
Нядаўна чарговы раз злавіў сябе на думцы: цярпець не магу людзей, якія пастаянна ныюць. Асабліва шэрай асенняй парой з імі цяжка: і без таго сонца амаль няма, неба вечна пахмурнае, а тут яшчэ і гэтыя дадаюць масла ў агонь, павышаюць сярэдні ўзровень суму. Усё ім не так - і плацяць мала, і работа дрэнная, і ўсім мужчынам або жанчынам (гэта залежыць ад полу ныціка) толькі адно патрэбна, і шмат яшчэ чаго – спіс прэтэнзій звычайна доўгі.
«Што гэта за заробкі ў маладых урачоў?» - гаворыць такі ныцік, ходзячы на працу чатыры гадзіны на дзень, а астатні час праводзячы за камп'ютарнымі гульнямі. Яго жонка-урач пры гэтым занятая на дзвюх, а то і на трох працах, з пастаяннымі начнымі дзяжурствамі, і зарабляе амаль утрая больш. Але для ныціка гэта не аргумент: «Навошта так здароўе губіць?!». Зразумела, лепш губіць яго, седзячы на канапе.
«Канечне, я б займаўся спортам! Але ж гэта для багаценькіх! Колькі каштуе абанемент у спортзалу?» - даказвае такі ныцік, запіваючы смажаную курыцу куфлем піва. Аргумент пра тое, што ў інтэрнэце за дзве хвіліны можна знайсці самыя розныя практыкаванні, каб займацца дома, бясплатна, не праходзіць. «Гэта ж час патрэбны, тут на працы стамляешся, ды і ўвогуле...» І мільён аргументаў супраць.
Карацей, вы зразумелі. Што ні скажы, у адказ суцэльныя - «я б з задавальненнем, але ж...». Шаблон нязменны, мяняюцца толькі варыянты, што ж перашкодзіла на гэты раз. Вымушаны прызнаць: большасць такіх ныцікаў – асобы мужчынскага полу. Прынамсі, пра гэта сведчаць мае назіранні ў жыцці і ў інтэрнэце.
Чаму менавіта сёння вырашыў гэтым падзяліцца? Бо сёння дзень нараджэння ў пісьменніка, мецэната, аратара і прапаведніка Нікаласа Джэймса Вучыча. Ва ўсім свеце ён вядомы проста як Нік Вуйчыч. Калі яшчэ не зразумелі – гэтай той самы хлопец, які нарадзіўся без рук-без ног, з маленькай «гусінай лапкай» (як ён сам яе называе). Сёння гэтаму хлопцу споўнілася 35 гадоў. Чаго ён дасягнуў? Сотні выступленняў у год на ўсіх кантынентах, пяць напісаных кніг (у тым ліку бестселер «Жыццё без межаў»), мільённыя прыбыткі, прыгажуня-жонка і двое абсалютна здаровых дзяцей. А яшчэ Вуйчыч скача з парашутам, займаецца серфінгам і гуляе ў футбол. Так і хочацца спытаць: а чаго дасягнуў ты, са сваімі рукамі-нагамі-зрокам і слыхам? Са сваім вялікім розумам?
Летась Нік Вуйчыч пабываў з выступленнем у Беларусі, сабраў вялікую «Мінск-Арэну». Яго прыезд выклікаў розгалас, шмат было абмеркаванняў у інтэрнэце. Канечне, не абышлося без ныцікаў і тут. Прычым, гэта быў адзін з найгоршых іх падвідаў – ныцікі-крытыканы. Такія не проста ніколі не прызнаюць адкрыта: «я лайдак, я сам не хачу нічога змяняць у сваім жыцці». Яны яшчэ будуць саркастычна крытыкаваць іншых, спрабуючы апраўдаць за іх кошт сваю нікчэмнасць.
Больш за ўсё такіх каментатараў тады зачапіла фраза Вуйчыча «справа не ў грошах, не ў пасадах, а ў тым, хто вы ёсць, калі хочаце змяніць свет – самі будзьце гэтым змяненнем». «Справа не ў грошах? - дык няхай ён сілкуецца святым духам!»; «Вялікі кашалёк робіць цуды: калі б ён не зарабіў на сваіх пропаведзях, не было б у яго прыгожай жонкі і дзяцей» - крычалі на форумах нашы ныцікі. А я падумаў: калі яны з рукамі-нагамі не змаглі нічога дабіцца ў жыцці (гэта відавочна па іх каментарыях), то як бы яны паводзілі сябе ў жыццёвых абставінах Вуйчыча? Ну вось калі б раптам так здарылася? На што б хапіла сілы духу?
Канечне, можна пагадзіцца: сёння са сваёй сусветнай вядомасцю Нік Вуйчыч у асаблівай сітуацыі, у яго большыя магчымасці. Але падобныя людзі ёсць у многіх краінах, проста яны не настолькі вядомыя. Ёсць яны і ў Беларусі. Напрыклад, журналісты неаднаразова расказвалі пра мінчаніна Аляксея Талая, ён, дарэчы, амаль аднаго ўзросту з Вуйчычам. Аднойчы ў 16-цігадовым узросце Аляксей вырашыў патушыць распаленае іншымі вогнішча ў вёсцы, а пад ім апынулася міна часоў вайны. Далей хлопец жыў ужо без рук і без ног. А сёння Аляксей – бізнесмен, аратар і вандроўнік, у яго прыгожая жонка і дзеці. Журналісты пішуць, вясёлы і адкрыты чалавек – дарэчы, яшчэ адна агульная рыса з Вуйчычам і іншымі падобнымі людзьмі.
А літаральна напярэдадні, у Міжнародны дзень інвалідаў, у нашым эфіры прагучала гісторыя пра віцебскую дзяўчынку Таццяну Букланаву. Яна з дзяцінства ў інваліднай калясцы, але асвоіла камп'ютар, а яшчэ любіць маляваць – толькі аловак трымае не рукамі, а ротам. Яе жыццёвае крэда – усяго дабівацца самой.
Такія гісторыі карысна слухаць і чытаць не толькі ныцікам. Усе мы часам бываем не ў гуморы, здаецца, што ўсё валіцца з рук і самаадчуванне дрэннае. Але ж заўсёды трэба памятаць, што ёсць людзі, якім у сто разоў горш, чым нам. Калі яны не апускаюць рукі, застаюцца моцнымі духам, то нам павінна быць проста сорамна ныць!