Падзяліцца:
«Розгалас. Пішыце пісьмы!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
8 Кастрычніка 2018
«Розгалас. Пішыце пісьмы!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Прыгадайце, а ці даўно вы атрымлівалі пісьмо? Або пісалі самі? Не, я не пра электронныя лісты, не пра кароткія паведамленні ў мэсэнджэрах, сацыяльных сетках або СМС – іх мы кожны дзень пішам дзясяткі, калі не сотні. Я пра тое самае пісьмо, што пішуць ад рукі, ну як раней, памятаеце? Чаму раптам пра гэта задумаўся – таму што заўтра адзначаюць Сусветны дзень пошты. І традыцыйна паралельна з ім ладзіцца Міжнародны тыдзень пісьма. Але асабіста я ў апошнія гадоў пятнаццаць, калі і атрымліваў па пошце лісты, то гэта былі «пісьмы шчасця» ДАІ і іншыя афіцыйныя дакументы з розных устаноў. Самі разумееце – ад такой пошты сэрца не замірае, калі падыходзіш да паштовай скрыні. У маім дзяцінстве ўсё было інакш. Мы атрымлівалі пісьмы ад родных з Украіны, Расіі, іншых тады яшчэ савецкіх, а хутка – постсавецкіх рэспублік. Прычым спачатку чыталі дарослыя, а потым давалі нам, дзецям. Звычайна асобныя старонкі, у якіх ішла размова пра тых людзей, якіх мы ведалі асабіста. Канечне, пісалі і самі ў адказ. Бывала, што і па той жа схеме: спачатку бацькі – сваю частку, а потым давалі нам, малым, «дапісаць». Пра што расказвалі? Канечне, праз столькі гадоў дэталей не памятаю, толькі агульныя моманты. Пра жыццё-быццё, хто нарадзіўся, хто памёр (на жаль, і такое здаралася). Як здароўе. Што колькі каштуе і чым жыве краіна – у пачатку 1990-х гэта было актуальна, калі людзі жылі і перапісваліся ў межах адной дзяржавы, а раптам сталі жыць у розных. Пісалі ў асноўным шмат, адной-дзвюма старонкамі не абыходзілася. Часам у ручцы заканчвалася чарніла, і тады пісьмо магло атрымацца рознакаляровым: спачатку сінім, а потым – чорным або чырвоным, што было пад рукой. Калі да працэсу дапускалі дзяцей, маглі і розныя малюнкі ў пісьме з'явіцца. Дарэчы, пра дзяцей. Памятаю, у нас са школьным сябрам нейкі час была такая забава – па вечарах кідаць адно аднаму ў паштовыя скрыні «пісьмы». Звычайна гэта была цыдулка з якім-небудзь малюнкам и некалькімі радкамі подпісу. Зразумела, ніякага практычнага сэнсу ў такім ліставанні не было – жылі мы ў суседніх дамах, і пры неабходнасці маглі заўсёды звязацца па тэлефоне (натуральна, не па мабільным). Хутчэй гэта быў проста элемент гульні ў дарослых. Сённяшнім дзецям такія навыкі могуць і не спатрэбіцца. У апошнія гады розныя выданні не раз пісалі пра дзіўнаватыя рашэнні ўлад некаторых краін. Так, у ЗША яшчэ восем гадоў таму ўвялі федэральныя нарматывы, якія рэкамендуюць вучыць пісанню толькі ў дзіцячым садку і першым класе. У многіх штатах гэтую рэкамендацыю ўлічылі, і дзеці з 6-ці гадоў там рукой не пішуць, а алфавіт вывучаюць на планшэтах. У Фінляндыі два гады таму ў школу пайшлі першыя дзеці, якіх не прымушаюць пісаць рукой. Дакладней іх вучаць пісаць літарамі, блізкімі да друкаваных. Гэта такія, якімі мы звычайна запаўняем розныя анкеты, каб было разборліва. Дарэчы, такімі ж літарамі пішуць і ў Вялікабрытаніі – чыстапісанне там заканчваецца ў першых класах, калі дзіця здае па ім залік. А колькі часу мы ў дзяцінстве правялі, схіліўшыся над спецыяльным сшыткам і выводзячы ўсе гэтыя завітушкі ў літарах «Д» і «Г», а таксама спрабуючы, каб літары не адрываліся адна ад адной! І пасля – як прысуд ад настаўніцы тым, хто недастаткова стараецца: «пішаш, як курыца лапай». Ведаю, што многім было сорамна. Цяпер, канечне, усё прасцей. Зрэшты, і ў суседняй Расіі ўсё больш актыўна ідуць размовы пра тое, каб адмовіцца ад чыстапісання. І гэта не толькі пра дзяцей. Ну, самі падумайце: зразумела, калі рукой піша наш калега, журналіст, той жа настаўнік або ўрач (хоць пра тое, як пішуць медыкі, безліч анекдотаў). А ці часта рэальна патрэбная ручка прадстаўнікам многіх іншых прафесій? Дзе і што яны будуць гэтай ручкай пісаць, калі навокал найноўшыя тэхналогіі? Нават у мэсэнджэры цяпер паведамленні можна не пісаць, а начытваць у мікрафон – а пасля слухаць, што табе на гэта адказаў суразмоўца. Ад рукі цяпер хіба што афіцыйныя бланкі запаўняюць, ды і тое не ўсюды. Дык што, прасцей стала? Зручней? Як сказаць. Многія вучоныя папярэджваюць: калі зусім адмовімся ад ручнога пісьма, будуць праблемы. Напрыклад, пагоршыцца маторыка і каардынацыя. А яшчэ, калі мы чытаем тэкст, напісаны ад рукі, задзейнічана больш участкаў мозгу, чым калі праглядаем друкаваны тэкст. І гэта не проста падазрэнні – не, навукоўцы гэтыя працэсы вывучалі ўздоўж і ўпоперак, з дапамогай апаратаў МРТ і ўльтрагукавога даследавання. Яшчэ адна іх выснова: чалавек, які піша не рукой, горш фармулюе свае думкі, у яго не такая багатая фантазія. Бо ў камп'ютары заўсёды можна нешта змяніць або ўвогуле сцерці і пачаць зноў. А ў лісце не так – ты адразу думаеш наперад, бо перапісаць не атрымаецца, хіба толькі закрэсліць. Але мне больш за ўсё падабаецца такі аргумент на карысць ручнога пісьма: почырк кожнага чалавека ўнікальны. Гэта даказаў амерыканскі вучоны Саргур Срахары, калі прааналізаваў, што і як пісалі паўтары тысячы чалавек. Ён сцвярджае: нават адну і тую ж літару два розныя чалавекі напішуць па-рознаму. Значыць, напісанае рукой – гэта абсалютны эксклюзіў! «З душой», як кажуць у народзе. Таму рабіце гэта часцей – запісвайце свае думкі, іншыя нататкі, падпісвайце паштоўкі. Пішыце пісьмы. У тым ліку і нам – на Чырвоную, 4!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: