Падзяліцца:
«Розгалас. Гульня па адзіных правілах». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
10 Красавіка 2018
«Розгалас. Гульня па адзіных правілах». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Знакаміты італьянскі вучоны, філосаф, пісьменнік і публіцыст Умберта Эка аднойчы сказаў: «Асноўная праблема сучаснай інтэрнэт-цывілізацыі і сацыяльных сетак, магчыма, у тым, што распладзілася маса ідыётаў, якія вяшчаюць з такім апломбам, як быццам ім пазаўчора ўручылі Нобелеўскую прэмію». Гэтыя словы я прыгадаў у сувязі з навіной апошніх дзён: у Беларусі рыхтуюцца змяненні ў закон аб СМІ. Іх асноўная мэта – заклікаць грамадства, якое не можа без інтэрнэту, проста быць цывілізаваным. Так, плануецца, што да сеткавых выданняў будуць адносіцца інтэрнэт-рэсурсы, якія прайшлі добраахвотную дзяржаўную рэгістрацыю ў міністэрстве інфармацыі. У выніку яны будуць у роўных умовах з традыцыйнымі СМІ: карыстацца тымі ж правамі і (што не менш важна!) выконваць тыя ж абавязкі, несці не толькі сацыяльную, але і прававую адказнасць за размешчаную інфармацыю. Найбольшы розгалас у сеціве выклікала прапанова праводзіць пэўным чынам ідэнтыфікацыю карыстальнікаў, якія размяшчаюць інфармацыю на інтэрнэт-рэсурсах. У тым ліку гэта датычыцца і каментарыяў (бо дагэтуль многія інтэрнэт-каментатары лічаць за лепшае заставацца ананімамі). Меркаванні па гэтай тэме можна сустрэць розныя, часам нават палярныя. Адны крычаць «Караул! Свабоду слова адбіраюць!», другія – прапануюць заблакіраваць інтэрнэт, бо гэта сметнік і сусветнае зло. Як часта бывае, ісціна, напэўна, дзесьці пасярэдзіне. Насамрэч многія дзяржавы задумваюцца над тым, як рэгуляваць інтэрнэт-рэсурсы, каб, з аднаго боку, звесці да мінімуму ўвесь патэнцыяльны шкодны ўплыў, але пры гэтым і карыстацца многімі плюсамі найноўшых тэхналогій. Напрыклад, мы, журналісты традыцыйных СМІ, вымушаны прызнаць факт: з кожным годам людзі ўсё больш часу праводзяць у сацыяльных сетках, якія становяцца для іх у тым ліку і крыніцамі сусветных навін. Інтэрнэт спрасціў камунікацыю злачынцаў, у тым ліку тэрарыстаў. Сацсеткі часам абвінавачваюць у арганізацыі пратэстных выступленняў у розных краінах. А некаторыя ўпэўнены, што з дапамогай новых медыя ў інтэрнэце можна нават выбіраць "няправільных" прэзідэнтаў асобных звышдзяржаў. Карацей, суцэльны галаўны боль з гэтым інтэрнэтам! Рэгулююць па-рознаму. Дзесьці проста блакіруюць доступ да папулярных парталаў. Як, напрыклад, у Іране, дзе з 2009-га года закрыты доступ да Facebook і Twitter, а часам блакіруюць Instagram і Тэлеграм. Іронія ў тым, што больш за 17 мільёнаў іранцаў пры гэтым маюць акаўнты ў Facebook, сярод іх – прэзідэнт і міністр замежных спраў ісламскай рэспублікі. Да радыкальнай меры звярнуліся і ў суседняй з намі Украіне – там заблакіравалі расійскія сацсеткі "Укантакце" і "Аднакласнікі", а таксама інтэрнэт-рэсурсы "Яндэкса" і Mail.ru. Пры гэтым некаторых жыхароў Украіны прыцягваць да адказнасці за так званы «сепаратызм ў сацыяльных сетках» - размяшчэнне антыўкраінскіх матэрыялаў. У іншых краінах не блакіруюць інтэрнэт-рэсурсы цалкам, а караюць за той кантэнт, які там размешчаны. Паказальны прыклад Тайланда. Там у апошнія гады рэзка вырасла колькасць крымінальных спраў па артыкуле "Абраза велічы" (пісьмовая або вусная абраза караля, членаў каралеўскай сям'і або рэгента) у адносінах да людзей, якія размясцілі адпаведную інфармацыю ў сацсетках. Так, летась грамадзяніна Тайланда прысудзілі да 18 гадоў турмы за рэпост шасці паведамленняў у Facebook (суд вырашыў, што яны ганьбяць манархію). У Аб'яднаных Арабскіх Эміратах могуць пасадзіць (і саджаюць) за краты за непаважлівыя выказванні ў інтэрнэце ў адносінах да ісламу. Прычым гэта здараецца нават з замежнымі грамадзянамі, якія жывуць у Эміратах. У Ізраілі таксама трэба думаць, што пішаш у сеціве. Размешчаныя ў Facebook, Instagram або Twitter допісы шырока выкарыстоўваюцца як доказы падчас разгляду іскаў у судах, а спецслужбы і праваахоўныя органы пастаянна манітораць інтэрнэт-прастору ў пошуку нават намёкаў на падрыхтоўку тэрактаў. У Германіі з мінулага года дзейнічае новы закон. Цяпер сацыяльныя сеткі абавязаны больш аператыўна апрацоўваць скаргі і выдаляць запісы і каментарыі, якія парушаюць заканадаўства (размова пра фэйкавыя навіны, паклёп, абразы, пагрозы, заклікі да насілля). У пэўных краінах спецыяльных законаў па гэтай праблеме няма, але толькі пакуль. Так, у Вялікабрытаніі злачынствы ў інтэрнэце ўключаны ў агульны крымінальны кодэкс. Але ўрад настойвае: трэба прымаць больш актуальны закон, які б дазваляў кантраляваць сацыяльныя сеткі і месенджеры. Асабліва актыўна такія прапановы сталі гучаць пасля леташніх тэрактаў. Некаторыя эксперты медыя-сферы кажуць: не прыдумаеш такога інструмента, які б дапамог адназначна вызначыць – праўда або не тое, што напісана на сайце. Таму, маўляў, кожны з нас павінен сам адрозніваць праўду ад хлусні. Але ў жыцці гэта не працуе. Нядаўнія даследаванні паказалі: навіны, пазначаныя як фэйкавыя, карыстальнікі распаўсюджваюць нават з большай ахвотай. А колькі гісторый паклёпу ў інтэрнэце, калі ўжо, здаецца, шмат гадоў праходзіць, а «асадачак» усё застаецца – і даводзіцца пастаянна даказваць людзям, што ты не вярблюд, а тое, што напісаў у сеціве нейкі ананім – проста хлусня. Але ж адказнасці за гэта ніхто не нясе… Так што не, само гэта не ўрэгулюецца. Патрэбны закон. Які – кожная дзяржава вырашае сама, з улікам сваіх інтарэсаў і нацыянальных асаблівасцей. Магчыма, калісьці ўдасца аб'яднаць гэтыя намаганні, і тады правілы гульні будуць аднолькавыя для ўсіх краін.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: