
Лічбавізацыя, штучны інтэлект, машыннае навучанне, вялікія даныя… Шмат розных паняццяў прыйшло ў наша жыццё з імклівым развіццём тэхналогій, і далёка не кожнае з іх да канца нам зразумела. Што і казаць, нават спецыялісты, якія гэтымі тэмамі займаюцца, часам шчыра прызнаюцца: падыходы пастаянна змяняюцца, сёння так – а заўтра гэтак, і складана штосьці прагназаваць. Карацей, гучыць прыгожа, а што гэта дае нам у звычайным жыцці, як гэта рукамі памацаць – невядома.
Насамрэч, калі спакойна паразважаць, прыгадаць, што было раней, і параўнаць з цяперашнім – змены самі кінуцца ў вочы. Напрыклад, нядаўна мне спатрэбілася таксі. Вырашыў прайсціся да адной з мінскіх вуліц, дзе раней заўсёды стаялі свабодныя машыны. І ўжо калі падыходзіў, раптам зразумеў: а хто ж цяпер таксі так выклікае? Ва ўсіх маіх знаёмых – адпаведныя мабільныя дадаткі на смартфонах. Там усё зручна: бачыш, хто да цябе прыедзе, на якой машыне, праз які час, наяўнымі можна не плаціць… Карацей, поўная лічбавізацыя! А змены ж адбыліся ўсяго за тры-чатыры гады.
Канечне, на той вуліцы, да якой я ішоў, машын з «шашачкамі» не аказалася. Потым стаў прыгадваць: дык і ў іншых звыклых месцах іх даўно няма. А які сэнс – калі большасць праз смартфоны заказваюць? Проста, калі не трэба, неяк пра гэта не задумваешся, праходзіш або праязджаеш міма. А жыццё ўжо змянілася.
Многія ўжо і ў магазіны не ходзяць – па інтэрнэце сабе прадукты або гатовыя стравы замаўляюць (іншая справа, што хадзіць – карысна для здароўя, але не пра тое зараз размова). Таксама лічбавізацыя! А памятаеце, калі толькі з'явіліся першыя радыётэлефоны, многія з нас любілі ставіць эксперымент – на якую адлегласць ад кватэры (ці нават ад пад'езда) можна адысці, каб сігнал яшчэ лавіў? Насамрэч не так і даўно гэта было – а наколькі ўсё змянілася!
Электронныя чэргі на пошце і ў банках (асобная падзяка таму, хто гэта прыдумаў). Тэлемедыцына, калі прафесар у Мінску можа кіраваць складанай аперацыяй у аддаленым райцэнтры. Мэсэнджэры, дзякуючы якім мы можам размаўляць са сваімі сябрамі, якія знаходзяцца на іншых кантынентах (прычым не толькі чуць іх, але і бачыць). І гэта ўсё – таксама новыя тэхналогіі, праявы лічбавізацыі, якія зрабілі наша жыццё больш цікавым і камфортным.
Я спецыяльна выбраў станоўчыя прыклады, бо ёсць адчуванне: апошнім часам шмат інфармацыі пра новыя тэхналогіі, якая хутчэй пужае, чым дае надзею. То робаты аб'явяць вайну чалавецтву, то штучны інтэлект завалодае светам, а мы таго і не заўважым, то смартфоны загоняць усіх нас у дэпрэсію. Не, я не гатовы даць руку на адсячэнне, што гэтага НЕ адбудзецца – усё можа быць. Але ж давайце на станоўчае звернем увагу, калі новыя тэхналогіі дапамагаюць нам у жыцці.
Напрыклад, мяне зацікавіла такая навіна. Вучоныя сцвярджаюць: нейратэхналогіі зараз – на парозе рэнесансу, звязанага з інтэрфейсамі мозга-машыны. Дзякуючы некаторым адкрыццям з'явіўся шанц вылечыць хваробу Альцгеймера і іншыя падобныя захворванні.
Каманда навукоўцаў Гарвардскага ўніверсітэта апублікавала работу пад назвай «Дакладная электронная медыцына». Адзін з членаў каманды, выкладчык Гарвардскай медыцынскай школы Шон Патэль заяўляе: «наступная мяжа – гэта зліццё чалавечага пазнання з машынамі».
Сёння навукоўцы могуць дакладна вызначыць вобласці чалавечага мозгу, дзе адбываецца прыняцце рашэнняў, навучанне і эмоцыі. Але ж паводзіны пэўных нейронаў усё яшчэ застаюцца тайнай. Калі мозг пачынае даваць збой з-за псіхічных захворванняў, такіх хвароб, як Паркінсон або Альцгеймер, або нават натуральнага старэння, у пацыентаў ёсць толькі два варыянты. Першы – лекі, але ў іх шмат пабочных эфектаў. Другі – электроды, імплантаваныя ў мозг. У іх цудоўныя вынікі, але занадта вялікі памер (прыкладна як аловак), і праз некалькі гадоў арганізм можа іх адвергнуць.
Прапанаваныя вучонымі біясумяшчальныя мікраэлектроды амаль не выклікаюць такой рэакцыі, да таго ж, дапамагаюць збіраць інфармацыю пра паводзіны пэўных нейронаў у мозгу. Спецыялісты спадзяюцца, што ў будучым гэта дазволіць лячыць любое неўралагічнае расстройства. Тэарэтычна такія электроды могуць забяспечыць павышаны кантроль над пратэзамі або нават паралізаванымі канечнасцямі.
Трэба сказаць, зараз адразу некалькі буйных тэхналагічных кампаній паралельна спрабуюць развіваць такія мозга-машынныя інтэрфейсы. Некаторыя, як кампанія Ілана Маска, плануюць даць паралізаваным пацыентам магчымасць працаваць на камп'ютары. У іншых больш глабальныя планы: Facebook жадае, каб людзі адпраўлялі тэкставыя паведамленні, толькі ўяўляючы словы ў сваіх думках.
Канечне, тэма асаблівая... Той жа доктар Патэль падчас сваіх даследаванняў бачыў, як адзін кароткі імпульс электрычнасці – не больш за 500 мілісекунд – можа кантраляваць здольнасць чалавека прымаць бяспечнае або імпульсіўнае рашэнне. Кароткая стымуляцыя мозга – і чалавек выбірае бяспечны варыянт паводзін. Пры гэтым сам нават не разумее, што адбылося – бо гэта за межамі чалавечага ўсведамлення.
Безумоўна, патрэбны пільны этычны кантроль. Хворым людзям такія тэхналогіі значна палепшаць якасць жыцця. А здаровым? Кампаніі, у якіх будуць адпаведныя рэгулятары, тэарэтычна змогуць атрымаць доступ да самых каштоўных нашых асабістых даных – да нашых думак. Пагадзіцеся, так сабе перспектыва...
Зноў жа, калі палепшаная з дапамогай тэхналогій памяць будзе прадавацца, хто атрымае найлепшы мозг? Ці не атрымаецца так, што больш багатыя людзі змогуць быць яшчэ і больш разумнымі? Але тут мы зноў трапляем на слізкую дарожку страшных фантазій і навін, якія пужаюць, а не даюць надзею. Давайце лепш думаць, колькім людзям новыя тэхналогіі змогуць дапамагчы.
Самі вучоныя жартуюць: яны сталі займацца гэтай тэмай, таму што іх памяць стала горшай. Маўляў, натуральны працэс з гадамі. А што, калі не натуральны? Што, калі гэта можна паправіць? Вельмі цікава будзе пачуць адказ на гэтае пытанне.