Падзяліцца:
Розгалас. Невіртуальная трагедыя. Радыёблог Максіма Угляніцы (аудыё)
12 Кастрычніка 2016
Розгалас. Невіртуальная трагедыя. Радыёблог Максіма Угляніцы (аудыё) Вітаю вас! Нядаўняе трагiчнае здарэнне ў адным са сталiчных гандлёвых цэнтраў выклiкала вялiкi розгалас у грамадстве. Многiя задаюцца пытаннем - як магло адбыцца ў нас тое, што раней бачылi толькi ў кiно або ў тэлерэпартажах з Еўропы, ЗША цi нават Расii? Магчыма, гэта і ёсць адказ - свет стаў настолькi глабалiзаваным, што многiя рэчы (і дрэнныя, і добрыя) цяпер адбываюцца ў самых розных яго кутках. I ў гэтым сэнсе застрахавацца немагчыма. Асаблiва калі краiна з адкрытай інфармацыйнай прасторай, эканомiкай, культурай, з адкрытымi межамi. Але, пагадзiцеся, і такi адказ не задавальняе. У галаве не ўкладваецца - нейкi малец з бензапiлой і сякерай у руках ходзiць сярод белага дня па цэнтры сталiцы, спрабуючы забiць людзей! "Пасекчы", як гаворыць следства з ягоных жа слоў. Зрэшты, прадстаўнiкi Следчага камiтэта на некаторыя пытаннi ўжо далi адказы. На іншыя дадуць у блiжэйшы час. Калi будзе даказана, што ў падазраванага падлетка праблемы з псiхiкай, то тут застанецца толькi развесцi рукамi. Як справядлiва заўважаюць некаторыя каментатары, такое можа здарыцца ў любой краiне, незалежна ад узроўню развiцця медыцыны або якасцi работы праваахоўных структур. Прыгадайце хаця б адносна нядаўнюю гiсторыю з пiлотам нямецкай авiякампанii, якi ў момант забiў 150 чалавек, свядома пусцiўшы самалёт у гару. Я ўжо не кажу пра сумнавядомага нарвежца Брэйвiка або пра шматлiкiх амерыканскiх стралкоў (часта таксама падлеткаў). Навiны пра iх, на жаль, ужо амаль не шакiруюць. Проста раней гэта было там, далёка, а цяпер здарылася тут, блізка. Паўтару, у такой сiтуацыi саломкi не падкладзеш, бо немагчыма прадбачыць, дзе здарыцца ў наступны раз. Кожнага як на рэнтгене не прасвецiш, каб даведацца, што там у яго ўнутры - у прамым i пераносным сэнсе. Хаця пасля кожнай такой гiсторыі пытанняў застаецца шмат. Не выключэнне і мiнскае здарэнне - як прайшоў у гандлёвы цэнтр з бензапiлой? Дзе была ахова цэнтра, калi ўсё пачалося? Але на гэтыя пытаннi няхай следства адказы шукае. І калі знойдзе – прымае адпаведныя рашэнні. Здавалася б, на гэтым можна і кропку паставіць. Спісаць усё на хваробу. Або на бацькоў – не даглядзелі. Можа, і не даглядзелі. Але не наша з вамі справа такія вердыкты выносіць. Проста таму, што мы не ведаем усіх падрабязнасцей гэтай гісторыі, жыцця гэтай сям'і. У любым выпадку ў людзей трагедыя. Ды і ўвогуле, як кажуць, не судзіце. Але я задаюся іншым пытаннем – а ці ўсё мы, грамадства, робім, каб менш было такіх сітуацый (або падобных на іх)? Каб звесці іх магчымасць да мінімуму? Патлумачу. Любы злачынец, тэрарыст, зацяты наркаман – карацей, той, хто потым трапляе ў журналісцкія матэрыялы пад жудаснымі загалоўкамі, - ён жа не ў пустыні жыве. І не на бязлюдным востраве. А ў соцыуме. І планы свае звычайна не адзін дзень выношвае. І рыхтуецца часам на вачах у іншых. Аднак, праблема ў тым, што гэтыя іншыя глядзяць… і нічога не бачаць. Бо няма ні да чаго справы. Просты прыклад. Прыгадайце – а ці шмат сваіх суседзяў па доме вы асабіста ведаеце? Добра, тых, хто на адным з вамі паверсе – напэўна, пазнаяце. І вітаецеся. І, магчыма, некалькімі словамі перакідваецеся. А тых, хто на іншых паверхах? А ў іншых пад'ездах? Скажу за сябе – не ведаю амаль нікога. Многія твары пастаянна здаюцца новымі. З некаторымі кантакты абмяжоўваюцца дзяжурным «Прывітанне!». І не тое, каб усе хаваліся адзін ад аднаго, проста неяк няма інтарэсу. Можна яшчэ прыгадаць дзяжурную формулу «Ва ўсіх свае праблемы». Але я памятаю, калі было інакш. У маім дзяцінстве, а гэта гадоў 25-30 таму. Тады мы добра ведалі многіх сваіх суседзяў (а дом быў не маленькі – на 17 паверхаў!). Да некаторых заходзілі ў госці, хтосьці хадзіў да нас. Ведалі, хто чым жыве. І пэўныя праблемы былі агульнымі. Шмат рознага сёння кажуць пра савецкія часы. Але штосьці было ў гэтым – пастаянна ўцягваць савецкага чалавека ў калектыўныя справы. Цягнуць каго на завод, каго на розныя сходы, а каго і ў іншыя гурткі. Абы дома менш сядзеў. Зразумела, матывы для гэтага тады былі самыя розныя, але я зараз не пра гэта. А пра тое, што ў калектыве куды больш складана нейкія намеры выношваць і невядома да чаго рыхтавацца. Адразу ў людзей пытанні з'явяцца. Але сённяшняе грамадства ўсё больш імкнецца да індывідуальнасці. Не толькі наша – так у многіх краінах. У прыярытэце – асабістая прастора. І не лезьце, маўляў, у гэтую маю прастору. У Японіі нават спецыяльны тэрмін прыдумалі - «хікікаморы». Гэта людзі, якія адмаўляюцца ад сацыяльнага жыцця і часам імкнуцца да крайняй ступені ізаляцыі. Некаторыя гадамі не выходзяць са сваёй кватэры. І далёка не заўсёды гэта звязана з хваробай. Ведаеце, колькі такіх хікікаморы толькі ў Японіі? Па розных ацэнках, каля 700-сот тысяч чалавек! Канечне, ёсць пэўныя граніцы, і калі ў тваё асабістае жыццё лезуць, то гэта, мякка кажучы, раздражняе. Але ж у ідэале павінна быць залатая сярэдзіна! Вось і атрымліваецца – ходзім па адных вуліцах, а адзін аднаго не бачым. І толькі здзіўляемся потым – як жа ён мог такое нарабіць? А я лічу, пасля падобных трагічных выпадкаў кожны з нас павінен спытаць сябе: а ці ўсё я зрабіў, каб гэта прадухіліць? Нават калі быў далёка і ўвогуле – здаецца, не пры чым. Яшчэ адна тэма, якая ўжо надакучыла, шчыра кажучы. Колькасць насілля ў сучасных фільмах, у інтэрнэце і асабліва ў камп'ютарных гульнях. Днямі абмяркоўваў апошняе здарэнне са сваёй добрай знаёмай. Яе праца звязана з частым знаходжаннем у інтэрнэце. Дык вось яна мне піша: «пастаянна натыкаюся на ўсялякае насілле ў сетцы, хоць і блізка не шукаю нічога такога. Проста рэклама. Куды ні зайдзі – рэклама ад сеткавых гульняў, каб прыцягнуць увагу. А-ля «як забіць адным рухам». Канечне, дарослы адэкватны чалавек такое ўбачыць і міма пройдзе. А нават, калі і зацікавіцца, ніякага працягу не будзе. Канечне, забараніць гэтыя гульні або відэаролікі наўрад ці магчыма. Нават не таму, што адпаведныя кампаніі зарабляюць на іх вялізныя грошы. А проста таму, што любая забарона мае адваротны эфект. Забараніў – значыць, зрабіў дадатковую рэкламу. Але ж і проста назіраць з боку – не варыянт. Таму што размова пра атмасферу, якая ствараецца. Калі той жа падлетак пастаянна жыве ў атмасферы «дапоўненай рэальнасці», то межы рэальнасці сапраўды з часам могуць размывацца. Прыгадайце, што казалі некаторыя сведкі трагедыі ў гандлёвым цэнтры: “нам спачатку падалося, што гэта нейкае шоў, гульня”. Так што бацькам як мінімум не перашкодзіць лішні раз пацікавіцца – а ў якім свеце жывуць іх дзеці? Што глядзяць, у што гуляюць, з кім кантактуюць? Каб потым не было сюрпрызаў. І яшчэ што непрыемна ўразіла. Такое адчуванне, што некаторыя інтэрнет-каментатары таксама жывуць у псеўда-рэальнасці. Адны пачалі жартаваць з падазраванага, абсалютна не адчуваючы граніц, проста на мяжы фолу. Іншыя ў першыя гадзіны пасля трагедыі пісалі ў інтэрнэце настолькі дзікія чуткі, такую лухту распаўсюджвалі пад загалоўкамі “жах!”, што дзіву даешся. Людзі, вы з якой планеты? Гэта не трылер у камп’ютары, гэта рэальная трагедыя. Але тут, я думаю, тлумачэнне простае: здарэнне выклікала вялікую ўвагу грамадства. І некаторым проста захацелася атрымаць кавалачак гэтай увагі. Да сваёй асобы, да сваёй старонкі ў сацыяльных сетках. “Прымазацца”, так сказаць. Лёгкая, канечне, папулярнасць, але вельмі танная. Зрэшты, і некаторым інфармацыйным рэсурсам у інтэрнэце трэба быць больш абачлівымі і дбайна правяраць некаторыя «навіны», каб не публікаваць розную лухту. Зрэшты, ёсць вялікае пытанне – а ці трэба ўвогуле ў такіх сітуацыях падрабязна асвятляць трагедыі і іх наступствы? Ці не стане гэта мадэллю паводзін для іншых людзей? Меркаванні ў псіхолагаў, медыя-экспертаў тут самыя розныя. Але, думаю, гэта ўжо тэма для іншай падрабязнай размовы. А сёння яшчэ раз заклікаю вас да стрыманасці, да пільнасці і абачлівасці. І, як бы банальна ні гучалі гэтыя словы, беражыце сябе! Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: