Падзяліцца:
«Розгалас. Не маўчыце, калі бачыце злачынства!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
19 Чэрвеня 2018
«Розгалас. Не маўчыце, калі бачыце злачынства!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Апошнім часам, здаецца, усё часцей мы чуем у навінах пра затрыманне таго ці іншага чыноўніка або іншай адказнай асобы за карупцыю. Некаторыя выпадкі атрымліваюць незвычайны розгалас у грамадстве. Часам сваіх пасад пазбаўляюцца нават міністры – не за карупцыю, а за тое, што своечасова не разгледзелі схільнасць да хабарніцтва ў падначаленых, не прынялі мер. Кіраўніцтва краіны папярэдзіла, што ў бліжэйшы час стане вядома пра новыя гучныя справы. У кагосьці нават можа скласціся ўяўленне, што хабарнікі і прайдзісветы ледзь не паўсюдна. Канечне, гэта не так. Абсалютная большасць кіраўнікоў, чыноўнікаў – прыстойныя, сумленныя людзі. А тыя гісторыі, якія мы з вамі чуем у эфіры або чытаем на старонках СМІ, сведчаць толькі пра абсалютную адкрытасць улады ў гэтым пытанні: ніякія факты замоўчвацца не будуць. Недатыкальных няма. На жаль, толькі некаторыя (скажам шчыра, не вельмі разумныя) людзі не жадаюць вучыцца на памылках іншых. Лічаць, што яны нейкія асаблівыя і ў іх абавязкова атрымаецца. Не атрымліваецца. Пасля аднаго з такіх затрыманняў у інтэрнэце актыўна абмяркоўвалі прызнанні жонкі меркаванага карупцыянера. У жанчыны была свая логіка: «Ды не мог мой муж браць хабар! Я б заўважыла гэтыя лішнія грошы!». Некаторыя каментатары жартаўліва адзначалі: магчыма, проста ён траціў іх не на яе, вось і не заўважыла. Зрэшты, свядома не называю прозвішча гэтага чыноўніка, бо прысуду яшчэ няма – хто ведае, магчыма, і сапраўды нічога не было. Затое выпадкаў, калі жонка, муж, сябар, іншыя блізкія людзі ўсё цудоўна ведаюць – процьма. Так, адна мая знаёмая неяк расказвала пра свайго былога мужа, які перыядычна пытаўся ў яе: «Скажы, колькі грошай табе трэба на гэты тыдзень, столькі і прынясу». Так, гэта не былі дзяржаўныя грошы – ён займаўся продажам аўтамабільных запчастак на фірме і мог, кажучы проста, прадаць пэўную колькасць міма касы. Але якая розніца – крадзеж і ёсць крадзеж. І фраза «ён жа для сям'і стараўся» абсалютна не можа быць апраўданнем. Прыкра толькі, што ў вачах такіх дзяўчат фактычныя злачынцы выглядаюць ледзь не як сапраўдныя мужчыны-здабытчыкі. Альбо гісторыя з тымі, хто прадае наркотыкі. Памятаеце, гадоў пяць таму ў Беларусі была складаная сітуацыя з так званымі спайсамі і іншай сінтэтычнай гадасцю, якая асабліва актыўна распаўсюджвалася сярод падлеткаў. Былі і тыя, хто бачыў у гэтым магчымасць зарабіць хуткія і вялікія грошы. Вельмі вялікія. Прадстаўнікі праваахоўных органаў, з якімі я абмяркоўваў тэму, прызнаваліся: часам перамены ў жыцці такіх гандляроў былі заўважныя няўзброеным вокам. Малады чалавек, у якога і працы асаблівай няма, раптам пачынае мяняць аўтамабілі ледзь не кожныя паўгода, і адзін лепшы за другі. І гэта бачаць суседзі па пад'ездзе, знаёмыя на дачы. Натуральна, гэта бачаць блізкія такіх маладых людзей. Бачаць і… маўчаць. А ў некаторых выпадках не проста маўчаць, а сваім маўчаннем – толькі падахвочваюць. Замест таго, каб паспрабаваць выратаваць ад такой спакусы. Пагаварыць, прысароміць, запатрабаваць, калі трэба: спыніся, пакуль не позна! Лёгкія і злачынныя грошы шчасця не прынясуць. Праўда, каб такое сказаць, трэба спачатку гэта самому зразумець, інакш усё марна. Або яшчэ распаўсюджаная гісторыя, упэўнены, многім з вас знаёмая: ледзь на нагах чалавек стаіць, збіраецца за руль сядаць, а ніхто і слова не скажа. Лепшыя сябры, знаёмыя, муж або жонка (розныя сітуацыі бываюць) глядзяць і думаюць: «калі патэлефануем зараз у ДАІ – гэта ж, атрымліваецца, «настучым», будзем пасля як ворагі». А пра тое, што яны могуць жыццё выратаваць – не толькі самога п'янага аўтамабіліста, але і яго патэнцыйных ахвяр на дарозе, – амаль ніхто не думае. Часам нават самі сядаюць у машыну, пасажырамі. Дык хто пасля гэтага сапраўдны вораг: той, хто маўчыць, або той, хто гаворыць? А ўсяго і трэба, што сказаць чалавеку: спыніся, бо будзе бяда! Не садзіся за руль п'яным, не шукай злачынных грошай, не бяры хабар. Падумай пра тых, хто побач з табой. Бо пакаранне (а яно прыйдзе – раней ці пазней) абавязкова закране і іх.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: