"Розгалас. Навошта хлопчыкам «вайнушка», або Дарослыя гульні дзяцей". Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
"Розгалас. Навошта хлопчыкам «вайнушка», або Дарослыя гульні дзяцей". Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
"Розгалас. Навошта хлопчыкам «вайнушка», або Дарослыя гульні дзяцей". Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
Падзяліцца:
5 Лістапада 2018
Шырокі розгалас у грамадстве атрымалі дзве нядаўнія гісторыі: спачатку ў Керчы 18-гадовы студэнт політэхнічнага каледжа ўчыніў выбух і расстраляў больш за 20 чалавек, пасля ў Архангельску ў будынку мясцовага ўпраўлення ФСБ 17-гадовы падлетак учыніў выбух, у выніку якога сам загінуў. Галоўнае пытанне, якое хвалюе зараз дарослых (праваахоўнікаў, псіхолагаў, іншых спецыялістаў, проста неабыякавых): што ж за матывы кіравалі падлеткамі, каб яны такое зрабілі? Але разам з гэтым гучыць і іншае, адвечнае пытанне: хто вінаваты?
Здаецца, многія дарослыя ўжо вынеслі вердыкт: канечне, вінаваты інтэрнэт! Маўляў, сённяшнія дзеці могуць знайсці там любую, нават небяспечную для іх інфармацыю, могуць дзяліцца паміж сабой любымі планамі – без нагляду дарослых – а пасля ўчыняць такія трагедыі. Таму трэба забараніць. Не ўвесь інтэрнэт, канечне, - у цяперашнім глабальным свеце гэта наўрад ці атрымаецца, - а тую інфармацыю, якая можа быць небяспечнай для дзяцей. І пляцоўкі пажадана заблакіраваць, на якіх яны могуць дзяліцца сваімі небяспечнымі сакрэтамі.
Добры план, на першы погляд. Але на другі – бессэнсоўны. А на трэці – нават шкодны.
Чаму шкодны? Мяркуйце самі: за некалькі хвілін да выбуху ў Архангельску будучы смяротнік апублікаваў у адным з тэлеграм-каналаў у інтэрнэце папярэджанне аб нападзенні. Было б больш часу – магчыма, здарэнне паспелі б папярэдзіць. Сёння ва ўсіх развітых краінах ёсць і спецыяльныя тэхналогіі, і спецыяльна абучаныя людзі, каб адсочваць такія небяспечныя запісы ў глабальным сеціве. А заблакіруеце вы гэтыя пляцоўкі – будзе яшчэ менш шанцаў спыніць будучага злачынцу.
Чаму ж план забароны яшчэ і бессэнсоўны? А вы проста прыгадайце сваё дзяцінства! Найперш кажу гэта мужчынам, былы хлопчыкам. Калі я быў падлеткам, не было нават намёку на нейкі інтэрнэт. Поўны вакуум у гэтым сэнсе – ніякай небяспечнай інфармацыі. Але мы са школьнымі сябрамі выдатна ведалі, што можна зрабіць са звычайнага ключа з адтулінай (часцей за ўсё бралі ключы ад мэблі), звычайнай шрубы і звычайнай серы ад запалак. Збіралі самаробныя «петарды» проста ў двары і, калі бабахала, разбягаліся ў розныя бакі. Або ішлі ў бліжэйшы гаспадарчы магазін, набывалі там селітры, праводзілі іншыя маніпуляцыі і выпрабоўвалі нашы прылады ўжо ў закінутым бамбасховішчы, якое было проста ў суседнім двары.
Заўважце – ніякіх рэцэптаў я не прыводжу, каб выпадкова хтосьці не паўтарыў. Але – чорт пабяры! - дзе ж мы бралі тыя рэцэпты? Інтэрнэту ж не было! У кнігах чыталі ці што? Насамрэч са мной дзяліліся сакрэтамі мае тагачасныя сябры, а ім (я так думаю) расказвалі іх больш дарослыя знаёмыя. У кагосьці брат старэйшы быў, у каго яшчэ хто. Як у свой час з імі самімі таксама дзяліліся інфармацыяй яшчэ больш старэйшыя хлопцы. Вось так – з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне – і перадаваліся гэтыя «мужчынскія веды».
Дарэчы, пра кнігі. І там можна было знайсці. Адна з любімых кніг майго дзяцінства - «Звычайныя прыгоды «алімпійца» Міхаіла Янохіна» пісьменніка Альберта Іванова. Адзін з эпізодаў памятаю да сёння: як галоўныя героі – падлеткі – цытуюць рэцэпт выбуховай сумесі, прапісаны ў рамане Жуля Верна «Таямнічы востраў». Запомніў таму, што тады ўпершыню прачытаў незвычайнае слова «нітрагліцэрын». Дык што – цяпер і гэтыя кнігі забараніць? Бо рэцэпт там прапісаны дакладна, з усімі інгрыдыентамі.
Але ж у нас, колькі б мы ні эксперыментавалі, ніколі нават у думках не было прычыніць шкоду іншым людзям. І ўвогуле каму-небудзь. Гэта былі звычайныя (не самыя, канечне, разумныя) для падлеткаў захапленні – якімі яны былі і многія пакаленні да нас.
Як гуляюць многія пакаленні хлопчыкаў у «вайнушку». Мы гэта рабілі з самым розным арсеналам. З дзіцячымі рэвальверамі сістэмы наган, якія былі, напэўна, у кожнага другога савецкага хлопчыка (здаецца, і сёння я памятаю пах пістонаў на папяровай стужцы, якія запраўляліся ў гэты пісталет). З пластмасавымі кулямётамі. Пазней – у класе пятым-шостым – у нас з'явілася новая мода: купляць пластыкавыя «маслёнкі», заліваць у іх халодную ваду і пасля хадзіць невялікімі групамі па суседніх дварах. Злавілі кагосьці са знаёмых – і пачынаем вадзяны бой на «маслёнках». Калі аднаго паліваюць халоднай вадой адразу з чатырох-шасці рук – паверце, прыемнага мала, тут і пісталетаў ніякіх ужо не трэба. Адрэналін быў яшчэ той!
Карацей, хлопчыкі гулялі, гуляюць і, напэўна, будуць гуляць у «вайнушку». Дарэчы, і не толькі хлопчыкі – некаторыя дзяўчаты таксама далучаюцца. Раней вось не было інтэрнэту – а ўсё роўна гулялі. Але неяк не гучала прапаноў узяць і забараніць усе ваенныя фільмы. Псіхолагі кажуць: пакуль вайна ёсць у жыцці дарослых – у яе будуць гуляць дзеці. Як у любой ролевай гульні, тут ёсць плюсы: развівае навыкі камунікацыі з аднагодкамі, загартоўвае фізічна, дапамагае пазбаўляцца ад агрэсіі і іншых негатыўных эмоцый. Зноў жа – такія гульні дапамагаюць расціць з хлопчыкаў патрыётаў, якія ў будучыні (калі не дай бог што) будуць абараняць Радзіму і родных ужо з сапраўднай зброяй у руках.
Дзе ж тут адбываецца збой? Чаму часам цалкам нармальныя дзіцячыя гульні перарастаюць у трагедыі, пра якія мы ўзгадалі спачатку? Канечне, інтэрнэт і ў цэлым рэаліі, у якіх растуць сённяшнія дзеці, робяць свой негатыўны ўклад. Але ў любым выпадку вінаваты дарослыя.
Якія не даглядзелі за сваімі дзецьмі. Не пацікавіліся, чым яны займаюцца ў вольны час. Не паказалі на сваім прыкладзе, што такое добра, а што такое дрэнна. Не спахапіліся, калі ўбачылі ў сваіх (і нават у чужых!) дзяцей небяспечныя інтарэсы. Не задумваючыся, прадалі падлеткам зброю (як у выпадку са стралком у Керчы). І гэтак далей і гэтак далей.
Карацей, дзеці толькі адлюстраванне - вінаваты дарослыя. А не інтэрнэт. І перакладваць адказнасць, на мой погляд, не вельмі сумленна.