
Журналіст – гэта прафесія або пакліканне, своеасаблівыя рысы характару? Невыпадкова задаўся я гэтым пытаннем сёння, калі адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Апошнім часам усё часцей чую алармісцкія прагнозы: хутка не патрэбны будуць ніякія журналісты, а газеты, часопісы, радыёстанцыі і тэлеканалы ўвогуле знікнуць! Чаму? Таму што ёсць інтэрнэт, там можна самастойна знайсці любыя навіны і любую інфармацыю, ды й ўвогуле кожны сам сабе журналіст.
Канечне, тэхналогіі крочылі далёка наперад – з гэтым не паспрачаешся. Я прыйшоў працаваць на радыё, здаецца, не так і даўно, у пачатку 2000-х. І пры гэтым застаў яшчэ часы, калі матэрыялы да эфіру мы рыхтавалі ўручную. Літаральна. Перапісвалі інтэрв'ю з героямі на магнітную стужку, а пасля слухалі яе на вялікім магнітафоне «МЭЗ» і нажніцамі выразалі патрэбныя нам фрагменты, склейваючы іх скотчам. І гора было, калі рэзануў лішнія 5-10 сантыметраў стужкі, а разам з імі і важнае слова, без якога логіка расказу губляецца – тады даводзілася ўсё перарабляць. Сёння, калі такі мантаж робіцца прасцей і нашмат хутчэй – з дапамогай камп'ютарных праграм – усё гэта можа падасца фантастыкай. Напэўна, калі б не рабіў сам, ніколі б не паверыў. А інтэрв'ю з героямі пры вялікай патрэбе (напрыклад, каб перадаць іх у радыёэфір як мага хутчэй) сёння можна запісваць на звычайны смартфон. Мы ж у свой час карысталіся вялікімі рэпарцёрамі японскай фірмы Marantz, яны важылі добрых 5-10 кілаграмаў.
Вы скажаце: дык гэта ж усё тэхнічныя падрабязнасці, якое дачыненне яны маюць да сутнасці журналісцкай прафесіі? А ў тым і справа, што аматары хутчэй пахаваць нашу прафесію спасылаюцца на развіццё тэхнічных магчымасцей: маўляў, сёння любы ўладальнік смартфона можа здымаць відэа і быць журналістам. Або адкрыць у інтэрнэце сваю онлайн-радыёстанцыю і круціць сабе любую музыку. І не трэба спецыяльна прафесію атрымліваць – дастаткова жадання і пэўных якасцей. Дык у чым жа розніца? Пакінем за дужкамі пытанне якасці матэрыялу такіх вось «радыёстанцый на каленцы» або «тэлежурналістаў» са смартфонамі, як і памеры аўдыторыі – тых, хто іх глядзіць і слухае. Розніца насамрэч ёсць.
Першае, што нас адрознівае – ступень даверу. Ёсць цікавае даследаванне кампаніі Pew Research Center пра перавагі амерыканцаў: летась разрыў паміж жыхарамі ЗША, якія атрымліваюць навіны ў інтэрнэце і па тэлевізары, склаў усяго 7% (43% - праз сусветнае павуцінне, 50% - праз тэлебачанне). Але пры гэтым толькі 5% апытаных заявілі, што давяраюць інфармацыі з сацыяльных сетак. Гэта нашмат ніжэй, чым узровень даверу да нацыянальных і мясцовых СМІ. Я не знайшоў адпаведных даследаванняў па Беларусі, але ўпэўнены: лічбы былі б яшчэ больш паказальныя, не на карысць «інтэрнэт-журналістыкі». Прычыны навідавоку – бясконцыя фэйкі, прыдуманая інфармацыя ў сацсетках і на некаторых сайтах прыводзяць карыстальнікаў да простай думкі: нічому нельга верыць. Між тым, адна з галоўных каштоўнасцей той, так бы мовіць, «старой» журналістыкі – менавіта дакладнасць інфармацыі, якая распаўсюджваецца.
Другое важнае адрозненне – ступень адказнасці. Мы, «традыцыйныя» журналісты, працуем у прававым полі, мы «звязаны» нормамі многіх законаў, і перш за ўсё – Закона «Аб СМІ». У выпадку з інтэрнэт-сайтамі вы часам не зможаце знайсці, хто ўвогуле іх аўтары і як з імі можна звязацца. Мы нясем адказнасць за тую інфармацыю, якую паведамляем сваім слухачам. А што журналіст-блогер? Добра, калі вы будзеце ведаць яго сапраўднае імя, а не мянушку ў сеціве. Наогул ён можа фізічна знаходзіцца ў іншай дзяржаве, на якую не распаўсюджваецца заканадаўства нашай краіны – і што з яго возьмеш? Зрэшты, пэўныя змяненні ў гэтай сферы абавязкова будуць, і ўжо хутка – з прыняццем новай рэдакцыі Закона «Аб СМІ».
Акрамя таго, вялікую ролю ў прафесіі журналіста адыгрывае паняцце «брэнд» - менавіта з яго дапамогай ствараецца і падтрымліваецца рэпутацыя аўтараў і цэлых калектываў. Так, брэнду «Беларускае радыё» - ужо больш за 92 гады, гэта для нас і вялікі гонар і вялікая адказнасць. Менавіта даверу да брэнду часта і не хапае новым медыя і блогерам-адзіночкам.
Карацей, эксперты сыходзяцца ў тым, што ніякія блогеры і іншыя «свабодныя аўтары» традыцыйную журналістыку не заб'юць. Дарэчы, было б няправільна і супрацьпастаўляць нас новым тэхналогіям – мы актыўна выкарыстоўваем іх у сваёй рабоце. Падумайце толькі, саму назву нашай праграмы – «Радыёблог» – яшчэ гадоў 10-15 таму наўрад ці хтосьці зразумеў бы! А сёння… Самыя цікавыя праекты Першага нацыянальнага канала вы можаце паслухаць не толькі ў эфіры, але і на нашым сайце, а таксама ў самых папулярных сацыяльных сетках. Хочаце не толькі паслухаць, але і паглядзець – калі ласка, шукайце відэа на нашым Youtube-канале.
Што да пытання, якое я задаў у самым пачатку… Думаю, што журналістыка ўсё ж больш пакліканне, чым прафесія. Калі ёсць жаданне падзяліцца інфармацыяй, паведаміць пра падзею, расказаць пра цікавага чалавека, кажучы гучнымі фразамі, адчуваць пульс жыцця і дзяліцца гэтым адчуваннем – такі чалавек дакладна журналіст. А ў век інфармацыйных тэхналогій у журналістаў з'яўляецца яшчэ адна важная функцыя – прапускаць праз сябе мора, акіян інфармацыі і прапаноўваць слухачам, гледачам і чытачам толькі тую маленькую частку, якая сапраўды заслугоўвае ўвагі і даверу.
А яшчэ мне блізкая такая думка: журналістыка існуе не таму, што ёсць журналісты. А таму што ў аўдыторыі ёсць запыт на пэўную інфармацыю, атрыманую пэўным чынам ад пэўных людзей. У гэтым сэнсе мы будзем працаваць да таго часу, пакуль вы будзеце нас слухаць, глядзець і чытаць.