
Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць, - пісаў паэт, і мы не будзем з ім спрачацца, хоць часам і кажуць: калі любіш – не параўноўваеш. Усё ж некаторыя рэчы лепш заўважныя на кантрасце і на адлегласці. Але, на мой погляд, справядліва было б сказаць і так: каб лепш разумець нашу Беларусь (ды і больш любіць – таксама), трэба пабываць і ў розных ЯЕ краях.
На жаль, у многіх не хапае на гэта часу. А яшчэ часцей – проста не ведаем, колькі цікавых месцаў ёсць у роднай краіне. Чарговы раз злавіў сябе на гэтай думцы нядаўна, рыхтуючыся да эфіру нашай праграмы «Такі дзень». Мы абмяркоўвалі спіс цікавых мясцін Мінска, складзены аўстралійскай журналісткай для патэнцыйных бязвізавых турыстаў, а пасля правялі міні-апытанне на сталічных вуліцах: што ўвогуле цікавага можна паглядзець у Беларусі? Скажу шчыра: тое, што прачытаў і пачуў, не вельмі ўразіла. Традыцыйныя ўжо «праспект Незалежнасці-Кастрычніцкая-Зыбіцкая» (гэта ў Мінску) і «Мір-Нясвіж-багатая прырода» (гэта па краіне ў цэлым).
Магчыма, фокус у тым, што я ўспрымаў гэтыя рэкамендацыі не як турыст з іншай краіны, а як чалавек, які сто разоў па тых праспектах і вуліцах хадзіў? Але пагадзіцеся, сёння такія часы, што прыцягнуць увагу можа толькі штосьці незвычайнае, адметнае. У інтэрнэце – акіян інфармацыі і мільён карцінак, і калі вока не зачапілася, калі не падумаў «О! Гэта цікава!», то нічога не будзе.
А самае дрэннае, што я зразумеў: вось так спытай мяне знянацку – што цікавага ў вас паглядзець? - таксама наўрад ці адразу адкажу. Або ўсё тыя ж стандартныя варыянты прыгадаю. Таму вырашыў: трэба тэрмінова скласці спіс цікавых мясцін Беларусі! Не столькі для патэнцыйных замежных турыстаў, колькі для сябе. І пакуль лета не скончылася, абавязкова пабываць хоць у некаторых з іх, калі яшчэ не бываў. Давайце ж разам возьмем карту Беларусі і адзначым для пачатку хоць некалькі цікавых кропак на ёй.
«
Вакол свету па Беларусі». І перш за ўсё прыгадаю адразу некалькі назваў, якія на слых могуць падацца вам вельмі знаёмымі. У інтэрнэце нават склалі адмысловы маршрут, які паўжартам назвалі «беларускай кругасветкай». Пачынаецца ён у Турыне, а далей Манголія – Парыж – Малі – Самалі – Бенін – Балі – Косава – Сахалін – Дублін. Так, гэта ўсё – беларускія населеныя пункты, назвы якіх графічна супадаюць з назвамі іншых гарадоў і нават цэлых краін. Спецыяльна падкрэсліваю – графічна, бо гучаць некаторыя з іх усё ж інакш.
Калі ж адхіліцца ад гэтага маршруту (тым больш замкнёнага кола, як у сапраўднай кругасветцы, там не атрымліваецца) можна яшчэ заехаць у Літву, Місуры, Палесціну, Каўказ або Байкал. Так, гэта ўсё таксама ў Беларусі. Карацей, аматарам выкладваць у сацсеткі незвычайныя фота трэба толькі знайсці дарожныя ўказальнікі з назвамі гэтых населеных пунктаў, сфатаграфавацца на іх фоне – а далей вы самі ведаеце, што рабіць.
«
Незвычайныя назвы». Калі ж для тых жа мэт вам патрэбныя не назвы гарадоў і краін свету, а проста незвычайныя назвы, то вось яшчэ некалькі варыянтаў. Вёскі Юпіцер і Марс – абедзве не толькі размешчаны ў адным раёне, Дзяржынскім, але нават мяжуюць адна з адной! У Мінскай вобласці ёсць і вёска Венера. Хтосьці яшчэ сумняецца, што Беларусь касмічная дзяржава? На Віцебшчыне размешчаны вёскі з назвамі Шо і Яя. А яшчэ пашукайце на карце мястэчкі Іст, Уць, Ксты, Ёні, Уна, Эрд і шмат іншых – інтэрнэт вам у дапамогу!
«
Міёрскі вадаспад». Калі ж вас як турыста цікавіць не назва, а месца само па сабе, то вось чарговая падказка: беларускі вадаспад. Ён знаходзіцца на невялічкай рацэ Вяце, у Міёрскім раёне Віцебскай вобласці. Да свайго сораму я даведаўся пра гэты цікавы турыстычны аб'ект зусім нядаўна. Так, вадаспад гэта не прыродны, а тэхнічны, створаны чалавекам – больш за 100 гадоў таму на гэтым месцы была электрастанцыя, якая давала энергію папяровай фабрыцы. Але ў любым выпадку выглядае вадаспад і навакольныя мясціны проста шыкоўна. Я для сябе вырашыў: трэба ехаць!
«
Мазырскія яры». Працягваючы «водную» тэму, я абавязкова параіў бы пабываць падчас разліву рэк на Палессі. Напрыклад, у Мазыры. Ужо на пад'ездзе да гароду адкрыюцца незвычайныя віды. Яшчэ адна адметнасць гэтых месцаў - ландшафтны заказнік «Мазырскія яры», знакаміты сваім унікальным рэльефам: сістэма ўзвышшаў з крутымі схіламі, пакрытымі густой расліннасцю – чымсьці падобна да карпацкіх гор. Цікава, што фактычна яры знаходзяцца ў межах самога Мазыра, таму абавязкова праедзьце па горадзе на аўтамабілі – будзеце адчуваць сябе амаль што, як на дне невялікага «каньёна».
«
Плывучая гасцініца». Працягваючы падарожжа па Палессі, я параіў бы абавязкова заехаць у Тураў. На жаль, сам дабраўся ў гэты вызначальны для беларускай гісторыі горад толькі нядаўна, дый паглядзеў далёка не ўсё, што жадаў. У Тураве можна сумясціць пазнавальны турызм з прамысловым – пабываць на мясцовым малочным камбінаце, дзе робяць знакамітыя беларускія сыры з італьянскімі назвамі. А таксама – адправіцца ў рачны круіз па Прыпяці на плывучай гасцініцы. Праўда, мяркуючы па цэнах на сайце, каштуе такая паездка не танна. Зрэшты, калі эмоцыі застануцца надоўга, затраты акупяцца.
Куды яшчэ можна адправіцца? У
кукурузныя лабірынты (мяркуючы па інтэрнэце, іх цяпер у Беларусі некалькі, а год таму быў толькі адзін), на
Нарач – але не азёрную, а гістарычную, цесна звязаную з баямі Першай сусветнай вайны. Ды ў той жа «традыцыйны»
Нясвіж! Але калі вы там ужо бывалі не раз, звярніце ўвагу не на палац, а на паркі побач з ім. Часам здаецца, што там само паветра – гаючае. Цудоўная магчымасць для рэлаксацыі пасля працоўных подзвігаў.
А якія, на ваш погляд, самыя цікавыя мясціны ў Беларусі? Што можна параіць патэнцыйнаму турысту?