Падзяліцца:
"Розгалас. Няма куды схавацца, або яшчэ раз пра інфармацыйную бяспеку." Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
5 Лютага 2019
"Розгалас. Няма куды схавацца, або яшчэ раз пра інфармацыйную бяспеку." Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) А вы чулі пра новы флэшмоб (або як зараз любяць казаць, чэлендж), які ў апошнія некалькі тыдняў апанаваў сацыяльныя сеткі? #10yearchallenge – у перакладзе 10 гадоў чэлендж. Гэта калі раптам усе сталі выкладваць свае фота 10-цігадовай даўніны і прыгадваць: што было, як было, што змянілася за гэтае дзесяцігоддзе… Думаю, што чулі, таму што розгалас пайшоў вялікі – нават за межамі інтэрнэту. Зразумеў гэта, калі днямі ўбачыў на адным з расійскіх тэлеканалаў праграму, прысвечаную падзеям і людзям у 2009-ым. Здаецца, проста забаўка: сапраўды часам цікава паглядзець, хто як змяніўся за 10 гадоў. У кагосьці валасоў стала менш, а ў кагосьці маршчын больш. Хтосьці барадатым стаў, а іншыя з бландзінак у брунеткі перайшлі. Я спецыяльна для гэтага блога знайшоў фота, зробленыя практычна з адной кропкі ля магілёўскай Ратушы – праўда, розніца паміж імі не 10 гадоў, крыху менш. Дык што, проста забаўка? Ну ёсць і іншыя меркаванні. Так, раней амерыкана-брытанскі часопіс Wired апублікаваў калонку эксперта Кэці О'Ніл. На яе думку, цяперашні флэшмоб можа спатрэбіцца тым, хто распрацоўвае алгарытмы распазнавання асоб. Каб трэніраваць адпаведны алгарытм, патрэбна вялікая колькасць фатаграфій людзей. Пажадана яшчэ, каб гэтыя фота былі зробленыя з розніцай за фіксаваны перыяд часу, напрыклад, за 10 гадоў, адзначае О'Ніл. Каб нейрасетка навучалася распазнаваць змяненні, якія адбываюцца з чалавекам, фотаздымкі павінны быць выразна і ясна размечаны: «тады» і «цяпер». Хтосьці можа запярэчыць: дык у сацыяльных сетках і без таго безліч асабістых фатаграфій! Але ж не – для гэтых мэт, пра якія ідзе размова, у такіх фота занадта шмат лішняга «шуму»: людзі звычайна не публікуюць фатаграфіі ў храналагічным парадку, іх узрост на фота можа не супадаць з датай публікацыі, далёка не ўсе пазначаюць, калі фота зроблена. А тут такі выдатны флэш-моб! Большасць карыстальнікаў самі дадаюць патрэбны кантэкст, штосьці накшталт «я ў 2008-ым і я ў 2018-ым» плюс яшчэ і дадатковую інфармацыю - дзе і калі зроблена фатаграфія, піша О'Ніл. Карацей, гэта ўсё не проста так, - зрабіла выснову эксперт і абвінаваціла ў арганізацыі флэшмобу сацсетку Facebook. Дарэчы, там большасць такіх фота зараз і публікуецца. У сацыяльнай сетцы паспяшаліся абвергнуць усе абвінавачванні: маўляў, флэшмоб пачаўся без нашага ўдзелу, мы тут не пры чым. Людзі проста забаўляюцца на Facebook, і не больш за тое. Але сотні каментарыяў нават пад гэтым запісам паказваюць: многія карыстальнікі не давяраюць такім апраўданням. Праўда, большасць тэхнічных экспертаў, апытаных расійскім выданнем «Ведамасці», скептычна паставіліся да высноў, зробленых Кэці О'Ніл. Але не спяшайцеся супакойвацца: іх скепсіс не ад таго, што такога не можа быць – а ад таго, што апісаныя алгарытмы і так даўно працуюць, без усялякіх фэйсбукаў і флэшмобаў. Ёсць праграмы, якія ўжо выдатна вызначаюць узрост любога чалавека. Так, калі на ім будзе яркі макіяж або фота будзе дрэннай якасці, магчыма і памылка – аднак, гэта плюс-мінус некалькі гадоў, неістотна. Дрэнна вось яшчэ што: такіх матэрыялаў у духу «што яшчэ нам падкінуць гэтыя сацсеткі» з кожным днём усё больш. Зусім нядаўна брытанскае выданне Daily mail апублікавала даследаванне, якое само ж назвала «шакіруючым». Эксперты прааналізавалі мільёны запісаў у інтэрнэце амаль 14-ці тысяч карыстальнікаў Twitter і зрабілі выснову: сацыяльныя сеткі могуць атрымліваць неверагодную колькасць інфармацыі пра людзей, нават тых, каго ўвогуле няма ў сацсетках! Даследчыкі з Універсітэта Вермонта выявілі: платформам патрэбны доступ толькі да васьмі-дзевяці нашых аднаразовых кантактаў, і яны ўжо змогуць атрымаць інфармацыю і пра нас. А як вам такая выснова: разумныя алгарытмы могуць з дакладнасцю да 64% здагадацца - якое слова вы, верагодна, напішаце ў інтэрнэце наступным! Дакладней, гэта не здагадкі – гэта сухія матэматычныя падлікі, заснаваныя на тым, што вы і вашы сябры ў сацсетках пісалі зусім нядаўна. Вы скажаце: а мяне няма ў гэтых сацсетках! - ну і што? Тады працэнт прагнозу вашых паводзін крыху зніжаецца, але ўсё роўна не маленькі – 61%. Проста ў такім выпадку алгарытмы грунтуюцца на тым, што пішуць вашы сябры і знаёмыя, якія ў сацсетках ёсць. Палітычныя перавагі, самыя частыя пакупкі, любімыя серыялы – любая інфармацыя ў сетцы можа быць карыснай для вызначэння розных аспектаў жыцця чалавека. Не дзіўна, што загаловак гэтага матэрыялу ў Daily mail гучыць так: «Там няма куды схавацца». Іншая справа, што, магчыма, і не трэба нікуды хавацца. У сацыяльных сетак, інтэрнэта ў цэлым ёсць і шмат карыснага – чаму б гэтым не карыстацца? Проста пастаянна памятаць пра асабістую бяспеку – назавём яе інфармацыйнай бяспекай. Каб не здарылася, як нядаўна з адной дзяўчынай-блогерам, якая пастаянна расказвала і паказвала, дзе яна знаходзіцца і што робіць, амаль што ў рэжыме онлайн. І калі аднойчы пайшла ў салярый (пра што ўсім паведаміла), у яе скралі аўтамабіль. Аднак, апошнім часам усё больш важнай становіцца інфармацыйная бяспека не толькі асабістая, але і на ўзроўні цэлых краін. Нездарма напярэдадні Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што сёння гэтая тэма выходзіць на пярэдні план у функцыянаванні любой дзяржавы. Любая халодная ці тым больш гарачая вайна ў нашы дні не пачынаецца без інфармацыйнага ціску. І трэба ўмець яму процістаяць. Нават з чыста прафілактычнымі мэтамі. Канечне, гэта складана зрабіць, калі інтэрнэт-граматнасці не будзе вучыцца кожны з нас. А такія ўрокі лепш вывучаць на чужых памылках.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: