Падзяліцца:
Розгалас. Каб любіць Беларусь нашу мілую… Радыёблог Максіма Угляніцы
16 Мая 2017
Розгалас. Каб любіць Беларусь нашу мілую… Радыёблог Максіма Угляніцы «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць», - пісаў беларускі паэт Алесь Ставер. Асабіста я шмат разоў пераконваўся ў слушнасці гэтых слоў. І ў тым сэнсе, што ўсё пазнаецца ў параўнанні (хоць і кажуць: калі любіш – не параўноўвай, любяць не за штосьці). І ў тым сэнсе, што ў любой вандроўцы заўсёды цягне дамоў, у родную краіну. Кажу не дзеля прыгожага слоўца і без пафасу – гэта абсалютная праўда. Якой бы прыгожай ні была краіна, якія б цікавыя людзі там ні жылі, не праходзіць і пяці-сямі дзён, як мяне пачынае цягнуць на Радзіму. Дзякуючы прафесіі журналіста давялося пабываць у розных краінах – ад Венесуэлы да Ірана, турыстам бываў у еўрапейскіх дзяржавах і на самых папулярных афрыканскіх марскіх курортах. Але правіла «пяці-сямі дзён» спрацоўвала заўсёды, выключэнняў пакуль не было. Зрэшты, замежныя паездкі тым і цікавыя, што можна параўнаць – як развіваюцца іншыя краіны і народы, што прыдумваюць для больш камфортнага жыцця, а які вопыт, наадварот, лепш не пераймаць. Літаральна напярэдадні я вярнуўся са службовай камандзіроўкі ў Чэхію. У горадзе Пльзень праходзіла чарговая Асамблея радыё, якая сабрала кіраўнікоў еўрапейскіх, а таксама канадскай і кітайскай радыёстанцый. Наша краіна была прадстаўлена Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё. Пльзень – чацвёрты па велічыні горад Чэхіі, адзін з турыстычных цэнтраў краіны, разам з Прагай і Карлавымі Варамі. Беларусь таксама імкнецца больш актыўна развіваць турызм, нядаўна прапанавала замежным гасцям пяцідзённы бязвізавы ўезд праз аэрапорт. Таму падзялюся некаторымі назіраннямі менавіта з гэтага пункту гледжання. Трапіць у некаторыя крамы ў самым цэнтры Пльзеня, побач з нашым атэлем, удалося толькі з трэцяга разу. Па адной банальнай прычыне – амаль усе яны працавалі толькі да 18 гадзін, а адкрываліся пасля 9-ці, а то і 10-ці. Не магу сказаць, што гэта вельмі здзівіла, у некаторых іншых еўрапейскіх краінах я таксама не сустракаў у работнікаў магазінаў жадання шмат працаваць (часам здаецца, чым бліжэй да поўдня краіна Еўрасаюза, тым менш там напружваюцца, могуць і ўвогуле ў абед краму зачыніць – не здзіўлюся, калі гэта клімат так уплывае). Канечне, калі б мы прыехалі не ў камандзіроўку, а на адпачынак, вольнага часу было б больш, у тым ліку і на паходы па магазінах. І тым не менш – я лічу, гэта адназначна вопыт, НЕ варты пераймання. На шчасце, у Беларусі (не толькі ў Мінску) заўважаю ўсё больш магазінаў, якія адкрыты да позняга вечару. Пагадзіцеся – гэта пытанне большага камфорту і свабоды выбару, прычым не толькі і не столькі турыстаў, колькі саміх гараджан. Калі ўжо зайшла размова пра магазіны… Памятаю часы, калі некаторыя беларусы спецыяльна ехалі ў Еўропу па нейкія рэчы ці нават прадукты. Не скажу за ўсю Еўропу, але ў свабодны час прайшоўся па буйных гандлёвых цэнтрах Пльзеня і Прагі і… так нічога й не купіў. Усё тое ж самае ёсць у нашых буйных цэнтрах. Вялізнай розніцы ў цане таксама не заўважыў, прынамсі, гэтая розніца ніколі не акупіць дарогу. Якасць? Тыя ж біркі «Зроблена ў Бангладэш» (або ў Турцыі). Аб прадуктах харчавання і ўвогуле не буду казаць: у любым нашым гіпермаркеце выбар тых жа малочных прадуктаў (прычым, уласнай беларускай вытворчасці) – у разы большы. Але, як па мне, усё гэта да лепшага – цікавей ехаць у новыя краіны па ўражанні, а не па новыя красоўкі! А яшчэ – дзіўная рэч – нідзе ў Пльзене я не знайшоў магніціка на памяць з назвай горада. Ні ў сувенірных магазінах, ні ў гандлёвых цэнтрах, ні нават у гасцініцы! Потым, ужо ў Празе звярнуўся з такім пытаннем да прадаўца адной з сувенірных крам. «Не, - кажа, - нават не шукайце! Калісьці спрабавалі рабіць, але турысты зусім не бяруць. Ім трэба толькі з надпісам «Прага». Ды і ўвогуле ўражанне ад сувенірных магазінаў у апошнія гады – аднолькавыя магніты, запалкі, ручкі, піўныя куфлі, майкі, талеркі і дзясяткі іншых дробязей, змяняецца толькі назва гарадоў і краін на іх. Адчуванне, што ўсё гэта робяць на адной гіганцкай фабрыцы і потым развозяць па розных дзяржавах. Канечне, пасля таго, як у цэнтры Нью-Йорка я набыў сувенірную статую Свабоды і ўбачыў на ёй надпіс «Зроблена ў Кітаі», ілюзій амаль не засталося. Тым не менш, востра не хапае аўтэнтычных, эксклюзіўных рэчаў, што дакладна зрабілі ў краіне, дзе ты знаходзішся з працоўным або турыстычным візітам. За такую не шкада і грошай аддаць. Ці хапае такой аўтэнтычнай, цікавай турыстам прадукцыі ў Беларусі? Адразу на памяць прыходзяць вырабы з лёну або саломы, але я не ўпэўнены, што гэта задаволіць самых патрабавальных вандроўнікаў. Негатыўныя ўражанні пакінула і моўнае пытанне ў Пльзене. Адразу ў некалькі кавярнях маладыя афіцыянткі нават не спрабавалі зразумець нашу англійскую, пыталіся і адказвалі выключна на чэшскай. Зразумела, вынік быў нулявы, пакуль мы не растлумачылі, чаго жадаем – літаральна – на пальцах. Як ні дзіўна, прасцей аказалася з пажылымі работнікамі сферы паслуг – яны і на англійскай размаўлялі лепш, і крыху памяталі рускую мову, што вучылі ў школе. Зноў жа выснова, актуальная і для Беларусі: добрыя водгукі пра краіну, пазітыўныя эмоцыі ў турыста будуць, калі няма непаразумення. А непаразуменне часта звязана з няведаннем моў. Так што трэба вучыць замежныя мовы, пажадана не толькі англійскую і не толькі тым, хто працуе ў сферы паслуг. Зразумела, хапае і станоўчых уражанняў ад Чэхіі. Людзі, якія са шчырай усмешкай сустракаюць любое тваё пытанне, хаця маглі б паказаць, што сваіх праблем хапае. Бясплатны Wi-Fi практычна ў любым грамадскім месцы – а для турыста вельмі важна адчуваць сябе на сувязі ў чужой краіне. Шмат яшчэ чаго можна ўзгадаць, але ж не прайшло і трох дзён, як мяне зноў пацягнула дамоў. «Разумею цяпер, чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць».
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: