Падзяліцца:
Розгалас. Легенды Беларускага радыё. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё+відэа)
15 лістапада 2017
Розгалас. Легенды Беларускага радыё. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё+відэа) У беларускага радыё сёння дзень нараджэння. Прычым я маю на ўвазе не толькі наш Першы нацыянальны канал. І нават не толькі пяць радыёканалаў і радыёстанцый, якія ўваходзяць у структуру Белтэлерадыёкампаніі. Абсалютна ўпэўнены – усе радыёстанцыі, якія сёння ёсць у Беларусі, як з таго гогалеўскага шынелю выйшлі з Беларускага радыё. А дакладней – з Мінскай радыёстанцыі імя Саўнаркому БССР, якая пачала вяшчанне 92 гады таму, 15-га лістапада 1925-га. Тым лістападаўскім вечарам у Мінску праходзіў урачысты мітынг. Прадстаўнік саюзнага наркамату пошт і тэлеграфа таварыш Точка павіншаваў удзельнікаў з адкрыццём радыёстанцыі. Першыя словы «Увага! Гаворыць Мінск» прагучалі ў эфір з будынка па вуліцы Савецкай – сёння прыкладна на гэтым месцы знаходзіцца дом са сталічным кінатэатрам «Цэнтральны». Па тэлефоне зрабілі кантрольныя званкі ў Полацк і Віцебск. Там пацвердзілі: новую радыёстанцыю выдатна чуваць. Вось так будзённа і ўваходзіла ў наша жыццё абсалютна новая з'ява, якой наканавана было стаць не проста новым спосабам распаўсюджвання інфармацыі, але і сродкам аб'яднання тысяч, мільёнаў людзей. Спачатку ў межах адной краіны, а сёння – і ва ўсім свеце. Зрэшты, цікавыя факты з гісторыі беларускага радыёвяшчання сёння вы можаце пачуць у эфіры Першага нацыянальнага канала, а можаце пачытаць на нашым сайце або ў сацыяльных сетках. Што да будзённасці, то, напэўна, так нараджаюцца многія рэчы, якія пасля становяцца легендарнымі. Тое ж можна сказаць і пра людзей. Днямі мне давялося ўпершыню ў жыцці ўбачыцца і паразмаўляць з легендай Беларускага радыё Ільём Львовічам Курганам. Гэта пра яго ў свой час прыдумалі: «Нам не трэба Левітан, ёсць у нас Ілья Курган». «Залаты голас Беларусі», «беларускі Левітан», «легендарны барытон», «голас краіны» - сустракацца з чалавекам, якога ўзнагароджваюць такімі эпітэтамі, заўсёды неяк няёмка. Хто ты і хто ён? Легенда! Але ж Ілья Львовіч аказаўся вельмі адкрытым, сціплым чалавекам з дасціпным гумарам. А які голас ён захаваў у свой 91 год! Зрэшты, і ў шматлікіх інтэрв'ю, і ў цяперашняй нашай размове падкрэсліваў: ніколі нічога спецыяльна для гэтага не рабіў. І пра сваё доўгажыхарства Ілья Курган з гумарам прызнаўся: заўсёды рабіў тое, што, хутчэй, скарачае жыццё, а не працягвае – але ж вось як яно атрымалася ў выніку. Ды і ўвогуле – спачатку не збіраўся быць дыктарам, бо скончыў акцёрскі інстытут. Але выпадкова прыйшоў на радыё, паспрабаваў і… зацягнула на ўсё жыццё. Зрэшты, і тут Ілья Львовіч адыходзіў ад строгіх правілаў – напрыклад, любіў чытаць тэксты ў эфіры, што называецца, з ліста, не рыхтуючыся загадзя, хоць і сам разумеў, што гэта няправільна. Але дапамагаў акцёрскі талент і жывы розум. Часам проста ў эфіры выпраўляў такія памылкі ў тэксце, за якія ў 1950-ых гадах работнікі радыё маглі паплаціцца не толькі працай. І вось у гэтай будзённасці, лёгкім адыходзе ад правілаў і «правільнасці» я таксама бачу прыкметы легендарнасці. А колькі такіх гісторый было на Беларускім радыё за 92 гады яго работы! Але што мы ўсё пра гісторыю? У дзень нараджэння прыемна думаць і пра будучыню. Я ўпэўнены, яна ў нацыянальнага радыёвяшчання светлая. І ніякі інтэрнэт нас не заб'е! Хаця б таму, што радыё цудоўна выкарыстоўвае самыя розныя магчымасці, якія дае развіццё найноўшых тэхналогій. Дзякуючы інтэрнэту Беларускае радыё сёння можна слухаць практычна ў любым месцы планеты. Геаграфія наведванняў нашага сайта – амаль 90 краін, прычым у топ-10 ёсць такія няблізкія дзяржавы, як Кітай і ЗША. Сацыяльныя сеткі – выдатная магчымасць пазнаёміць слухачоў з нашымі эфірнымі (а часам і пазаэфірнымі) навінамі. І з нашымі журналістамі. Такім чынам мы становімся яшчэ бліжэй да вас. А вы цяпер не толькі нашы слухачы і чытачы, але і гледачы: на нашай старонцы ў хостынгу Youtube у любы зручны час можна паглядзець відэа самых цікавых эфіраў. Думаю, што ў бліжэйшай будучыні ў прынцыпе любое радыё можна будзе не толькі слухаць, але і глядзець онлайн. Аднак, вялікае пытанне – ці захочуць гэтага самі слухачы? Усё ж такі магія радыё заўсёды і была ў тым, што вы не можаце ўбачыць, а можаце толькі пачуць. Голас, музыку, гукі. У рэшце рэшт, гэта проста зручна ў наш шматзадачны час: можна слухаць і займацца іншымі справамі. Вядомы расійскі журналіст Віктар Лашак аднойчы сказаў: «Радыё – гэта журналістыка прамога забойнага дзеяння. Паміж аўтарам і слухачом дыстанцыя куды карацейшая, чым паміж аўтарам і тэлегледачом, а тым больш – чытачом». Не дзіўна, што радыё застаецца адным з самых папулярных сродкаў масавай інфармацыі ў розных краінах. Напрыклад, 85% жыхароў Еўропы кожны тыдзень слухаюць радыё. І што яшчэ важней: нам давяраюць больш. Нядаўнія сацыялагічныя апытанні адной з амерыканскіх кампаній (Pew Research Center) паказалі: толькі 5% жыхароў ЗША давяраюць інфармацыі з сацыяльных сетак. Узровень даверу да нацыянальных і мясцовых радыё- і тэлеканалаў нашмат вышэйшы. Так што і Беларускае радыё да свайго 100-гадовага юбілею набліжаецца ўпэўненымі крокамі, маючы вялікія задумы. Магчыма, калісьці і сённяшнія работнікі радыё або нашы эфіры стануць легендай. Але пра гэта падумаем пасля. А пакуль – робім усё, каб вам было карысна, цікава і ўтульна з намі. Будзем разам!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: