
Незвычайная падзея праходзіць у гэтыя дні на ўскраіне Мінска - чэмпіянат свету па верталётным спорце. Або, як ахрысцілі яго некаторыя мае калегі, - верталётны мундыяль. Раней такіх авіяцыйных спаборніцтваў у беларускай сталіцы ніколі не праводзілася. А вось у іншым горадзе было, праўда, даўно – 40 гадоў таму сусветнае першынство прымаў Віцебск.
Вы калі-небудзь ляталі на верталёце? Мне пакуль не даводзілася ні разу. Адзіны раз, калі такая магчымасць амаль што прадставілася, быў больш за 10 гадоў таму, падчас працоўнай камандзіроўкі ў Венесуэлу. Але нешта не склалася, і ў выніку на ваенным верталёце паляталі толькі асобныя мае калегі. Кажуць, што адчуванні ад палёту на гэтай вінтакрылай машыне асаблівыя, не падобныя на тое, што адчуваеш у самалёце.
А ці ведаеце вы, што да стварэння верталёта прыклаў руку гамяльчанін Фёдар Яўстаф'еў? Канечне, ідэя машыны, якая б уздымалася ў паветра вертыкальна, з'явілася задоўга да яго. Ёсць падобныя чарцяжы ў Леанарда да Вінчы, у іншых вядомых у навуцы асоб. Але ў 1909-ым годзе на Усерасійскай выставе новых вынаходак менавіта сталяр Гомельскіх вагонарамонтных майстэрняў Фёдар Яўстаф'еў прадставіў лятальны апарат «гелікоптэр». Адметнасць яго і была ў тым, каб уздымацца ў паветра без разбегу (як, напрыклад, самалёт), а проста адразу – вертыкальна ўверх. Праўда, першапачатковы чарцёж давялося ўдасканальваць, рабіць новыя разлікі, і праз тры гады – у 1913-ым – Яўстаф'еў атрымаў прывілей (а кажучы сучаснай мовай – патэнт) на вынаходніцтва гелікоптэра. Дакумент зараз захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.
Але ніякай дапамогі на пабудову апарата гамяльчанін не атрымаў. Таму праз колькі гадоў зноў узяўся за разлікі, зноў удасканаліў праект, даслаў яго ў Маскву і атрымаў адказ толькі праз 11 гадоў. Савецкі ўрад выдаў патэнт на лятальны апарат Яўстаф'ева ў 1932-ім годзе. Аднак, у пачатку 1930-х патэнт на падобную машыну атрымаў і ўраджэнец Кіева, на той час ужо жыхар ЗША Ігар Сікорскі. А ў 1939-ым менавіта ён стварыў першы эксперыментальны верталёт – і так увайшоў у гісторыю. Дык хто ўсё ж такі аўтар ідэі? - гэта як спрачацца, хто прыдумаў радыё, Папоў або Марконі. Давайце спынімся на тым, што часам геніяльныя, наватарскія ідэі прыходзяць у галаву адначасова розным людзям. А гамяльчаніна Фёдара Яўстаф'ева можна смела называць адным з бацькаў лятальнай машыны, пра якую раней людзі маглі толькі марыць.
Увогуле мары пра неба, пра палёт прывялі ў авіяцыю многіх ураджэнцаў Беларусі. Так, кожны, хто праязджаў горад Глыбокае ў Віцебскай вобласці, бачыў на ўездзе помнік – самалёт Су-17. Усталяваны ён у гонар ураджэнца Глыбокага, сусветна вядомага авіяканструктара Паўла Сухога. Ён увайшоў у энцыклапедыі як стваральнік савецкай рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі. Яго асабістая гісторыя поспеху, дарэчы, таксама звязана з Гомелем – менавіта ў гэтым горадзе маленькі Павел упершыню ўбачыў аэраплан. Пазней прызнаваўся: захапіла дух – не птушка ляціць, а чалавек.
Магчыма, з гэтых дзіцячых захапленняў пасля і вырасла справа жыцця. Дарэчы, ужо працуючы ў Маскве, на сваім стале ў кабінеце авіяканструктар захоўваў фотаздымак малой радзімы, роднага Глыбокага.
Сярод савецкіх асаў, імёны якіх увайшлі ў ваенную гісторыю, - двойчы Герой Савецкага Саюза, ураджэнец вёскі ў цяперашнім Баранавіцкім раёне Сяргей Грыцавец, які ў канцы 1930-х гадоў ваяваў у небе Іспаніі і Манголіі, а таксама двойчы Герой Савецкага Саюза Павел Галавачоў, які падчас Вялікай Айчыннай асабіста збіў больш за 30 варожых самалётаў.
І гэта ж мы яшчэ не ўзгадалі імёны тых, хто бываў, скажам так, вышэй за неба – у космасе. Але, спадзяюся, касманаўтаў Уладзіміра Кавалёнка, Пятра Клімука і Алега Навіцкага сёння ведае кожны школьнік. Думаю, з часам у падручнікі ўвойдуць імёны і іншых беларусаў, якія звязалі сваё жыццё з небам. Бо нашы землякі напісалі шмат слаўных старонак у гісторыі авіяцыі.