Падзяліцца:
«Розгалас. Новыя лічбавыя правілы жыцця ў Еўропе і як гэта датычыцца нас». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
30 Мая 2018
«Розгалас. Новыя лічбавыя правілы жыцця ў Еўропе і як гэта датычыцца нас». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Нядаўна мне на Viber прыйшло паведамленне: у папулярнага мэсэнджэра ёсць нейкія змяненні ў палітыцы канфідэнцыйнасці, і лепш з імі азнаёміцца. Якраз у гэты момант я спрабаваў адправіць праз Viber важную для сябе інфармацыю, але працягваць работу, не прачытаўшы паведамленне, было немагчыма. Таму, крыху раздражнёны, я націснуў "прыняць", не чытаючы падрабязнасцей – каб хутчэй адчапіліся са сваімі змяненнямі і я змог завяршыць пачатае. Думаю, і многія з вас, хто карыстаецца гэтым мэсэнджэрам, бачылі такое папярэджанне. Аказваецца, гэта было рэха вялікіх змяненняў, якія адбыліся ў Еўропе, і якія ў апошнія дні атрымалі вялікі розгалас. Хтосьці піша пра "канец еўрапейскай фатаграфіі", іншыя прадракаюць пачатак новай лічбавай эпохі. А сутнасць вось у чым. У ЕС уступіў у сілу рэгламент абароны персанальных даных, скарочана GDPR. Цяпер інтэрнэт-карыстальнікі быццам бы атрымалі больш магчымасцей кантраляваць свае персанальныя даныя (узрост, пол, іншыя каардынаты ў глабальнай сетцы, па якіх іх можна знайсці). Дакумент аб'ёмны, ён улічвае самыя розныя напрамкі. Некаторыя СМІ найперш звярнулі ўвагу на такое новаўвядзенне: цяпер для таго, каб апублікаваць фотаздымкі трэціх асоб, патрэбная іх згода. Напрыклад, заўважыў жыхар той ці іншай еўрапейскай краіны ўласны твар ў фотагалерэі любога публічнага мерапрыемства (акрамя сяброўскіх вечарынак) у сацыяльных сетках або ў іншым месцы. Але яго не папярэджвалі, што будуць фатаграфаваць, або проста ён не жадае, каб такія фота публікавалі – і ўсё, здымкі павінны прыбраць. Песімісты кажуць, што ў выніку могуць знікнуць цэлыя жанры, як, напрыклад, вулічная фатаграфія – бо на такія здымкі часта трапляюць выпадковыя людзі, якія нават не падазраюць, што іх фатаграфуюць. І што, цяпер у кожнага прахожага пытацца дазволу? Або на канчатковым фота "размываць" іх твары (ёсць і такая рэкамендацыя)? Насамрэч пакуль не зусім зразумела, як гэтая норма будзе працаваць. Бо чыста тэарэтычна прэтэнзіі могуць выставіць да любога, скажам, беларускага турыста: зробіць ён фота дзе-небудзь на Карлавым мосце ў Празе, апублікуе іх, а пасля хтосьці знойдзе там сябе і ад гэтага яму стане дрэнна і пойдзе ён у суд. Думаю, толькі практыка засведчыць, як будзе выконвацца гэтае палажэнне, бо так і да маразму можна дайсці. А ўвогуле, як па мне, то дзіўна выступаць за нейкую прыватнасць у публічных месцах у наш век, калі ледзь не кожны наш крок прастрэльваецца відэакамерамі, а адсачыць месцазнаходжанне чалавека не ўяўляе ніякай праблемы. Многія яшчэ і дапамогуць добраахвотна, калі ўключаць GPS-навігацыю на сваім смартфоне або будуць "чэкініцца" у сацсетках, пакідаючы пазнакі – дзе яны былі і што рабілі. Якраз з гэтым звязаны больш важныя змяненні, якія адбыліся ў Еўрасаюзе 25-га мая. Цяпер інтэрнэт-гіганты вымушаны тлумачыць сваім карыстальнікам, як яны збіраюць звесткі пра іх, што гэта за звесткі і як яны выкарыстоўваюцца. Дарэчы, хоць рэгламент і датычыцца толькі жыхароў ЕС, але ў глабалізаваным інфармацыйным свеце цяжка правесці межы, таму пэўныя новыя правілы з'явіліся і для беларусаў. Напрыклад, цяпер мы можам у адпаведных раздзелах пачытаць і паглядзець, як за намі "шпіёняць" Google, Facebook або Instagram. Думаеце, шпіянаж – гэта гучна сказана? Ну мяркуйце самі. Facebook, напрыклад, прызнаўся, што збірае не толькі інфармацыю, якую вы загружаеце і праглядаеце, але і даныя пра тое, як вы гэта робіце, з якой рэакцыяй. Больш за тое, сацыяльная сетка Марка Цукерберга ведае, дзе вы бываеце. Дзе знаходзіцеся зараз, дзе жывяце, у якіх месцах любіце бавіць час і ў якой кампаніі... Ніхто не хавае, што адна з мэт такога сачэння – усё больш удасканальваць рэкламу, якую вы бачыце ў сетцы. Яна становіцца ўсё больш персаніфікаванай, звяртаецца канкрэтна да вас, ведае ўсе вашы перавагі і жыццёвыя інтарэсы. Зрэшты, сутнасць новага рэгламента якраз у тым, што спажыўцы могуць забараніць збіраць пэўныя даныя пра сябе або ўвогуле патрабаваць ад кампаніі выдаліць гэтыя звесткі з сервераў. Праўда, многія прафесійныя эксперты ўпэўнены: зусім не аб правах чалавека (лічбавых правах) клапоціцца Еўрасаюз! Хутчэй гэта спроба атрымаць вялікія грошы ад амерыканскіх манапалістаў – Google, Facebook і іншых. Калі так, то новае заканадаўства насамрэч яшчэ больш легалізуе права кампаній-гігантаў атрымліваць нашы персанальныя даныя. Яны проста паставяць вас перад выбарам: або пагаджайцеся з тым, што за вамі сочаць, або "да пабачэння!" Ну і які выбар зробіць большасць? Правільна – "няхай яно так і будзе". Бо цяжка вось так узяць і адмовіцца ад сваіх віртуальных "фрэндаў", ад звыклых лайкаў і каментарыяў. А значыць, мы яшчэ хутчэй будзем ісці да свету, дзе ўсе ведаюць адзін пра аднаго практычна ўсё, дзе мы жывём, як у празрыстым доме. Ёсць у гэтага мінусы (самыя небяспечныя – маніпуляцыі і нават злачынствы з выкарыстаннем нашых персанальных даных), але ёсць і плюсы, пра што пішуць некаторыя каментатары ў глабальнай сетцы. Усё наша жыццё, у тым ліку і мінулае, будзе ў своеасаблівым лічбавым архіве – за лічаныя секунды з яго можна будзе дастаць любую гісторыю. І будзьце ўпэўнены: калі спатрэбіцца – дастануць, прыпомняць, калі і што вы рабілі і казалі. Таму адным неасцярожным дзеяннем або словам можна будзе моцна сапсаваць сваю рэпутацыю. І адно толькі разуменне гэтага спыніць многіх людзей ад неабдуманых учынкаў. Зрэшты, да такой новай рэальнасці нам яшчэ трэба прызвычаіцца.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: