
«Who wants to live forever» – хто хоча жыць вечна? – задаваўся ў свой час пытаннем гурт Queen. Асабіста я ўпершыню пачуў гэтую песню ў якасці саундтрэка да серыялу «Горац». Памятаю, яшчэ падлеткам не раз задумваўся над пытаннем, якім задаваўся галоўны герой Дункан Маклауд: жыць вечна – гэта дар або пакаранне? З аднаго боку, цікава было б, а з другога – калі ўсе твае сябры і блізкія натуральным чынам паміраюць, а ты ўсё жывеш і жывеш, праз стагоддзі… Задавальненне, як зараз модна казаць, «ну такое». Зрэшты, усе развагі былі абстрактныя. Жыць вечна – гэта ж нешта з фантастычных кніг і фільмаў, хіба не так? Можа, і не так.
Чарговы раз задумаўся пра гэта, пачуўшы днямі дзве навіны. Адна з іх атрымала дастаткова вялікі розгалас у медыяпрасторы. Стала вядома, што за стартап Neuralink фінансуе мільярдэр, інжынер і вынаходнік Ілан Маск. Аказваецца, размова пра ўжыўленне ў мозг гнуткіх нітак таўшчынёй з мікрон, сігнал з якіх можна счытваць бесправадным спосабам. Эксперты прыводзяць вельмі грубую аналогію – гэта як бесправадная зарадка для смартфона. Тысячы кропак, з якіх можна зняць сігнал. Навошта гэта рабіць? Тэарэтычна з дапамогай тэхналогіі паралізаваныя людзі змогуць кіраваць тэлефонамі і камп'ютарамі сілай сваёй думкі, мець зносіны з іншымі людзьмі амаль што як тэлепаты, а вучоныя рушаць наперад у вывучэнні хвароб Альцгеймера, Паркінсона і многіх іншых. А канчатковая мэта – сімбіёз чалавека і штучнага інтэлекту. Праўда, пакуль вопыты праводзяць на пацуках, а ў стартапа хапае праціўнікаў.
Другая навіна прыйшла з Каралеўскага тэхналагічнага ўніверсітэта Мельбурна. Вучоныя стварылі мікрачып, які імітуе біялагічныя функцыі галаўнога мозгу. Такая сістэма можа легчы ў аснову штучнага інтэлекту новага пакалення. Ён будзе развівацца і вучыцца, як сапраўдны чалавек, фарміруючы новыя ўспаміны і сціраючы непатрэбную інфармацыю (а вучоныя даўно ўжо даказалі, што наша памяць – як пластылін, з яе можна ляпіць якія заўгодна ўспаміны, – нават тое, чаго рэальна ніколі не было, – чым наш мозг паспяхова і займаецца).
Пры чым тут вечнае жыццё? – спытаеце вы. Проста гэтыя распрацоўкі прымушаюць зноў задумацца пра канцэпцыю «лічбавай неўміручасці», якая стала надзвычай папулярнай у апошняе дзесяцігоддзе. Калі будзе ўсё больш спосабаў счытвання інфармацыі пра дзейнасць нашага мозгу, калі яго чыста біялагічныя функцыі можна будзе паўтарыць з дапамогай тэхналогій, то чаму б аднойчы не стварыць лічбавую копію чалавека, якая будзе жыць нават пасля яго фізічнай смерці? Яна будзе паводзіць сябе, рэагаваць і думаць гэтаксама, як і прататып-чалавек. Такая лічбавая асоба, ну скажам, на флэшцы.
Я, канечне, свядома ўтрырую. Каб паўтарыць усе мільёны або мільярды розных сувязяў паміж нейронамі ў нашай галаве, спатрэбіцца такая флэшка, якую нават уявіць цяжка! І кожная з гэтых флэшак павінна быць хоць у чымсьці ўнікальная – мы ж усе розныя, пад капірку не наштампуеш. Зрэшты, усе абмежаванні «завязаны» на сённяшні ўзровень развіцця тэхналогій, а што там будзе заўтра, мы пакуль не ведаем.
Так ці інакш, а ідэя «лічбавай бессмяротнасці» мае шмат прыхільнікаў у свеце. На Захадзе сярод вядомых людзей, якія займаюцца гэтай канцэпцыяй, – адзін з галоўных інжынераў карпарацыі Google 71-гадовы Рэй Курцвейл. Ён прадказвае, што да 2045-га года людзі ў мільёны разоў павялічаць здольнасці свайго інтэлекту, таму што іх мозг будзе падключаны да вялікага электроннага мозгу на воблачных тэхналогіях. Можна было б пасмяяцца, але раней Курцвейл прадказаў, што камп'ютар абыграе чэмпіёна свету па шахматах і прадбачыў, што людзі змогуць аддаваць галасавыя каманды машынам.
У суседняй з намі краіне падобнымі ідэямі займаецца грамадскі рух «Расія 2045». Ён распрацаваў абагульнены план праекта стварэння штучнага цела чалавека (у некаторых публікацыях яго называюць «Праект «Аватар» – па аналогіі з фільмам Джэймса Кэмерана). У марах удзельнікаў руху – пераход ад нашага ўразлівага біялагічнага цела да цела з нанаробатаў, якое можа кіравацца сілай думкі. А, магчыма, нават да цела, што будзе складацца з часціц святла і нагадваць галаграму.
Думаеце, нейкія фантасты ў гэты рух сабраліся? Калі б так! Згодна з адкрытымі крыніцамі, там праз аднаго – дактары навук, кіраўнікі інстытутаў і лабараторый Расійскай акадэміі навук. Канечне, і ў іх хапае апанентаў. Многія кажуць: нават калі ўдасца ажыццявіць усе фантастычныя планы, вучоныя змогуць усяго толькі капіраваць чалавека, але яго асоба, яго «Я» застанецца з біялагічным целам. Яны не могуць існаваць незалежна, у выглядзе камп'ютарнай праграмы або яшчэ чаго. І такім чынам мара пра неўміручасць так і застанецца толькі марай.
Але я б не быў настолькі катэгарычным. Магчыма, справа ў тэрмінах – хто і што разумее пад паняццем «асоба»? Паглядзіце навокал: ці ўсе людзі, якія размаўляюць у інтэрнэце з ботамі, разумеюць, што па той бок экрана – камп'ютарная праграма, а не жывы чалавек? І гэта пакуль яшчэ тэхналогіі не вельмі развітыя. Што будзе, калі яны ўдасканаляцца, цудоўна паказана ў фільме «Яна», дзе мужчына закахаўся ў галасавога памочніка з жаночым вобразам у сваім смартфоне. Шчыра кажучы, я сам, калі глядзеў гэтую стужку, ужо недзе праз паўгадзіны падсвядома, на аўтамаце, суадносіў прыгожы голас з жывой дзяўчынай, а не з бяздушнай камп'ютарнай праграмай. А што будзе, калі такія тэхналогіі будуць з намі з раніцы да вечару? І будуць ведаць нас лепш, чым некаторыя нашы рэальныя сябры?
А з іншага боку, ці не хацелі б вы мець магчымасць размаўляць з вашым родным чалавекам або блізкім сябрам, які, на жаль, пакінуў наш свет – але працягваецца ў выглядзе нейкай камп'ютарнай праграмы? Той жа голас, тая ж манера размаўляць, тыя ж добра знаёмыя жарты ў адказ на вашы – але няма чалавека, якога можна абняць. Толькі флэшка, што міргае чырвоным. Такая магчымасць была б для вас дарам або пакараннем?
Думаю, што з адказам трэба вызначацца хутчэй, бо адпаведныя тэхналогіі ўжо ў нас на парозе.