Памятаеце адно з асноўных правілаў студэнцкага жыцця? Спачатку ты працуеш на залікоўку – пасля залікоўка працуе на цябе. Калі на першых курсах ты больш увагі аддаеш вучобе, “збіраеш” у сваёй заліковай кніжцы толькі пяцёркі (або цяпер – дзявяткі і дзясяткі), то на апошніх курсах можаш разлічваць на добрае стаўленне выкладчыка, нават калі па факце яго не заслугоўваеш. Проста таму, што табе ўжо давяраюць. У цябе ўжо ёсць пэўная рэпутацыя, і ты сам пра гэта паклапаціўся. Залікоўка стварае ў вачах выкладчыка пэўны вобраз студэнта, нават калі той увогуле яшчэ рот не раскрыў. А вы ніколі не думалі, што гэта гісторыя – не толькі пра студэнтаў? Што такое правіла можа быць перанесена ўвогуле на ўсё наша жыццё?
Нядаўна розгалас у сродках масавай інфармацыі, у сацыяльных сетках атрымала навіна: кітайскія ўлады ўкараняюць Сістэму сацыяльнага крэдыту. Кожны грамадзянін КНР будзе набіраць пэўную колькасць балаў і займаць адпаведнае месца ў агульным рэйтынгу.
Строга кажучы, гэта не зусім навіна. Пра адпаведныя планы ўлады Кітая заявілі яшчэ ў 2014-ым. Але нядаўна вялікі артыкул на гэтую тэму з канкрэтнымі прыкладамі апублікавала выданне Wall Street Journal, і пачалося абмеркаванне. У чым жа сутнасць прапановы? Паспрабую растлумачыць, што называецца, на пальцах.
Уявіце сабе: усё, што вы робіце, чым займаецеся, збіраецца ў адным вялізным сховішчы інфармацыі. Прычым з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Кожнае ваша дзеянне дадае вам балаў. Або наадварот – адбірае.
Вы своечасова выплачваеце крэдыт, займаецеся карыснай грамадскай дзейнасцю, добра сябе паводзіце ў інтэрнэце, шануеце сваіх бацькоў – вам налічваюць балы, ваша месца ў рэйтынгу ўсё вышэй. Вы пастаянна спазняецеся заплаціць падаткі, у вас ёсць сябры-хуліганы, вы даяце хабар або пераходзіце вуліцу на чырвонае святло – ваш рэйтынг зніжаецца.
Хтосьці са слухачоў можа спытаць: ну і што з таго рэйтынгу? Усё проста. Калі бал будзе “непрахадны”, ваша жыццё можа істотна ўскладніцца. Магчыма, вас не возьмуць на работу ў дзяржаўныя ўстановы, адмовяць у сацыяльным забеспячэнні, будуць асабліва прыдзірліва даглядаць на мытні або ўвогуле не выпусцяць за мяжу, не прададуць спальнае месца ў начным цягніку і не пусцяць у люксавыя рэстараны, вы не зможаце пазнаёміцца ў інтэрнэце з хлопцам або дзяўчынай з прыстойнай сям’ і шмат чаго яшчэ.
Гучыць, як сюжэт фантастычнага раману або фільма? Дык вось не. Такая Сістэма сацыяльнага крэдыту павінна запрацаваць у Кітаі зусім хутка, да 2020-га года. Зараз яна рэалізуецца ў некаторых гарадах у пілотным варыянце. Мэта высакародная – стварыць сістэму поўнай празрыстасці кожнага чалавека перад грамадствам.
Некаторыя сферы ўжо – пад кантролем, найперш банкаўскія крэдыты і інтэрнэт-гандаль. Што цікава, адпаведныя функцыі тут выконвае не дзяржава, а прыватныя кампаніі, перш за ўсё – найбуйнейшая ў свеце кітайская гандлёвая пляцоўка Алібаба. У яе ўжо ёсць свой рэйтынг. Прадстаўнікі кампаніі нават раскрылі некаторыя дэталі – як ён ствараецца. Рэйтынг улічвае, чым чалавек займаецца ў глабальнай сетцы. Калі па 10 гадзін у дзень марнуе на відэагульні, то ён лайдак. А калі часта купляе падгузнікі – відаць па ўсім, адказны бацька. Карацей, логіку разважанняў вы зразумелі.
Думаеце, гэта ўсё толькі кітайская тэма? Абсалютна не. Эксперты ўпэўнены: кітайская мадэль пабудовы новага грамадства з часам установіцца ў многіх краінах, у тым ліку заходніх. Раней ці пазней усе жыхары планеты атрымаюць свой “сацыяльны рэйтынг”. Больш за тое, асобныя элементы сістэмы ёсць ужо сёння. Пра тое, як лёгка прасачыць жыццё любога амерыканца, які ходзіць пад камерамі, карыстаецца крэдыткай, працуе ў інтэрнэце, зняты дзясяткі, калі ўжо не сотні галівудскіх фільмаў. А пасля выкрыццяў Эдварда Сноўдэна нават Галівуд адпачывае!
Ды што там – прыгадайце нядаўнія навіны: адзін з карыстальнікаў сацыяльных сетак паўстане перад судом за абразу беларускай мовы, альбо дзяўчына, што апублікавала на сваёй старонцы непрыстойныя фота. А як пра гэта стала вядома? Тое, што яшчэ 10 гадоў таму засталося б асабістай справай, сёння робіцца набыткам усіх, прычым незалежна ад вашага жадання. Што гэта, як не элемент новага грамадства, дзе кожны грамадзянін празрысты перад іншымі і вымушаны адказваць ледзь не за кожны свой “лайк” пад тым ці іншым словам?
Але справа ж не толькі ў “лайках”, чым і цікавая гісторыя з кітайскім сацыяльным крэдытам. Яна значна шырэй за інтэрнэт-прастору. Фактычна адказваць давядзецца за любое дзеянне ў жыцці. Добра гэта ці дрэнна?
З аднаго боку, у нашай, славянскай традыцыі часам больш сімпатый выклікае чалавек, які спатыкаецца, які “няправільны”, але шчыра жадае стаць лепшым. А вось ідэальных у нас, як ні дзіўна, не вельмі любяць!
І нават калі працягнуць тую аналогію са студэнцкімі залікоўкамі. Прыгадайце - колькі знакамітых палітыкаў, бізнесменаў, урачоў, пісьменнікаў, акцёраў былі не самымі выдатнымі вучнямі? А колькі побач з імі было выдатнікаў з узорнымі залікоўкамі! І што мы сёння ведаем пра гэтых людзей? У гісторыі чамусьці засталіся геніяльныя троечнікі. Так і адкрыцці, якія рухаюць чалавецтва наперад, часам робяцца з непадпарадкавання правілам.
Але з другога боку... Грэе думка: ну вось, нарэшце будзе заўважна, як любое наша дзеянне мае за сабой наступствы. Зрабіў – атрымаў. Раней пра гэта ўсё больш пісьменнікі, філосафы і іншыя маралісты разважалі. А цяпер кожны зможа ўпэўніцца. Калі, напрыклад, у рэстаран не пусцяць – скажуць, балаў не хапае, родны, рэйтынгам не выйшаў. Папрацуй яшчэ над кармай.
І акажацца, што паняцце “рэпутацыя” каштуе нашмат даражэй, чым некаторыя лічаць.