Падзяліцца:
Розгалас. Маленькі чалавек. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
20 верасня 2017
Розгалас. Маленькі чалавек. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) У традыцыі рускай літаратуры ёсць вобраз «маленькага чалавека» - асаблівы тып літаратурнага героя, які ўзнік яшчэ ў 19-ым стагоддзі. Яго «бацькамі» звычайна называюць Аляксандра Пушкіна і Мікалая Гогаля. Маленькі чалавек звычайна невысокага сацыяльнага становішча, без асаблівых здольнасцей, але пры гэтым добры і бяскрыўдны. Сэнс гэтага вобраза – нагадаць чытачам: самы звычайны чалавек таксама варты нашай увагі, не трэба захапляцца толькі рамантычнымі і іншымі героямі. Але пяройдзем ад тэорыі літаратуры да рэальнага жыцця. Днямі эвакуіравалі маю машыну. Здараецца нячаста, але кожны раз непрыемна: адразу рушацца планы дый грошай за гэтую «паслугу» дзяруць нямала. Зрэшты, усё па законе – аўто я ставіў пад знак, і хоць нікому яно там не перашкаджала, спрачацца няма з чым. Праўда, забягаючы наперад, скажу: пры разборы супрацоўнік ДАІ прызнаўся, што зараз машыну звычайна эвакуіруюць у двух выпадках – калі яна стаіць на пешаходным пераходзе або калі ў ДАІ, што называецца, паступіў сігнал. Кажучы прасцей, знайшоўся добразычлівец, які ўбачыў парушэнне і тут жа, як чалавек сумленны, пабег званіць у міліцыю. Гэта якраз аказаўся мой выпадак. Больш за тое, у ДАІ яго добра ведаюць – на той вуліцы, адкуль забралі мой аўтамабіль, такі «народны кантралёр» адзін. Пасля я паразмаўляў са знаёмымі – аказалася, такіх гісторый шмат. Асабліва непрыемна, калі гэты добразычлівец аказваецца суседам па пад'ездзе, і ўсе іншыя жыхары яго цудоўна ведаюць. Толькі зразумець не могуць – навошта? Ці то настолькі паважае закон, што вучыць гэтаму іншых, ці то настолькі маленькі чалавек, што не хапае ў жыцці ўвагі да сваёй персоны? Аднак, паўтару – юрыдычных пытанняў тут няма, усё па законе, нумар ДАІ такія людзі набіраюць, толькі калі ёсць відавочнае парушэнне. Зрэшты, я хацеў расказаць пра іншае. У той дзень паехаў я тэрмінова на штрафстаянку, каб хутчэй забраць машыну. Знаходзіцца яна на звычайнай стаянцы, пры ўездзе, як звычайна, у будцы – вартаўнік. «Мне можаце адразу заплаціць, за эвакуацыю, - сказаў ён, - а вось супрацоўніка ДАІ трэба будзе крыху пачакаць». Што ж, заплаціў, пачакаем. Чакалі 10 хвілін, 20, паўгадзіны. Я назіраў за вартаўніком. Гадоў пад 60, жвавы, гаворыць, пастаянна ўсміхаючыся. Націснуў на кнопку, прапусціў аўтамабіль на стаянку, забраў у чалавека картку, аддаў картку, выпусціў аўтамабіль – вось, здаецца, і ўся работа. Чаканне зацягвалася – пачалі размаўляць. Спачатку, зразумела, на тэму: дзе ж аўтамабіль прыпаркаваць, калі ўсюды знакі «Стаянка забаронена»?! Павесіць знак, канечне, лягчэй, чым арганізаваць паўнацэнную паркоўку. Тут мы як аўтааматар аўтааматара зразумелі адзін аднаго. Пасля абмеркавалі аўтамабілізацыю горада Мінска. «Бачыце, - гаворыць, - машын на стаянцы амаль няма. Каму яна патрэбная, калі столькі пешшу ісці трэба, прасцей побач з домам кінуць, калі месца знойдзеш, канечне». Пры гэтым, як аказалася, ёсць на стаянцы аўто, якія захоўваюцца з 2004 года. 13 гадоў! Яны ўжо ў зямлю ўраслі. Кагосьці з уладальнікаў проста не могуць знайсці, іншыя самі не жадаюць забіраць уласнасць – калі даведваюцца, колькі грошай набегла за гэтыя гады захоўвання. Аднак, ёсць адна жанчына, якая ўжо шмат гадоў кожны месяц прыходзіць і плаціць за старэнькі «Жыгулі». За гэты час машыну ніхто нават не заводзіў. У чым сэнс захоўваць яе на стаянцы, калі плата даўно перавысіла кошт аўтамабіля? Калі вартаўнік спытаў гэта ў жанчыны, то пачуў: у яе даўно паралізаваны муж. У свой час гэтыя «Жыгулі» былі для яго вялікім гонарам, і калі ён даведаецца, што яна прадала машыну, гэта яго заб'е. Так і ходзіць месяц за месяцам, плаціць за былы гонар, які пад сонцам і дажджом ператвараецца ў металалом. Ішла другая гадзіна чакання супрацоўніка ДАІ (без яго я не мог забраць машыну са стаянкі), і вартаўнік прапанаваў мне гарбаты. Выбраў самы вялікі кубак, заліў ваду не з-пад крану, а спецыяльна прынесеную, заваркі засыпаў не шкадуючы. За гэты час двойчы патэлефанаваў у 102 і столькі ж – у дзяжурную частку. «Што вы там сабе думаеце? Дзе ваш супрацоўнік? У мяне чалавек чакае!» Пасля пачаў расказваць пра сябе. У савецкі час працаваў на адным з мінскіх заводаў. Калі ў 80-ых туды прыйшлі новыя станкі вядомага нямецкага канцэрна, пайшоў вучыцца на наладчыка абсталявання. Заробак адразу ледзь не ўдвая павялічыўся – многія пачалі зайздросціць. Тады купіў свой першы аўтамабіль - «Запарожац», на аўтарынку, што знаходзіўся ў раёне былога мінскага аэрапорта. Але хутка разваліўся Саюз, справы на заводзе пайшлі дрэнна, і давялося звальняцца. Стаў чаўнаком – вазіў вялікія торбы ў Польшчу. Аднойчы, гаворыць, сусед па цягніку папрасіў дапамагчы сумку вынесці. Удваіх ледзь ад зямлі адарвалі – аказалася, яна поўная жаночых пілачак для манікюра. У тыя гады паездзіў па ўсіх заходніх суседках Беларусі. Пасля заняўся малым бізнесам – на піку справы ў яго былі чатыры кіёскі, дзе гандляваў рознай прадукцыяй. Аднак, з часам яны прыносілі ўсё менш даходу, таму давялося закрыць. Грошы былі, але без справы стаў усё больш цягнуцца да алкаголю. Вось і вырашыў урэшце на пенсіі пайсці працаваць вартаўніком на стаянку. Але, гаворыць, увесь час з жонкай вандруюць. Калісьці ўвесь Крым аб'ехалі. Цяпер мінімум раз на год – у новую краіну. Больш за ўсё ў Тайландзе спадабалася, цікавыя ўражанні ад Кубы, зрабілі выключэнне для Егіпта – туды двойчы зляталі. Думаю, вы ўжо разумееце – чым больш я слухаў яго, тым больш мае першыя ўражанні пра гэтага быццам бы «маленькага чалавека» разыходзіліся з рэальнасцю. А час паслухаць быў – у выніку мы чакалі супрацоўніка ДАІ больш за тры гадзіны! Дапамагло толькі, калі мой візаві, у чарговы раз патэлефанаваўшы ў «дзяжурку», ледзь стрымліваючы мат, прагрымеў у трубку: «Калі зараз не прыедзеце – я аддаю чалавеку машыну і адпускаю яго!». Супрацоўнік ДАІ прыехаў праз пяць хвілін – аказалася, што ўвесь гэты час ён спрабаваў выцягнуць з аўтамабіля п'яную жанчыну, пакуль разбірался са мной, яна спала ў патрульнай машыне. І я зразумеў, што за гэтым чалавекам – таксама космас розных гісторый, якія мы проста не ведаем або не хочам ведаць, сутыкаючыся выпадкова адзін з адным у жыцці. Вы спытаеце: дзе ж працуе гэты вартаўнік, на якой стаянцы? Ды на любой, што побач з вамі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: