Падзяліцца:
Розгалас. «Последние известия». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
20 жніўня 2019
Розгалас. «Последние известия». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) У дзяцінстве я любіў ездзіць у госці да дзядулі з бабуляй - маю на ўвазе не на дачу (гэта само сабой), а ў іх гарадскую кватэру. Там час ад часу паўтараўся адзін эпізод. Мы глядзелі разам тэлевізар, пра штосьці размаўлялі (або я толькі слухаў размовы дарослых), а бліжэй да дзевяці вечара дзядуля казаў: «Так, цішэй! Зараз будуць «Последние известия». І далей уся ўвага была выпуску навін. «Последние известия» – так называлася перадача, якая выходзіла ў савецкія часы на Цэнтральным тэлебачанні і Усесаюзным радыё. Многія пасля па звычцы называлі так любыя інфармацыйныя праграмы. Наколькі я разумею, «апошнія» у гэтай назве значыла і апошнія на гэты час (тое, што адбылося нядаўна), і ўвогуле апошнія за дзень – калі выпуск навін быў вячэрнім. Так, маладыя не зразумеюць, і старэйшае пакаленне, напэўна, пакрысе забывае: калісьці навіны маглі быць апошнімі. Паглядзеў вечарам тэлевізар або радыё паслухаў – і ўсё, кладзіся спаць, да раніцы нічога новага ты не даведаешся! А адкуль? Газеты ноччу ў продажы не з'явяцца, усе выпускі навін толькі ў праграме заўтрашняга дня… Хіба што з сябрамі паразмаўляць. Але «што там вырашыла ААН наконт Гандураса», яны наўрад ці расказалі б, хіба толькі нейкія лакальныя навіны або ўвогуле штосьці бытавое. «Поўная ізаляцыя!» – усклікнуў бы той самы герой Яўгена Ляонава з кінафільма «Афоня». Але ж неяк жылі без гэтых навін і не хваляваліся – прыгадайце самі, не так даўно гэта было! Сёння, канечне, усё інакш. Ёсць інтэрнэт – ёсць навіны. У смартфоне, планшэце, на персанальным камп'ютары, у «разумнай калонцы»... Хочаш у тры гадзіны ночы даведацца, што там у свеце адбылося – калі ласка. Хочаш у 14:12, не чакаючы бліжэйшага выпуску навін у эфіры, – калі ласка. Ну канечне, калі інтэрнэту па нейкіх прычынах няма, – будзеш сачыць за эфірам, як раней. Карацей, у тыя часы аматары навін жылі па раскладзе радыё- і тэлеперадач, цяпер жывуць па ўласным раскладзе. Для нас, традыцыйных радыё- і тэлежурналістаў, гэта пэўны выклік, але насамрэч нічога смяротнага, ёсць нават плюсы ў такой сітуацыі. Сёння ў выразе «последние известия» чуецца нешта апакаліптычнае (калі браць той самы сэнс «апошнія, і іншых пакуль не будзе»). Як гэта апошнія? Навіны зараз ідуць патокам. Прачыталі апошнюю, а праз секунду з'явілася ўжо новая. Навіны, навіны, навіны… І ў гэтым насамрэч праблема. Вы яшчэ не стаміліся ад навін? Брытанскае выданне Gardian нядаўна апублікавала вялікі тэкст пад загалоўкам «Як навіны захапілі свет». Журналіст праводзіць цікавую аналогію: здаровы лад жыцця – гэта цудоўна. Але калі вы праводзіце ў спартзале дзясяткі гадзін за суткі – гэта ўжо праблема. Так і з навінамі. Калі вы не журналіст і не фінансавы аналітык, навошта вам кожныя паўгадзіны правяраць, што там дзе адбылося? Gardian спасылаецца на гісторыка Эндру Петгры, які лічыць: упершыню сур'ёзныя грошы на перадачы навін зарабіла група грамадзян з Італіі 16-га стагоддзя. У іх былі добрыя сувязі, і яны прадавалі рукапісны «брыфінг» невялікай групе багатых кліентаў. Знайсці навіны дзесьці яшчэ тады было складана, таму гэтыя кліенты атрымлівалі сапраўды залатую інфармацыю. Падобным чынам працавалі і кавярні Лондана 17-га стагоддзя, дзе звычайныя людзі маглі абмяркоўваць, напрыклад, палітыку. Трэба было толькі заплаціць невялікія грошы за ўваход – і ты атрымліваў доступ да людзей, якія «у курсе падзей». Таксама зразумела, за што плаціш. Але ўжо ў 19-м стагоддзі прадпрымальныя людзі (як, напрыклад, заснавальнік выдавецтва New York Sun Бенджамін Дэй) зразумелі: трэба прадаваць не інфармацыю – а ўвагу чытачоў. Гэта цяпер каштоўны тавар. Купіце паперу, нашпігуйце яе страшнымі гісторыямі, якія так падабаюцца многім людзям, а потым прадавайце свабодныя газетныя плошчы рэкламадаўцам, якія так прагнуць атрымаць доступ да ўвагі чытачоў. Чым не выдатная бізнес-мадэль? Усю наступную гісторыю сродкаў масавай інфармацыі (прынамсі, заходніх, у савецкіх усё ж была свая спецыфіка) можна разглядаць як пастаянны працэс павышэння эфектыўнасці ў справе заваявання ўвагі людзей. Ёсць у гэтай гісторыі і радыё, якое калісьці ўварвалася ў залы і на кухні і забрала ўвагу, што раней трацілі на чытанне і размовы. Апагеем, канечне, можна лічыць смартфон з устаноўленым на ім Твітэрам або Фэйсбукам. Калі і былі яшчэ рэшткі вашай увагі і свабоднага часу (у вагоне метро, у ванным пакоі, у спальні) – смартфон іх забраў. Ды яшчэ і даў ілюзію, што вы асабіста прымаеце нейкі ўдзел у стварэнні навін, калі каменціруеце, рэпосціце і гэтак далей. Не дзіўна, што многія расійскія медыяэксперты робяць выснову: інфармацыя больш не каштоўнасць. Яна была такой, калі людзі камунікавалі з хуткасцю паштовага каня. Тады інфармацыю прагна чакалі. Сёння яна сама лезе на нас з кожнай шчыліны. Не мы шукаем навіны – навіны палююць на нас, прычым з хуткасцю свету. І ў барацьбе за наш свабодны час (якога ўсё менш) усе сродкі добрыя: і падман, і пустая сенсацыя, і брудная бялізна, і скандальныя загалоўкі, і жудасныя падрабязнасці. «Мы пакажам вам усё!» – але чамусьці ўсё больш людзей ад убачанага ўпадаюць у дэпрэсію… Я прывёў бы такі вобраз: інфармацыя – гэта як чыстая вада, якой прагнеш напіцца. Раней вакол была пустыня з рэдкімі крыніцамі. Сёння – мора, акіян вакол нас. Здаецца, вады дастаткова, але ж піць яе нельга, можна атруціцца. Крыніцы таксама засталіся, але іх цяжка знайсці. На мой погляд, менавіта традыцыйныя медыя (радыё, тэлебачанне, прэса) могуць быць своеасаблівымі маякамі ў акіяне інфармацыі, якія падкажуць – дзе шукаць крыніцы чыстай вады. Бо яны правяраюць інфармацыю, адбіраюць толькі самае важнае, адказваюць (у тым ліку па законе) за тое, што гавораць і пішуць. Не становяцца раптам жоўтымі і скандальнымі, каб лепш прадаць рэкламадаўцам вашу ўвагу. Зрэшты, «за ўсю Адэсу» казаць не буду, але за Беларускае радыё гатовы паручыцца!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: