Падзяліцца:
Розгалас. Першыя шышкі ў школе жыцця. Радыёблог Максіма Угляніцы
22 Жніўня 2017
Розгалас. Першыя шышкі ў школе жыцця. Радыёблог Максіма Угляніцы Шырокі розгалас у грамадстве атрымала нядаўняя прапанова віцэ-прэм'ера Васіля Жарко: падумаць пра магчымае вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў вучняў. Яшчэ раз: пра магчымае вяртанне. Намеснік прэм'ер-міністра не казаў аб канчаткова прынятым рашэнні, толькі на ўзроўні ідэі для абмеркавання. І яе сталі актыўна абмяркоўваць, у тым ліку ў сацыяльных сетках і на форумах у інтэрнэце. Асабіста ў мяне дакладнага адказу на пытанне «5 або 10 балаў?» няма, і, скажу шчыра, не хацеў бы сваім меркаваннем падмяняць пункт гледжання аўтарытэтных спецыялістаў, выкладчыкаў, якія ў гэтай сферы не адзін дзясятак гадоў працуюць. У маіх дзённіках, а пасля і студэнцкай залікоўцы былі пяцёркі, чацвёркі і рэдка тройкі, з 10-цібальнай сістэмай справы не меў. Аднак, сёння хацеў бы паразважаць пра іншае. У гэтых шматлікіх абмеркаваннях часам робяцца такія высновы: маўляў, вось раней была ў школах адукацыя! А цяпер… «загубілі ўсё». Дык што, сапраўды раней вучылі лепш? Я, канечне, за ўсю Адэсу сказаць не магу. Але магу прыгадаць свой школьны вопыт. Тым больш, ён у чымсьці паказальны: пачынаў вучыцца яшчэ ў савецкай школе, потым былі першыя гады незалежнай Беларусі, а апошнія класы прыйшліся практычна на канец 1990-ых. Зразумела, успамінаў тых – не на адзін радыёблог хопіць, таму прыгадаю толькі некаторыя яркія «карцінкі». А дакладней – некаторых з маіх настаўнікаў. Другі ці трэці клас, урокі спеваў. Як мы там спявалі, памяць не захавала. А вось адну фразу настаўніцы, якую яна часта паўтарала, запомніў на ўсё жыццё. «Гусі, гусі, га-га-га...». Ці трэба казаць, што мы нічога не разумелі, прычым тут гусі? Аднойчы яна растлумачыла сама. Аказалася, гусі – гэта двойкі, якія яна любіла ставіць у дзённікі. Лічыла, што ацэньвала вучняў па заслугах. Калі праз некалькі гадоў урокі спеваў да нас вярнуліся, іх вёў ужо іншы настаўнік. Хтосьці вучыў нас не толькі словам, але і справай. Так, у басейне, куды нас вадзілі ў першыя гады школы, адзін з інструктараў, сівы мужчына, проста браў доўгую драўляную палку і стукаў па галаве тых маіх аднакласнікаў, хто не жадаў плаваць, як паказваюць. А на ўроках працы іншы настаўнік – Леанід Майсеевіч – часам мог запусціць драўляную кіянку ў галаву тым хлопцам, хто занадта сваволіў. Урок атрымліваўся ў прамым сэнсе адчувальны. Матывацыя ў яго была такая: «лепш я сяду за тое, што сам зрабіў, чым мяне пасадзяць за тое, што не даглядзеў, як вы адзін аднаму шкоды нарабілі». Рацыя ў гэтых словах была – у кабінеце працы захоўвалася шмат небяспечных рэчаў, ад станкоў для апрацоўкі дрэва да металічных трубачак, якімі некаторыя з нас маглі біцца як тыя мушкецёры на шпагах. Зрэшты, у выніку ўсе засталіся цэлыя і здаровыя, а дысцыпліна на ўроках была на ўзроўні. І якраз Леанід Майсеевіч змог на адной мове, максімальна зразумела, паразмаўляць з маімі аднакласнікамі, якія вырашылі тады далучыцца да груповак, што займаліся ў тыя ліхія гады рэкетам у нас на раёне. Гэта было ўжо ў старэйшых класах, калі ў хлопцаў зрабіліся больш шырокімі плечы, яны пагалілі галовы і апранулі скураныя курткі. Дакладна не ведаю, але, здаецца, бандытам ніхто ў выніку не стаў. Прыгадваю і першую настаўніцу, якая «вяла» нас да пятага класа. Кажуць, часам першыя настаўніцы – амаль што як маці. Нешта падобнае было і ў нас. Але як і ў многіх сем'ях, былі любімыя і нелюбімыя дзеці. Першыя, як правіла, гэта тыя, хто добра сябе паводзіў, быў узорным вучнем (часам толькі знешне) і ва ўсім слухаўся «маму»-класную. Пра сябе памятаю: гэтая настаўніца лічыла, што я не ўмею маляваць, і ніколі вышэй за чацвёрку па прадмеце я не атрымліваў. Што б ні рабіў і як бы ні спрабаваў. Сітуацыя змянілася, як толькі мы перайшлі ў пяты клас і змяніўся настаўнік. Што да адзнак, то іншы наш настаўнік – па матэматыцы – любіў паўтараць: для мяне ёсць толькі дзве адзнакі, двойка і пяцёрка. Або ведаеш прадмет, або не ведаеш, трэцяга варыянту няма. Зрэшты, у нас гэты матэматык не пратрымаўся і году. А вось іншую настаўніцу па матэматыцы я б, напэўна, назваў ідэалам педагога. Вельмі жорсткая, але справядлівая. Часам саркастычная, а часам спагадлівая, сапраўды як маці. Гэта яна на ўсё жыццё адвучыла мяне казаць слова «з'яўляецца» (у фразах накшталт «Мінск з'яўляецца сталіцай Беларусі»). «Запомніце, дзеці, з'яўляецца – муж ноччу дамоў!» - вучыла яна. А ва ўсіх астатніх выпадках лепш сказаць «гэта» або ўвогуле паставіць працяжнік. А яшчэ яна заўсёды звярталася да кожнага з нас на «вы». Калі пасля канікул мы прыйшлі ў восьмы клас, то даведаліся: на жаль, нашай настаўніцы больш няма. Разам з ёй не стала і цікаўнасці да прадмету... Я мог бы прыгадаць яшчэ шмат гісторый. Але для сябе зрабіў дзве высновы. Па-першае, галоўны складнік добрай школьнай адукацыі – гэта настаўнік. Ад яго майстэрства залежыць, чаму навучыцца дзіця (і наадварот – калі майстэрства няма). Сапраўды класныя педагогі – штучны тавар, іх не выпусціш адразу дзясяткамі з педагагічных універсітэтаў. І так было ў любыя часы, у любых палітычных і эканамічных сістэмах. А па-другое, наша адукацыя шмат у чым залежыць ад нашых бацькоў і ад нас. Спачатку – што ўкладваюць нам бацькі, потым – што бяром мы самі. Школа – выдатны памочнік у гэтай справе, але не варта перакладваць на яе ўсю справу. Гэта проста першая прыступка ў школе жыцця. Выдатны механізм сацыялізацыі, дзе кожны з нас набівае сабе першыя шышкі (часам і ў прамым сэнсе).
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: