
Трапілася мне нядаўна інтэрв'ю кіраўніка аднаго з буйных украінскіх інфармагенцтваў. Сярод іншага ён панаракаў: сёння склалася такая сітуацыя, калі сапраўды грамадска значныя падзеі існуюць у інфармацыйным полі побач з навінамі другараднымі, неістотнымі. І ў выніку атрымліваецца, што людзі часам не заўважаюць важных падзей.
Каб было зразумела, ён прывёў такі прыклад: калі нядаўна ва Украіне накрылі новым гіганцкім саркафагам Чарнобыльскую АЭС, многія гэтага не заўважылі. Бо СМІ абмяркоўвалі зусім іншае – прызначэнне на пасаду намесніка аднаго з міністраў 24-гадовай дзяўчыны, якая засвяцілася ў інтэрнэце сваімі дастаткова адкрытымі фотаздымкамі. Дарэчы, пра гэта шмат расказвалі і беларускія, і расійскія выданні – думаю, вы адразу прыгадалі, пра што размова.
Сярод прычын такой «інфармацыйнай кашы» журналіст з вялікім вопытам работы назваў адносіны да прафесіі сваіх маладых калег – маўляў, жывуць гэтыя журналісты ў сваім віртуальным свеце, сярод «фрэндаў» (сяброў) у сацыяльных сетках, у Фэйсбуку, Твітары, Укантакце і гэтак далей. Тое, што абмяркоўваюць іх сябры (а іх можа быць і 50, і 500, і некалькі тысяч чалавек), тое, пра што горача спрачаюцца, яны і лічаць рэальнымі праблемамі, пра якія трэба расказваць і пісаць. Аднак рэальны свет часам кардынальна адрозніваецца ад гэтага віртуальнага. Людзей насамрэч хвалююць зусім іншыя тэмы. Зрэшты, дадаў украінскі журналіст, гэта апошнім часам актуальная тэма далёка не толькі для Украіны.
Сапраўды, нават пасля нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў у ЗША некаторыя аглядальнікі заўважылі: дзіўна было бачыць, як выказванне таго ці іншага палітыка ў Твітар – эмацыйнае, папулісцкае, без асаблівай глыбіні – выклікала хвалю абмеркаванняў, спрэчак, ды і проста грамадскай увагі. А глыбокія аналітычныя артыкулы ў салідных выданнях са спробамі разабрацца ў сітуацыі праходзілі амаль незаўважна. Як выстрал у пустату.
Думаю, праблема тут далёка не толькі ў маладых (або немаладых) журналістах, якія жывуць у віртуальным свеце. Праблема яшчэ і ў іх аўдыторыі – на жаль, многія людзі куды больш ахвотна ўспрымаюць такія другарадныя, нязначныя, але вельмі яркія і прывабныя знешне навіны, чым сур'ёзную інфармацыю, над якой яшчэ трэба падумаць. Гэта як інфармацыйныя вугляводы, своеасаблівыя пірожныя – з'еў, і адразу добра на душы стала, смаката якая! Аднак карысці для арганізму амаль ніякай, да таго ж хутка хочацца новай порцыі. Таму многія навіны сёння, як заўважыў той жа кіраўнік украінскага інфармагенцтва, жывуць толькі да вечара. А з раніцы – ужо зусім іншыя навіны.
Яшчэ адзін бок гэтай праблемы - у тым, што многія людзі проста некрытычна ставяцца да інфармацыі, якую знаходзяць у інтэрнэце. І тут не трэба далёка хадзіць, за амерыканскім або ўкраінскім вопытам!
Нядаўна адна мая знаёмая пры сустрэчы пытаецца: а ты чуў, што ЗША адмянілі візы для беларусаў? На мой здзіўлены погляд адказвае: ну вось, а яшчэ журналіст! А навін і не ведаеш! Пра гэта ж у інтэрнэце ўсе пісалі!
Я пра сябе думаю: «Можа, у гэтым патоку інфармацыі, што кожны дзень праз цябе праходзіць, і сапраўды нешта ўпусціў? Усё можа быць, але ж... Мы па радыё пра гэта не расказвалі, на тэлеканалах такой інфармацыі не бачыў, у газетах не чытаў».
Знаёмая тым часам паказвае: вось адзін мой сябра ў сацыяльнай сетцы гэтай навіной падзяліўся, а вось іншыя яе каменціруюць. Сапраўды, думаю, як тут не паверыць – усе ж абмяркоўваюць! Але я правёў сваё маленькае расследаванне, тут жа, у інтэрнэце, і даволі хутка знайшоў адказ: гэта інфармацыйная «качка». Хлусня, іншымі словамі. Або, як кажуць у інтэрнэце, фэйк. Напэўна, да такой жа высновы лёгка прыйшлі б і ўсе тыя, хто даў веры гэтаму паведамленню і дзяліўся ім з іншымі. Але ж у тым і праблема – яны не сталі сумнявацца, правяраць – паверылі адразу. На жаль, такой даверлівасцю ў інтэрнэце многія аўтары падобных «качак» карыстаюцца ў сваіх карыслівых мэтах.
Або яшчэ адна нядаўняя гісторыя, якая асабіста мяне спачатку моцна раззлавала. Ужо сярод сваіх інтэрнэт-сяброў убачыў абмеркаванне са словамі «Не, вы гэта бачылі?! Гэта ж увогуле незразумела што!» Заінтрыгаваны адкрываю спасылку.
Аказваецца, хтосьці зрабіў відэа-падборку нумароў некаторых артыстаў, якія ўдзельнічалі ў нядаўнім адборы ад Беларусі на дарослае «Еўрабачанне». Падборка няпростая – толькі самыя смешныя, часам камічныя, а часам і нягеглыя выканаўцы, некаторыя з гэтых спевакоў, канечне, далёкія ад вакальных стандартаў. Зрэшты, пра тое, што гэта не ўсе патэнцыйныя прэтэндэнты на «Еўрабачанне», а толькі іх частка, нідзе пазначана не было. Думаю, спецыяльна – тым, хто гэтую падборку рабіў.
Але ж колькі каментарыяў пад гэтым відэа! І кожны чацвёрты-пяты робіць выснову - «і гэта яны будуць прадстаўляць Беларусь на Еўрабачанні?! А што, не маглі выбраць тых, хто ўмее спяваць?». Сярод такіх каментатараў заўважыў і некаторых вядомых людзей, прынамсі, у маладзёжным асяроддзі – розных там дызайнераў і блогераў. А калі ўбачыў некалькі сваіх знаёмых – ледзь не далучыўся да размовы са словамі «вы або дурні або свядома хітруеце, падліваеце масла ў агонь!» Зрэшты, спыніўся, вырашыў не псаваць адносін з людзьмі.
Зноў жа – хапіла б і некалькіх хвілін, каб пашукаць інфармацыю і зразумець: у гэтым відэа была толькі частка прадстаўленых на адборы нумароў, прычым спецыяльна падабраная частка – не самыя прафесійныя выступленні. Ёсць падазрэнне, што для таго і падбіралі такім чынам, каб потым атрымаць шмат негатыўных каментарыяў. Аб прафесійных выканаўцах, якія таксама ўдзельнічалі ў адборы, проста забыліся, іх быццам і не было. Чамусьці ў многіх каментатараў не хапіла розуму, каб праверыць гэта, але хапіла, каб рабіць глабальныя высновы на пустым месцы. Канечне, выглядалі яны пры гэтым смешна.
Такіх гісторый – безліч. І напісана пра гэтыя праблемы шмат, прычым аўтарамі ў самых розных краінах. Але, думаю, не будзе лішнім у соты раз паўтарыць галоўнае правіла работы з інфармацыяй у інтэрнэце – давярай, але правярай.
Зрэшты, магу даць яшчэ адну параду – часцей заходзьце на сайты афіцыйна зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі. Бо мы нясём адказнасць за тое, што расказваем, паказваем і пішам. І з нас вы можаце потым спытаць, калі што. Адрас сайта Беларускага радыё цяпер можна набіраць, нават не змяняючы раскладку, проста па-беларуску – радыё.бел.