
Заўтра мы па традыцыі адзначым Дзень працы. А ці ўсе вы памятаеце, адкуль пайшла тая традыцыя? Многія чамусьці ўпэўнены, што гэта савецкая спадчына. Абсалютна не так! Карані Першамаю – у канцы 19 стагоддзя, калі СССР не было нават у праекце. Больш за тое, пачалося ўсё ў ЗША: менавіта амерыканскія рабочыя ўчынілі масавую забастоўку з-за таго, што ім не жадалі ўстанавіць 8-гадзінны працоўны дзень.
Але не будзем сёння ўдавацца ў гэтыя гістарычныя падрабязнасці. Галоўнае, што і зараз Свята працы адзначаюць у дзясятках краін па ўсім свеце. Як прызнанне таго, што без працы (і без кожнага працоўнага) не можа быць развіцця любой краіны. У той жа Амерыцы ёсць агульнанацыянальны Дзень працы, праўда, адзначаецца ён у першы панядзелак верасня.
Безумоўна, філасофія гэтага свята мае на ўвазе не проста фізічную працу як такую (дрэва пасадзіць, траву пакасіць, цвік забіць), а працу як прафесію. Як усвядомлены выбар таго, чым у жыцці займаешся. Таму надыходзячы Першамай – добрая нагода ў чарговы раз паразважаць: што будзе з некаторымі прафесіямі ў недалёкай будучыні? Недахопу ў адпаведных прагнозах сёння няма, тым больш, жыццё ледзь не кожны дзень падкідвае новыя факты.
Так, нядаўна з'явілася інфармацыя пра першага робата-фатографа па імені Ева. Яна афіцыйна зняла сваё першае вяселле. Прычым Ева выкарыстоўвае тэхналогію распазнання асоб: яна спачатку можа пазнаць людзей, а пасля спытацца, ці жадаюць яны сфатаграфавацца. Цікава: звычайна ў спісах чалавечых прафесій, якім пагражае знікненне, нічога не пішуць пра вясельных фатографаў – а вось, аказваецца, і ім трэба пачынаць хвалявацца. Зрэшты, не ўсё так адназначна: Еву, канечне, не трэба карміць, магчыма, і грошай яна менш возьме і маладыя не будуць пасля некалькі месяцаў за ёй бегаць і выпрошваць зробленыя фота (кажуць, так бывае ледзь не з кожным другім жывым фатографам) – здымкі адразу ж раздрукуюць або загрузяць у сацыяльныя сеткі. Але ж і некаторыя функцыі фатографа давядзецца браць на сябе: напрыклад, выбіраць за робата варыянты здымкі і розныя эфекты. А фота на прыродзе? А такі дзіўны элемент вяселля, як «выкуп»? Паспрабуй той Еве растлумач, што там і як здымаць!
Я, канечне, свядома іранізую, і нават самі распрацоўшчыкі Евы падкрэсліваюць: гэта не будзе канкурэнт жывога вясельнага фатографа. Проста сэнс у тым, што пакуль пра «смерць прафесій» казаць заўчасна. І, на мой погляд, некаторыя калегі-журналісты свядома згушчаюць фарбы і падаюць гэтую тэму больш востра і скандальна, чым яна таго патрабуе. Як трапна заўважыў беларускі Прэзідэнт на нядаўняй сустрэчы з айцішнікамі, 3D-прынтар вам дзіця не надрукуе, гэта можа зрабіць толькі жанчына. Так і ў многіх іншых сферах: робаты або штучны інтэлект пакуль не заменяць чалавека з яго свядомасцю.
Узяць тое ж машыннае навучанне. Як кажуць спецыялісты, каб навучыць машыну, патрэбны велізарныя аб'ёмы даных. У тым жа распазнанні твараў выкарыстоўваюць мільёны і мільёны фотаздымкаў. У многіх іншых сферах такіх аб'ёмаў проста няма, і калі яшчэ яны з'явяцца. А трэба ж не толькі станоўчыя, але і адмоўныя прыклады разглядаць, каб папярэдзіць магчымасць памылак. Асабліва ў такіх адчувальных сферах, як, напрыклад, медыцына. Канечне, вельмі моцны пакуль і псіхалагічны фактар – ці гатовыя людзі даверыцца машыне? Карацей, да кардынальных змяненняў яшчэ шмат гадоў.
З іншага боку, ёсць прафесіі, якія цалкам рэальна заменяць (і ўжо замяняюць) разумныя машыны. Часцей за ўсё прыгадваюць аператараў так званых «кол-цэнтраў», якія адказваюць на званкі. Скажам шчыра, не самая цікавая работа, мала каму яна можа прынесці задавальненне. Вось няхай робаты яе і выконваюць!
Падчас апошняга Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе чарговы раз казалі пра замену робатамі сотняў мільёнаў працоўных месцаў. Сусветных лідараў заклікаюць задумацца – што ў сувязі з гэтым трэба змяняць у сістэме адукацыі. На форуме прадставілі даклад пад назвай «Прафесіі будучыні». Адна з высноў: глабальны рынак працы перажывае істотныя змяненні. Галоўная прычына - тэхналагічныя прарывы. Калі кіраваць гэтымі змяненнямі разумна, могуць з'явіцца новыя прафесіі і палепшыцца якасць жыцця для ўсіх. Калі кіраваць дрэнна – ёсць рызыка павялічыць няроўнасць.
Аўтары дакладу лічаць: у бліжэйшыя тры гады захаваецца высокі попыт на «кіраўнікоў і выканаўчых дырэктараў», «распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння», «аналітыкаў даных», «вучоных», «інжынераў», «выкладчыкаў ВНУ» і іншых. Яшчэ доўга будуць запатрабаваны прафесіі, дзе выкарыстоўваюцца выключна чалавечыя навыкі, - напрыклад, спецыялістаў па абслугоўванні кліентаў або людзей творчых прафесій. Менш актуальнымі становяцца прафесій бухгалтараў і клеркаў, сакратароў, фабрычных рабочых, касіраў і вадзіцеляў. Увогуле – любыя прафесіі, звязаныя з руціннай, найперш фізічнай работай. Але гэта і плюс, супакойваюць у дакладзе, - людзі змогуць засяродзіцца на вырашэнні больш складаных і творчых пытанняў, адначасова знізіцца рызыка памылак. А прафесій тэарэтычна стане больш. Як вам, напрыклад, такія варыянты: дыетолаг-генетык, які будзе складаць вам рацыён харчавання на аснове даных пра розныя сямейныя хваробы. Або медыяпаліцэйскі – ён будзе адсочваць, якія інтэрнет-выданні падманваюць, спрабуюць распаўсюдзіць розныя фэйкі, а якія кажуць праўду.
Галоўныя парады спецыялістаў на будучыню: засяродзіцца на прафесіях, якія падуладныя толькі чалавечаму розуму, і быць гатовым перавучвацца ўсё сваё жыццё. «Творчасць», «арыгінальнасць», «крытычнае мысленне» - вось такія навыкі будуць у фаворы ў працадаўцаў.
Насамрэч, як там яно будзе – ніхто на 100% не ведае. Але ў любым выпадку 1 мая, Дзень працы, - добрая нагода для таго, каб над гэтым задумацца.
Фота: Jack Alexander, fstoppers.com