Падзяліцца:
«Розгалас. Калі перасядзем на электравеласіпеды?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
19 Лютага 2019
«Розгалас. Калі перасядзем на электравеласіпеды?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Днямі вырашыў я па справах праехацца па Мінску на аўтамабілі, але не падумаўшы, зрабіў гэта а палове на шостую вечара. Не падумаўшы, бо можна ж было здагадацца – абавязкова трапіш у затор. Так і здарылася, хоць была, дарэчы, не пятніца. Цэнтр горада звыкла ледзь рухаўся. Адразу прыгадаў параўнанне майго знаёмага-журналіста, якое падаецца мне найбольш трапным у такой сітуацыі – як быццам у клей трапляеш. Ну што зробіш? Давялося даставаць смартфон і чытаць, што там у свеце робіцца, пакуль вымушана з'явіўся свабодны час. Раптам наткнуўся на артыкул у выданні Wired з гучнай назвай «Рэвалюцыя ў сферы электронных веласіпедаў збіраецца разбурыць гарадскі транспарт». Ну-ну, падумаў я, якраз актуальна. Аўтар артыкулу ставіць дыягназ: гарадскі транспарт у крызіснай кропцы. У гадзіны пік — а многія сусветныя гарады зараз заўсёды знаходзяцца на піку — мільёны гарадскіх жыхароў аказваюцца ў пробках. У многіх гарадах дрэнна развіты сістэмы грамадскага транспарту, таму ўсё больш людзей задумваюцца пра набыццё аўтамабіля (канечне, калі яны могуць сабе гэта дазволіць). І вось ужо, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сем мільёнаў чалавек за год паміраюць ад забруджвання паветра, вялікая частка якога выкліканая гарадскім рухам. Ёсць і такі факт: у сярэднім каля трэці гарадской нерухомай маёмасці аддаецца аўтамабілям. Карацей, дыягназ зразумелы. Што рабіць? Аўтар звяртае ўвагу вось на што: сёлета адбудзецца выбух агульных электрычных веласіпедаў і невялікіх электрычных самакатаў. Абодва маюць нулявыя выкіды дрэнных рэчываў – гэта з пункту гледжання экалогіі. І той, і другі від транспарту дастаткова танныя: на многіх рынках арэнда ў першыя паўгадзіны каштуе ад 1 да 2 долараў. Менавіта такі транспарт можа змяніць наш рух у кароткіх паездках — да 5-ці кіламетраў. На гэтым выданне робіць акцэнт – менавіта на кароткіх дыстанцыях. Бо паўнацэннай заменай аўтамабілю самакаты і веласіпеды, хай сабе і электрычныя, ніколі не стануць. Думаю, у многіх з вас ужо з'явіліся пытанні: а як жа па выхадных на закупкі ў гіпермаркеты ездзіць? А дзяцей па садках і школах развозіць? А на дачу як? Ды і клімат не апошнюю ролю адыгрывае. Зімой нават у суседні магазін неяк няма жадання катацца на электравеласіпедзе. Тым не менш, перспектывы ў лёгкага гарадскога электратранспарту, канечне, ёсць. Нездарма апошнім часам у гэтай сферы з'яўляюцца новыя буйныя ўдзельнікі, якія прыцягваюць сотні мільёнаў долараў на распрацоўкі. Як піша Wired, новая ліхаманка абвастрыла канкурэнцыю і стаўкі. Выкарыстанне электравеласіпедаў і электраскутэраў хутка расце. У вядомым сэрвісе Uber у сувязі з гэтым заяўляюць, што выкарыстанне іх аўтамабіляў скарацілася на 10%. Прыхільнікі такога транспарту звяртаюць увагу на плюсы. Гарады могуць эканоміць выдаткі на інфраструктуру (нейкай спецыяльнай для электравеласіпедаў не патрэбна), паменшацца заторы і будзе менш забруджвання навакольнага асяроддзя. Усё гэта так, але ёсць і спрэчныя моманты. Электратранспарт патрабуе месца для паркоўкі — напрыклад, Пекін пацярпеў ужо ад звычайных, без матору, веласіпедаў, якія загрувашчваюць тратуары. Ды і месца для бяспечнай язды пажадана, каб было асобнае – не побач з аўтамабілямі і пешаходамі. У Манчэстэры адна з кампаній адклікала свае электравеласіпеды – бо пачаліся крадзяжы і акты вандалізму. У Сан-Францыска забаранілі электронныя скутэры на сваіх вуліцах праз тры месяцы пасля таго, як яны ўпершыню там з'явіліся (амаль год таму). Канечне, гэта не значыць, што на тэме электратранспарту трэба паставіць кропку. Усёж-такі выгады шмат. У тым ліку для Беларусі. Нездарма апошнім часам беларускі Прэзідэнт пастаянна ставіць задачу навукоўцам: патрэбны эфектыўныя праекты выкарыстання электраэнергіі – з уводам у строй Беларускай АЭС яе стане яшчэ больш. Ужо ёсць беларускі электраматацыкл – але пакуль у ім больш кітайскага, чым айчыннага. А што ж з беларускім электравеласіпедам? Такімі распрацоўкамі ў нас займаецца завод «Аптрон». Там кажуць: першы патэнт на матор-кола атрымалі менавіта беларусы, прычым яшчэ 15 гадоў таму, калі на рынку ўвогуле ніякіх электравеласіпедаў не было. Але ж, патэнт патэнтам, а серыйнага масавага прадукту «made in Belarus» пакуль не відаць. Абяцалі стварыць да вясны 2018-га, цяпер называюць тэрмін – красавік-май 2019-га. Прычым вучоныя сцвярджаюць, што наш электравеласіпед будзе больш надзейны, чым кітайскія аналагі. А калі на яго яшчэ і паставяць новы назапашвальнік энергіі – суперкандэнсат, – то ён будзе зараджацца ўсяго за чатыры хвіліны. Дарэчы, згодна з раней заяўленымі характарыстыкамі, на адным зарадзе беларускі электравеласіпед зможа праехаць амаль 30 кіламетраў, прычым максімальная хуткасць будзе каля 36-ці кіламетраў за гадзіну. Магчыма, цяпер гэтыя характарыстыкі палепшаць. Аматараў здаровага ладу жыцця такі транспарт таксама можа зацікавіць – бо на ім можна будзе, як і раней, звыкла круціць педалі. А калі стаміліся – пераключыць у іншы рэжым, і вось ужо байк едзе самастойна. На заводзе задумваюцца і пра перспектывы – запусціць у серыю трохколавы электравеласіпед, які мог бы стаць дапамогай не столькі гарадскім, колькі вясковым жыхарам... Але ж пакуль аматары тэхнічных навінак яўна зачакаліся дэбюту. Калі ранейшыя планы спраўдзяцца, праз некалькі месяцаў мы ўбачым у магазінах беларускі электравеласіпед. Пажадана, каб і па прымальнай цане. Апошнія 100 гадоў пайшлі на тое, каб нашы гарады працавалі на аўтамабілі, - піша аўтар вышэйзгаданага артыкулу. У 2019-ым будуць рабіцца спробы вярнуць частку гэтай прасторы і зрабіць чыстыя, маленькія і танныя транспартныя сродкі шырока распаўсюджаным выбарам.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: