Падзяліцца:
«Розгалас. Нашы дзеці». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
18 снежня 2018
«Розгалас. Нашы дзеці». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Трапіў я нядаўна ў кампанію, дзе было шмат маладых бацькоў; натуральна, пасля размоў пра работу, надвор'е, здароўе і што там яшчэ – зайшоў дыялог пра дзяцей. Пра іх інтарэсы і здольнасці. Хтосьці яшчэ літару «а» пісаць не навучыўся, затое ўжо без праблем можа знайсці ў Youtube любімыя мультфільмы або дзіцячыя праграмы. Іншаму малому яшчэ і трох гадоў няма, а ён ужо амаль без памылак адрознівае маркі аўтамабіляў. У больш дарослых – тых, хто ўжо ходзіць у школу, – свае інтарэсы: напрыклад, ствараюць спецыяльныя чаты ў мэсэнджарах і там абменьваюцца правільнымі адказамі. Хтосьці адзін зрабіў «дамашку» па матэматыцы, закінуў у чат правільнае рашэнне – усе астатнія яго перапісваюць. Увогуле бацькі сышліся на тым, што было б няблага да пачатку ўрокаў смартфоны ў дзяцей збіраць – каб не перашкаджалі навучальнаму працэсу. Але гэты «Радыёблог» зусім не пра ўздзеянне найноўшых тэхналогій на нашых дзяцей. Ён пра тое, што побач з намі ёсць дзеці, у якіх (на жаль, так атрымалася) зусім іншыя інтарэсы і клопаты ў жыцці. Якія ў перадсвяточныя дні мараць не пра новы гаджэт у падарунак, а пра здароўе і цеплыню з боку блізкіх людзей. Бо менавіта гэтага ім адчайна не хапае. Здаецца, простая ісціна, але разумееш яе толькі тады, калі сустрэнешся з такімі дзецьмі. Днямі ў Партызанскім раёне Мінска прайшоў дабрачынны марафон «Ад сэрца да сэрца». Для раёна гэта быў першы вопыт. Прадстаўнікі розных школ, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, мясцовыя ўлады здолелі арганізаваць сапраўднае свята з выступленнямі вядомых артыстаў, каб сабраць грошы для дапамогі дзецям з асаблівасцямі развіцця. Мяне на гэты марафон запрасілі выступіць у якасці журналіста. Дагэтуль на рабочым стале ляжыць як напамін чырвонае сэрца, зробленае рукамі дзяцей – такія раздавалі ўсім гасцям марафону. Але найбольш мяне ўразіла выступленне вучняў 13-ай сталічнай школы-інтэрната для дзяцей, якія слаба чуюць. У многіх з іх ад самага нараджэння амаль няма слыху. І тым не менш яны «спявалі» са сцэны вядомыя песні! Канечне, не ў голас – а з дапамогай жэстаў і артыкуляцыі. Аднак яна настолькі супадала з гукам, настолькі артыстычна дзеці сябе паводзілі, што часам пачынала здавацца – гэта рэальнае выкананне. Не ведаю, ці пачулі юныя артысты бурныя апладысменты гледачоў, але іх захопленыя погляды дакладна ўбачылі. Я глядзеў канцэрт і думаў: зараз, калі да навагодніх свят засталіся лічаныя тыдні, многія з нас падводзяць вынікі года адыходзячага, плануюць падарункі, мараць пра цуды… Нават мы, дарослыя – а што ўжо казаць пра дзяцей! Але ці можам мы ажыццявіць мары такіх вось дзетак, якім у жыцці пашчасціла менш, чым іх аднагодкам? Думаю, што можам. Па-першае, я не згодны з вядомай фразай «Здароўе не купіш». Так, абсалютнага здароўя за грошы дакладна нідзе не прададуць, нікому з нас, але ж можна набыць многія рэчы, якія дапамогуць здароўе значна паправіць. Камусьці патрэбныя лекі, камусьці рэабілітацыя, іншым – розныя тэхнічныя прыстасаванні. Канечне, ёсць адпаведная дапамога ад дзяржавы, не застаюцца ў баку і грамадскія арганізацыі, але гэта той выпадак, калі зашмат дапамогі не бывае. Галоўнае, скажам шчыра, – быць упэўненым, што твае сродкі трапяць па адрасе. Ну тут, што называецца, трэба і давяраць, і правяраць. А па-другое, многім дзецям дастаткова простай увагі, цеплыні, пяшчоты. І тут увогуле ніякіх грошай не патрэбна – было б толькі сапраўднае жаданне. Зрэшты, і першую і другую задачу цудоўна вырашае вельмі важная сацыяльная акцыя – «Нашы дзеці». Звычайна яна пачынаецца якраз у гэтыя снежаньскія дні і праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. Акцыі ўжо больш за дваццаць гадоў, і яна стала добрай традыцыяй. Ідэя вельмі простая: кожнаму дзіцяці на Новы год патрэбная ўвага і падарунак. І хто, як не дарослыя, могуць ім гэта забяспечыць. Таму чыноўнікі, дэпутаты, бізнесмены, ваенныя, спартсмены, зоркі шоу-бізнесу і многія іншыя ў гэтыя дні едуць да дзяцей. У бальніцы, прыёмныя сем'і, інтэрнаты. Збіраюць на святочныя прадстаўленні хлопчыкаў і дзяўчат са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. Задача ў іх найважнейшая – не пакінуць без увагі ніводнае дзіця ў Беларусі. Але ж, пагадзіцеся – не абавязкова чакаць спецыяльнай акцыі або даты, каб дапамагчы. Дастаткова проста зразумець: усе дзеці – нашы, азірнуцца навокал і ўбачыць, каму больш за ўсё патрэбная дапамога. А пасля – паспрабаваць зрабіць для іх сапраўдны цуд.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: