Падзяліцца:
«Розгалас. Імгненне, паўторанае сто разоў, або Як вылічальная фатаграфія можа змяніць наш свет». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
7 жніўня 2019
«Розгалас. Імгненне, паўторанае сто разоў, або Як вылічальная фатаграфія можа змяніць наш свет». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Перабіраў я днямі свой дамашні «архіў» – розныя памятныя рэчы з мінулага, – і выпадкова знайшоў рэч, пра якую даўно забыў. Некалькі фотастужак, нарэзаных на кавалачкі па шэсць кадраў і запакаваных у паперкі з надпісамі, дзе і калі здымалі. Гэта былі мае фотаработы яшчэ журфакаўскіх часоў. Так, сярод дысцыплін, якія нам выкладалі, былі і асновы фатаграфіі (альбо, як усе яе называлі, «фотасправа»). Напэўна, лічылася, што сапраўдны журналіст – гэта не толькі нататнік і ручка, але яшчэ і фотаапарат. Прычым не якая-небудзь «мыльніца»! Не, асновы фатаграфіі мы спасцігалі на легендарным савецкім ФЭДзе – зразумела, на апошніх яго мадыфікацыях, якія выпускаліся ў 1990-я гады. Таму давялося вучыць, што такое вытрымка і дыяфрагма, давялося не раз закрывацца ў ванным пакоі, каб праяўляць фотастужку ў цемры і «друкаваць» фоткі на павелічальніку… Карацей, любы фотааматар савецкіх часоў адразу зразумее, пра што размова. На першых курсах мы амаль пастаянна насілі на шыі фотаапараты, здымалі ўсе, што толькі можна. І вось цяпер, убачыўшы стужкі, я падумаў: а раптам што цікавага наздымаў? Трэба абавязкова аднесці на студыю і алічбаваць – зараз гэта найпрасцейшая працэдура! І вось сярод амаль двухсот чорна-белых фота ўжо на флэшцы я раптам убачыў некалькі здымкаў, зробленых з балкона нашай першай мінскай кватэры. Абсалютна не чакаў іх знайсці! Чым жа гэтыя кадры ўнікальныя для мяне? Гэта адзіныя чатыры фота, зробленыя ў месцы, з якім звязаны першыя 17 гадоў майго жыцця. Убачыў іх – і адразу столькі ўспамінаў з дзяцінства!.. Так атрымалася, што больш мы нічога не фатаграфавалі – ні ў самой кватэры, ні на балконе з такім цікавым відам на горад. Неяк тады не прынята было. Таму ўсё засталося толькі ў памяці (а яна, як мы сёння ўжо дакладна ведаем, рэч абсалютна ненадзейная). У нашы дні, канечне, усё інакш. Фатаграфуем што трэба і што не трэба – чым раніцай паснедалі, дзе былі, што бачылі, якое адзенне прымяралі… А з іншага боку, столькі імгненняў жыцця аказваюцца зафіксаванымі для гісторыі – хаця б нават для нашай асабістай. Цяпер не ў памяці захоўваем, а… на картах памяці. Як гістарычны факт. Праз 10-20-30 гадоў можна будзе з цікавасцю ўглядацца ў дэталі – як там усё было і чым мы жылі. Канечне, такія змены адбыліся дзякуючы смартфонам. Яны ўвогуле моцна змянілі фатаграфію як від дзейнасці. Якія там вытрымкі і дыяфрагмы? – разумны апарат сам усё настройвае, падстройвае, паляпшае, часам і падказвае лепшы ракурс… Карацей, пакуль яшчэ не на 100% прафесійныя фота, але з кожным новым гаджэтам мяжа паміж імі усё больш сціраецца. Усё часцей чуеш нават ад прафесіяналаў: так, дома ляжыць камера за некалькі тысяч долараў, але ў паездку на мора бяру смартфон. Сапраўды, разумная аўтаматыка часам робіць тое, што вельмі складана зрабіць чалавеку. Ёсць, напрыклад, сёння такое паняцце «стэкінг». Калі простымі словамі, бярэцца дзясятак кадраў, у кожным з якіх крыху зменены нейкі параметр камеры (фокус, ракурс здымкі, экспазіцыя). Яны склейваюцца разам і атрымліваецца новы здымак, які фізічна немагчыма было б зняць адным кадрам. Ваш смартфон можа гэта рабіць за секунды, а вы пра тое нават не задумваецеся! Для мабільнай камеры не праблема зняць дзясятак фота за секунду – гэта ж не тыя ФЭДы, з якімі хадзілі мы на журфаку, ніякіх механічных затвораў там няма. Увогуле – вы ведалі, што камера ў сучасных смартфонах пачынае працаваць, як толькі вы яе адкрылі? І захоўвае кадры ў сваёй унутранай памяці, а як толькі вы націснулі кнопку «зняць» – проста выбірае з усіх захаваных кадраў апошні. Або склейвае з іх палепшаны здымак – калі ваш смартфон падаражэй. Зрэшты, нават усё гэта – лічыце, учарашні дзень. Сёння ўсё часцей прагназуюць надыход вылічальнай фатаграфіі. Што гэта такое? Калі цікавіцеся тэхналогіямі – лепш самі пашукайце артыкулы ў інтэрнэце, іх ужо дзясяткі. Тут у двух словах не растлумачыш, а словы там настолькі разумныя, што ў мяне, гуманітарыя, ледзь галава не забалела, пакуль сам чытаў. Калі ж паспрабаваць зусім проста расказаць… Спецыялісты апісваюць механізм вылічальнай фатаграфіі так: вы задаяце напрамак здымкі, так скажам, уводныя даныя, а штучны інтэлект, звязаны з вашым смартфонам, далей усё робіць сам. Вылічае, што менавіта вы жадалі зняць. Сам даводзіць здымак да патрэбнай экспазіцыі, фокуса, ракурсу і гэтак далей. Эксперты фантазіруюць: тэарэтычна можна будзе атрымаць фота рэчаў, якіх даўно няма. Або якіх увогуле не было (як вам такое: сумеснае фота з любой пажаданай зоркай кіно або музыкі? І не «фоташоп», а найвышэйшай якасці!) Згубілі любімае сямейнае фота, якое насілі ў кашальку? Якія праблемы – машына вам зробіць такое ж, нават лепш, чым было! Можна будзе яшчэ і дадаць на яго іншых людзей. Сфатаграфаваліся на фоне Мірскага замка, але фота выйшла так сабе? Смартфон сам падкажа: вось я знайшоў вам больш рэзкае фота замка з таго ж ракурсу, а яшчэ крыху змяніў фон, так лепш атрымліваецца. Можам яшчэ і колер валасоў змяніць на больш рамантычны – будзе цалкам натуральна. Фатаграфія – гэта злоўленае імгненне, аб'ектыўны фіксатар рэальнасці? Забудзьце! Яна зробіцца адной з машын выстройвання ілюзіі. Амаль як сённяшні Інстаграм. «Зафіксаваныя» успаміны можна будзе лёгка змяняць і дамалёўваць. І ёсць падазрэнне: многія прымуць такія перамены на «ура». Бо для іх фота – проста адзін са спосабаў перадачы эмоцый, самавыяўлення. Хто ж адмовіцца ад таго цудоўнага інструмента? Зрэшты, знойдуцца і тыя, хто будзе сумаваць па тых самых «рэальных фатаграфіях». Відаць па ўсім, гэта тая будучыня, якая непазбежна наступіць. Але калі так адбудзецца, для мяне яшчэ больш каштоўнымі зробяцца тыя самыя чатыры чорна-белыя фотаздымкі, знойдзеныя ва ўласным архіве. На якіх ужо нічога нельга паправіць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: