разумная перасцярога, чым праява негатыўнага мыслення. Дык што, гэта вар'яцкі свет, які з кожным годам становіцца ўсё больш небяспечным, падае ў прорву нянавісці, вайны і адчаю? Насамрэч не. Калі забыць пра навіны, якія мы кожны дзень бачым у стужцы, і размаўляць мовай сухіх лічбаў, то атрымаецца, што ўсё наадварот – свет з кожным годам становіцца лепшым. Многія эксперты сцвярджаюць: мы жывем у самы мірны перыяд існавання чалавецтва. Сярод такіх экспертаў – і эканаміст Макс Розер з Оксфардскага універсітэта. Колькі гадоў таму ён запусціў спецыяльны сайт у інтэрнэце «Наш свет у даных». Там ёсць шмат розных графікаў і дыяграм. Так, адна з іх дэманструе глабальную смяротнасць у канфліктах на 100 тысяч чалавек, пачынаючы з 15 стагоддзя. Дык вось, за апошнія некалькі дзесяцігодддяў зафіксавана рэзкае зніжэнне смяротнасці ад канфліктаў ва ўсім свеце. Скептыкі скажуць: але ж гэта пра войны. А ёсць яшчэ «банальныя» крадзяжы, забойствы, іншыя праявы насілля. Але ў Макса Розера і на гэты выпадак свая дыяграма: колькасць забойстваў на 100 тысяч чалавек у розных еўрапейскіх рэгіёнах, пачынаючы з 1300-га года і да сённяшняга дня. І ў гэтым графіку крывая таксама рэзка ідзе на спад. Пік смяротнасці быў у сярэднявеччы, калі лёгка маглі пазбавіць жыцця за любую дробязь. А як жа тэрарысты? Таксама ўсё неадназначна. Калі браць кожны асобны выпадак, то за апошнія паўстагоддзя іх становіцца менш, як і выпадкаў гібелі людзей у тэрактах, - прыводзіць звесткі сайт «Наш свет у даных». Увогуле, па падліках часопіса Time, верагоднасць гібелі ў выніку пустога балбатання па тэлефоне за рулём аўтамабіля – у 350 разоў вышэйшая, чым ад рук тэрарыстаў. Да аптымістычнай высновы прыйшлі ў ЗША: быць дзіцём яшчэ ніколі не было так бяспечна, як зараз. Вялікі артыкул з такой назвай напісала The Washington Post, там таксама шмат паказальных графікаў. У цэлым у свеце дзіцячая смяротнасць за апошнія тры стагоддзі знізілася ў сотні разоў. А сярэднестатыстычная працягласць жыцця людзей вырасла больш чым удвая. Дык што, жыць стала лепей, спакайней? Калі глядзець і чытаць навіны – не факт. Але калі аналізаваць сухую статыстыку, то – адназначна. Я, канечне, далёкі ад таго, каб вінаваціць ва ўсім калег-журналістаў або так званыя «новыя медыя», перш за ўсё сацыяльныя сеткі. Хоць і іх уклад у маляванне змрочнай карціны свету таксама немалы. Аднак, многія з нас, трэба прызнаць, з радасцю такую каріцну ўспрымаюць. І яшчэ адзін момант. Статыстыка, асабліва аптымістычная, - гэта заўсёды пра нешта агульнае, канкрэтыкі там мала. А страшныя здарэнні, якія мы абмяркоўваем ва ўсіх падрабязнасцях, - гэта якраз тая самая канкрэтыка. Гэта боль канкрэтных жывых людзей. І агульныя разважанні ім наўрад ці дапамогуць. Але ж заўсёды павінна заставацца надзея на лепшае. Мне здаецца, такой надзеяй і могуць быць даследаванні вучоных, якія глядзяць на чалавецтва без залішніх дэталяў, з вышыні стагоддзяў. Адна з высноў Макса Розера: крок за крокам асвета робіць наш свет лепшым. Мы, людзі, становімся менш жорсткімі і ўсё больш памяркоўнымі. А гэта дае падставу верыць: будуць паляпшацца не толькі стандарты жыцця ў цэлым, але і шчасце кожнага асобнага чалавека.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: